Выбрать главу

Устаў, трымаючыся за сцяну, правёў рукой па спацелым ілбе.

— Ваш старэйшы сябар — сапраўдны геній. Думаю, што змагу дайсці да выхаду. Праўда, другой порцыі такіх цуда-лекаў я, бадай, не перажыву.

І пайшоў паціху, не выказваючы ніякага абурэння ўчынкам Зыгмунда Гроса, які яго яшчэ і настаўнікам назваў. Нічога сабе вучанічок!

Пранціш параўняўся са сваёй перакуленай каламажкай, хуценька паскідваў на яе падсвечнікі і талеркі і неўзабаве дагнаў Шрэдэра, які ішоў памалу, трымаючыся за сцяну. Наперадзе пачуліся галасы. Стары азірнуўся на Пранціша і прагаварыў:

— Не прымайце блізка да сэрца, вашамосць, з’явы, сэнсу якіх не разумееце. Я мог учыніць — і ўчыняў — такое ж, як Зыгмунд, калі мэта патрабавала ахвяраў. Але тут не павінна быць хібаў. А Зыгмунд схібіў. Паспяшаўся, — на твары старога з’явілася ўсмешка, але весялосці ў ёй было не больш, чым у выскале аголенага чэрапа.

Падобна, у пана Гроса з’явяцца праблемы…

Ды яшчэ хутчэй яны могуць з’явіцца ў Пранціша Вырвіча, калі пан Шрэдэр зараз яго выдасць.

Але езуіт прамаўчаў. Толькі скупа ўсміхнуўся пану Зыгмунту Гросу, які выказаў стрыманую радасць ад таго, што настаўнік па волі Божай акрыяў. А супраць тае волі не папрэш. У сваю чаргу пан Шрэдэр быццам забыўся, што вучань пакінуў яго паміраць, нібыта такі ўчынак быў сам сабой зразумелым. Засталося спадзявацца, што забіваць свайго настаўніка наўпрост пан Зыгмунд не мае права. Вырвіч падгледзеў, якімі спакойнымі ўсмешкамі і позіркамі абмяняліся езуіты, і ў чарговы раз падумаў: ну і кубло гадзючае… Што за людзі? Быццам звычайныя чалавечыя пачуцці для іх не існуюць.

Пранціш здаў каштоўны груз, дапамог перакладваць яго на калёсы, потым, калі прыехалі на двор, мусіў наладоўваць карэту золатам, як кумпяк — накрыпкай. Усё, вядома, туды не ўлезла, але цяпер іхні экіпаж быў здабычай, вартай караля.

У пакой удалося вярнуцца толькі пад раніцу, пакінуўшы ў катуху Базыля смярдзючыя апранахі — нямко па-ранейшаму салодка соп. Драгун паваліўся на ложак… Гэтак працаваць яму не даводзілася даўно. Ды што там — можа, і ніколі. Цягаў ды грузіў, як лонданскі докер. Пранціш прыпомніў лонданскую вандроўку і ўздыхнуў: тады побач была панна Багінская, і мелася надзея на яе каханне… А цяпер — карэта, напханая езуіцкім золатам… І перспектывы ператварыцца ў дзяржаўных злачынцаў. Ды калі і ўдасца ўсё выканаць гладка — ці не ўчыніць Грос з двума праваслаўнымі наймітамі так, як з панам Шрэдэрам? У імя вышэйшай мэты, без злосці і без спачування… Во патрапілі — як мышы ў дзёгаць…

Трэба распавесці ўсё Лёдніку… Але сіл устаць не было. Апошняе, што запомніў гэтай ноччу Вырвіч — далёкае скавытанне сабакі, нібыта папярэджанне наіўным: які б не быў доўгі ланцуг — ад гаспадара не ўцячэш.

Раздзел чацвёрты

ЯК ПРАНЦІШ ВЫРВІЧ ПАЗНАЁМІЎСЯ З ЕГІПЕЦКАЙ ПРЫНЦЭСАЙ

Калі табе ў Таро выпала карта Караля Кубкаў, гэта вельмі някепска: сустрэнеш добрага памочніка і дарадчыка, бо картачны кароль асушвае да дна кубак праблемаў і няшчасцяў, і сваіх, і чужых. У той час, як чалавек практычны цэліць сваю порцыю воцату і жоўці выплюхнуць цераз плячо ці крадма падліць бліжняму свайму.

Не, піць трэба венгерскае, райнвайн, мальвазію ці шампанскае віно, якое ўвайшло апошнім часам у моду ў Вялікім княстве. А калі не хапае ў сумленнага шляхціца грошай на сапраўдныя напоі — а дзяруць жа за іх, халера на тых гандляроў, як з авечкі на кажух, — то заўсёды маюцца рэцэпты самадзейных алхімікаў. У кожным ліцвінскім фальварку ўмеюць прыгатаваць мальвазію з гамбургскага піва, а шампанскае — з бярозавіку, цытрыны, цукру ды дрожжаў.

Праўда, у палацы, да якога пад’язджала карэта з патаемным грузам, шампанскае з бярозавіку дакладна не гатавалі. У гаспадароў хапала дукатаў на ўсё найлепшае. Мармуровыя Артэміды і Марсы бялелі ў восеньскім прыцемку ўздоўж прысадаў прывіднай ганаровай вартай, палац падаваўся ў цемры агромністым, як белая гара, а карэтаў перад урачыстымі прыступкамі панаехала, бы на элекцыйны сойм.

Але тут адбываўся не сойм і не сеймік, дзе сабраліся дзяліць булаву ваяводы альбо месца маршалка. Не размахваў ніхто ваяўніча шабляй, выкрыкваючы пагрозы ворагам, не касавурыліся адзін на аднаго надзьмутыя шляхцюкі, гуртуючыся вакол свайго патрона, не гучалі палкія прамовы… З карэтаў ціха выслізгвалі постаці захутаных у даміно і плашчы-капуцыны дам з кавалерамі, але лёкай не абвяшчаў імёны высокіх гасцей, адзін за адным прыезджыя моўчкі знікалі за дзвярыма…

Калі карэта, нашпігаваная езуіцкім золатам, падкаціла да палацу, Лёднік утаропіўся цяжкім позіркам у пана Гроса. Той ветліва ўсміхнуўся: