Запісаны верш заўсёды нагадваў Вырвічу злоўленага рукой матыля — нібыта тая ж істота, што кружляла над табою, захапляючы зіхатлівай прыгажосцю, але ж — змятыя крылцы, сцерты пылок, і жыцця няма… Але полацкі Фаўст настрога забараніў драгуну нішчыць плён натхнення, як у таго было ў звычаі, і спісаны аркуш пасля некаторага вагання аўтара адправіўся разам з іншымі ў патаемную кішэню камзола.
Вырвіча і ягонага былога слугу пасялілі ў розных пакоях — уласна кажучы, на другім паверсе дамка, дакладней, мансардзе, толькі і меліся гэтыя два пакойчыкі. Можна было расцэньваць гэта як асаблівую павагу, а можна — як спробу пазбавіць не да канца надзейных наймітаў магчымасці перагаворвацца і сачыць за іншымі насельнікамі дома.
За сцяной сціхла вячэрняя малітва, адчытаная Лёднікам… Гараджане загасілі агні. Напэўна, маладому драгуну належала соладка і моцна заснуць — адно з правілаў вайсковай навукі вучыла, што на вайне трэба любы зацішак, хвілю бяспекі выкарыстаць, каб паспаць, няважна, дзе ты знаходзішся, у мокрым акопе альбо ў захопленым варожым палацы. Але Пранціш памятаў і правіла навукі шпегаўскай: ніколі не паслабляць увагі, нават калі ўкладуць на мяккія пярыны пад анёльскія спевы. Таму і пачуў асцярожныя крокі па драўлянай лесвіцы і ціхі стук у дзверы Лёдніка. Доктар, які таксама не пагарджаў шпегаўскай навукай, дзверы адчыніў зараз жа.
— Вас чакаюць у пана Шрэдэра, вашамосць, — прагучаў голас Гроса. — Вазьміце з сабою ўсе лекі і інструменты.
Зразумела, і Пранціш зараз жа з’явіўся пры поўнай экіпіроўцы. Лёднік нават не спрабаваў не ўзяць яго з сабою.
Шрэдэр, трохі больш збляднелы, чым звычайна, сядзеў на ложку ў гасцёўні з зачыненымі аканіцамі і вялікай печчу, аблямаванай галандскай плінфай з сінімі дамкамі на белым фоне.
— Пан Лёднік, вы павінны зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб у бліжэйшыя некалькі гадзінаў я адчуваў сябе дужэйшым і пазбаўленым болю — мне спатрэбіцца рабіць фізічныя намаганні, хадзіць, згінацца… Ужывайце ўсё, што ведаеце — толькі каб не заімгліць свядомасць.
— Гэта небяспечна, — папярэдзіў Баўтрамеюс. — У вас слабое сэрца, і стымулятары яго надарвуць. Пасля вам станецца яшчэ горш.
— Няважна, — з усмешкай прамовіў стары. — Мне патрэбныя ўсяго некалькі гадзінаў.
— Вы разумееце, што просіце амаль неверагоднага? — змрочна ўдакладніў доктар. — Я не цудатворца. Ніякія лекі не падзейнічаюць імгненна. Нават для часовага першаснага эфекту…
— І ўсё-ткі паспрабуйце. Мы падрыхтавалі тое-сёе, што вам можа спатрэбіцца, — Зыгмунт Грос адчыніў шафу з чорнага дрэва, падобную да спавядальні, бо яе прыкрашалі выразаныя на дзверцах крыжы і чарапы.
На паліцах красаваліся шклянкі і шкляніцы з настоямі і парашкамі, букецікі сухіх зёлак і нават вялізны слоік з п’яўкамі, якія варушыліся ў каламутнай вадкасці, як грэшныя душы ў пекле. На століку побач з ложкам паблісквалі ўсе інструменты фармацэўта, ад найчуйных вагаў да драўлянай ступкі са срэбным таўкачом.
— Пачынайце, ваша мосць.
Лёднік перахрысціўся, прачытаў кароткую малітву святому Панцеляймону, зняў камзол, падвярнуў рукавы кашулі і скамандваў Вырвічу:
— Падай драконаву кроў…
І праца пачалася. Пранцішу аж зрабілася радасна — нібыта вярнуліся былыя часы, калі ён студэнтам Віленскай акадэміі дапамагаў Лёдніку ў лабараторыі, цярпліва тоўк зёлкі, змешваў рэчывы, ну і патрашыў трупы, хоць апошні занятак прыемных успамінаў не выклікаў…
Колькі за гадзіну лекаў Лёднік уліў у старога — Пранціш стаміўся лічыць. Абязбольваючае, стымулюючае, сардэчнае, крыветворнае… Некаторыя лекі Вырвіч пазнаць не мог — але, мяркуючы па фанатычнай фізіяноміі Лёдніка, той наўсур’ёз захапіўся «цікавым эксперыментам» і сачыняў нешта на хаду.
Стары трываў здзекі над сваім арганізмам стаічна, хаця яго кідала то ў гарачку, то ў холад. Твар ягоны паружавеў, вочы, цяпер першаснага шэрага колеру, заблішчэлі, як у ліхаманцы. Напрыканцы прафесар учыніў старому езуіту адмысловы масаж, уціраў у ягоныя суставы мазі, потым націскаў на асобныя кропкі на руках, на шыі, на галаве… Пан Шрэдэр трохі моршчыўся — відаць, было балюча… Але цярпеў. Бо лепей за іншых разумеў, па ўласных адчуваннях — тое, што зараз робіць Баўтрамей Лёднік, здольныя зрабіць адзінкі ў свеце… Калі б птушку каландзер з «Бестыярыя» Леанарда да Вінчы паднесці цяпер да Шрэдэра, яна б дакладна не адвярнулася, як робіць каля смяротна хворых.