Выбрать главу

— Усяго толькі свецкая забава, пан доктар. Публічны эксперымент, вам будзе цікава. Проста пасядзіце разам з панам Вырвічам, паглядзіце прадстаўленне… Атрымаеце насалоду.

— Спадзяюся, не такую, як індычка на калядным балі? — з’едліва папытаўся былы алхімік.

Пан Шрэдэр, які ляжаў на сваіх падушках, крыва пасміхнуўся на гэтыя словы, Грос загаварыў нешта супакаяльна-ветлівае…

Але настрой Баўтрамея не палепшаў. Прафесар Віленскай акадэміі ўвогуле быў страшэнна злы, ледзь стрымліваўся, ажно ад таго часу, як Вырвіч распавёў яму пра свае начныя прыгоды. Вядома, напачатку доктар пераняўся, што падапечны мог загінуць, потым абурыўся, што сам патрапіў у сэрца чужой інтрыгі. Згарача заявіў, што трэба неадкладна вяртаць наймальнікам грошы і з’язджаць, бо нават у выпадку, калі золата вывезуць, цалкам магчыма, што ад сведкаў пазбавяцца самым банальным старажытным спосабам, прыпісаўшы свінцовую дыету ці крывепушчанне проста з пячонкі.

Пранціш быў гатовы пагадзіцца… Але разважылі, супакоіліся. У інтрызе іх усё роўна «засвяцілі», як маглі — паспрабуй пасля даводзіць, што нічога не ведалі, правозячы праз жаўнераў сваіх падазроных спадарожнікаў. Здаць Шрэдэра і Гроса ўладам альбо расейцам — супраць годнасці, да таго ж нажывуцца такія ворагі, што не толькі з Акадэміі — з Вільні ды ўсяго княства давядзецца ад помсты ўцякаць. А што будзе з пані Саламеяй ды Алесікам? Са студыёзусамі, якіх Баўтрамей Лёднік рыхтаваў да доктарскай прафесіі, цвічыў і ганяў бязлітасна, але нізавошта не пагадзіўся б, каб з-за яго займелі непрыемнасцяў?

Вельмі ўважліва Лёднік выслухаў і расповед пра залатую сагнутую паласу, якую Шрэдэр цалаваў. Доктар запатрабаваў, каб Пранціш дакладна ўспомніў, як выглядала, што за арнамент яе прыкрашаў. А калі Вырвіч накрэмзаў алоўкам нейкую загагуліну, якую запомніў, доктар схапіўся за галаву.

— Гэта руны, — абвесціў ён. — Такія могуць быць толькі на прадмеце, які належыць каралю. І лепей бы я памыляўся, але падаецца мне, што мы зноў маем справу з рэліквіяй, за якую моцныя гэтага свету могуць доўга і зацята грызці адно аднаму горлы.

— Ды што ж гэта такое? — здзівіўся Пранціш.

— Хто ведае… — змрочна сказаў Лёднік. — Можа быць і каралеўскі пояс, і кавалак рэлікварыя ці рызы ад іконы, ці нават карона.

— Дык не падобна ж ні кропачкі на карону!

— А ты ўяві, што залаты абруч памялі і пашкамуталі… — разважыў Баўтрамей.

— Дык… дык тады гэта карона Вітаўта! — ўзрадваўся Вырвіч.

Але доктар толькі паморшчыўся.

— Цяпер ніякай байкі пра даўніну не пачуеш, каб не згадваўся дзіўным чынам аднойдзены кавалак той скрадзенай Вітаўтавай кароны, і абрыдлі гэтыя гавэнды, як казка пра цара Дадона. Не, васпан. Руны, што ты бачыў — скандынаўскія. Гэта штука з поўначы, ад саксаў ці шатландцаў… У 1649 годзе, калі кромвелеўцы ангельскаму каралю галаву адсеклі, то ўсе кароны, знойдзеныя ў скарбніцы, пастанавілі паламаць і пашкамутаць. Тады любы валацуга мог займець каралеўскую рэліквію. Ат, што гадаць, як бабка на рэшаце, лепей нам пра тую рэч нічога не ведаць.

А яшчэ Лёднік змрочна заявіў, што хутчэй за ўсё ні ў які Гутаўскі кляштар езуіты ехаць і не збіраліся, проста калі шпегі данеслі Юдыцкаму пра планы Вырвіча, абвешчаныя ва ўсе карчомныя прасторы, гэта выкарысталі, каб вярней залучыць драгуна і прафесара ў найміты. Ад чаго Пранцішу сталася яшчэ паганей — каму прыемна ўсвядоміць, што яго падманулі, як хлапчыску.

Вось такі атрымаўся расклад Таро — у цяперашнім часе ўсе карты перакуленыя, а на той, што прадказвае будучыню, намаляваны пачэплены за нагу шыбенік. Нават малітва перад абразам маці Божай Менскай, пісаным апосталам Лукою, не прынесла палёгкі. Бо тут жа маліліся езуіты Грос і Шрэдар з такой багавейлівасцю, што ўспаміналіся старагрэцкія трагедыі і акцёры на катурнах.

А пасля — вось гэты візіт у палац пад Менскам, што дастаўся ў пасаг Вераніцы Радзівілаўне, дачцы гетмана-нябожчыка Казіміра Рыбанькі.

Усе прысутныя былі з закрытымі тварамі, як на маскарадзе. Прычым і Лёдніку з Пранцішам Грос выдаў яшчэ ў карэце чорныя аксамітныя маскі. Ціха — чуўся толькі ўсхваляваны шэпт. Змова? Закалот? Таемнае таварыства?

Толькі ў паўцёмнай зале з невялікай, ярка асветленай паходнямі сцэнай, дакладней, пляцоўкай, уладкаваўшыся на крэслы ў самым куце, Пранціш і Лёднік даведаліся, куды патрапілі. На пляцоўку выйшаў чалавек у белым камзоле, без маскі, але па ўсім відаць — не пан, так, паўпанак, прыслуга.

— Ад імя яснавяльможных гаспадароў вітаю высокае панства і выказваю падзяку за той гонар, які вашыя мосці ўчынілі гэтаму дому, уганараваўшы сваім наведваннем. Але сеанс белай магіі, які зараз прадэманструе ўсім вам вядомы магнетызёр і знаўца таемных навук граф Рудольфіюс Батыста, што завітаў у гэты маёнтак па дарозе ў Варшаву, павінен апраўдаць усе надзеі вашых мосцяў і ўзнагародзіць за дарожныя нягоды.