Выбрать главу

Жабрак жабраку відаць па кійку… Пранціш скасавурыўся на Лёдніка: вядома, у цемры ды пад маскай немагчыма было разгледзець доктарскія эмоцыі, але Вырвіч выразна ўяўляў, як прафесар крывіцца, і словы «яшчэ адзін шалбер», напэўна, самыя мяккія з тых, якімі прафесар у думках адорвае чарговага мага. Але самому Вырвічу было дужа цікава паглядзець на дзівосы — Лёднік, хоць тое-сёе ўмеў і сам, паказваць свае магчымасці адмаўляўся катэгарычна.

Слуга нізка пакланіўся — святло паходні афарбоўвала белую парчу ягонага камзолу ў крывавы колер — і абвесціў з некаторай дрыготкай у голасе:

— Ягамосць граф Рудольфіюс Батыста і ягоная жонка, графіня Серафіна Батыста!

Зараз жа па зале прайшоўся халодны павеў ветру, агні паходняў і свечак замігцелі, прыгнуліся, як бы ў жаху… І на сцэну выйшаў чалавек сярэдняга росту, гадоў за сорак, у чырвоным камзоле, расшытым чорнымі і срэбнымі змеямі, і ў цюрбане, на якім паблісквалі каштоўныя каменні. Рысы фанабэрыстага круглага твару былі хутчэй мяккія, чым суровыя, толькі куточкі роту пагардліва апушчаны, ды шырока расстаўленыя шэрыя вочы глядзелі непрыемна пранізліва. У прынцыпе, у абліччы чалавека не было нічога незвычайнага — такога можна было ўявіць на любой асамблеі, свецкай бяседзе, насупраць за ломберным столікам… Але нешта ўсё-ткі мелася ў рысах, што наводзіла на думку пра гадзюкаў, скарпіёнаў і тыя нябачныя позіркі, што мрояцца, калі заходзіш на гарышча ці ў цёмную камору. Чалавек нейкі час стаяў моўчкі, пільна ўглядаючыся ў залу, як палкаводзец з гары аглядае перад пачаткам вырашальнай бойкі войска праціўніка. Пранцішу нават прымсцілася на імгненне, што з вачэй мага выпраменьваюцца веерамі вясёлкавыя промні.

— У гэтай зале сабраліся смелыя людзі, якія не баяцца зазірнуць за тую завесу, за якой знаходзіцца недаступнае звычайнаму чалавечаму воку, — нарэшце, калі чаканне зрабілася амаль невыносным, прамовіў густым, заварожваючым голасам граф Батыста. — За апошнія тры тысячы дзвесце сорак адзін год я магу ўспомніць толькі некалькі дзесяткаў людзей, якія перанеслі такое знаёмства без аніякай шкоды для нерваў. І большасць з іх я сустрэў яшчэ ў той час, калі быў жрацом Тота ў Мемфісе і мяне звалі Атхесенпаамон. Калі хтосьці адчувае, што не вытрымае далучэння да таямніцаў, яму лепей зараз жа сысці.

Граф абвёў вачыма грамаду. Але ніхто не ўстаў з месца, толькі дамы пачалі мацней абмахвацца веерамі, так што ад павеваў зноў здрыгануўся агонь свечак і паходняў. Маг расцягнуў вусны ў злавеснай усмешцы:

— Ну што ж, я вас папярэдзіў. Тады зараз перад вамі пакажацца тая, каго вы ведаеце пад імем графіні Серафіны Батыста, а насамрэч мы з ёй пазнаёміліся тры тысячы гадоў таму, і была яна дачкой фараона, і насіла імя Семпенсентра, што азначае Тая, што размаўляе са змеямі.

У цемры загучала трывожная і пяшчотная мелодыя, якую нехта наігрываў на флейце. Але графіня не з’явілася, замест яе двое слуг асцярожна ўнеслі вялізнае люстра ў цяжкой бронзавай раме з выявамі пераплеценых змей і паставілі пасярод сцэны. Граф падыйшоў да яго — усе выразна бачылі ягонае адлюстраванне, прагаварыў нешта на незнаёмай мове, сыпануў у люстра нейкім парашком і зараз жа адскочыў. Шкло памутнела, быццам запацела, потым па ім пайшлі дробныя хвалі, як па вадзе, а потым паверхня перастала быць роўнай… Яе, як тканіну, нацягвала нешта знутры… Раптам мутная паверхня лопнула, як мыльны пухір. І пад віскат кабетаў з бронзавай рамы на сцэну выйшла егіпецкая прынцэса.

Што гэта прынцэса — пазнаў бы нават вясковы пастух. Таненькая, але высокая, з каралеўскай паставай, захутаная ў залацісты шоўк, які абліваў вытачаную фігурку. Галава ганарыста адкінутая, на чорных бліскучых валасах — простая дыядэма з адзіным камнем, які ззяў зялёным агнём. І вочы — светла-зялёныя, аж празрыстыя, і вялізныя — мусіць, ад таго, что падведзеныя чорным. Тонкія бровы, таксама падфарбаваныя, узляталі над імі не ганарліва, а журботна… Скура не смуглявая, а малочна-белая, аж свяцілася. Рысы твару тонкія, але носік зусім не такі, як на карцінках з выявамі фараонаў, самую трошачку прыўзняты, да яго вельмі пасавалі б пяшчотныя рабацінкі, хаця якія рабацінкі могуць быць у прынцэсаў? Яркія велікаватыя пульхныя вусны з цнатлівай, даверлівай складкай, як у дзіцяці. Але галоўнае — што гэтая прыгажосць была не лялечнай, а адухоўленай, здавалася, што без слоў пані расказвае трагічную гісторыю, якая не можа не кранаць… І рухі — гэтак плаўна, гэтак грацыёзна немагчыма рухацца, калі чалавек не вучыўся балету…