Выбрать главу

І тут Пранціш усвядоміў, каго яму нагадвае егіпецкая прыгажуня. Ну так, яна страшэнна падобная да прыгоннай актрысы Міхалішыўны са Слуцкага тэатру, які належаў Гераніму Радзівілу. Толькі ў той валасы былі не чорныя, а светла-русявыя. Пранціш з Лёднікам у палацы выдавалі сябе за немцаў, і Вырвіч гадзінамі сядзеў на рэпетыцыях, заварожаны плаўнымі рухамі Міхалішыўны, і як мог, перамігваўся з ёю… Праўда, калі наглядчык заўважаў, што актрыса скіроўвае ўвагу ў залу, ёй зараз жа даставалася палкай па руках і спіне. Такія ўжо былі парадкі ў палацы Радзівіла Жорсткага… У тэатр забіралі гвалтам дзяцей сялянаў і нават мяшчукоў, і дзеткі тыя ад суровай муштры хварэлі, паміралі… А тыя, што выжывалі, маглі таньчыць так, што знаўцы з Еўропы захапляліся.

Тады Пранціш доўга не мог змірыцца з тым, што прыгонная дзяўчына выглядае так высакародна… Бо яна ж закранула ягонае сэрца, а дама шляхціца павінна быць радавітай!

А цяпер ён не мог даць веры, што графіня Серафіна Батыста — і ёсць тая Міхалішыўна! Але чым больш углядаўся, тым здагадка мацнела.

Між тым пасярод сцэны паставілі стол, накрыты доўгім чорным аксамітным абрусам з вышытымі залатой біццю незразумелымі знакамі. На стале ўмацавалі вялізны крышталёвы шар.

Лёднік выразна хмыкнуў, абазнаны ў падобных штукарствах. Падобным шарам дурыў ангельскага доктара Дзі ягоны слуга, паказваючы духаў, у прыватнасці нейкага Урыеля, так што доктар урэшце страціў аўтарытэт, жонку і грошы. Пранціш гэта таксама выдатна ведаў, бо давялося пабываць у Ангельшчыне і змагацца за спадчыну таямнічага Дзі.

Але калі егіпецкая прынцэса з жывой змяёй на шыі замест маністаў заспявала над шарам высокім чыстым голасам, і пад яе рукамі змесціва сферы пачало ажываць, закружыўся туман, узніклі незразумелыя вобразы, Вырвічу стала весела і страшна, гэтак жа, як і ўсім у зале, і ён пастараўся не зважаць на хмыканні прафесара. А граф Батыста, ці як там яго… Атхе… Андхер…, тут жа тлумачыў, што менавіта сіньёра Серафіна з падказкі сваёй празорцы-змяі бачыць праз эфіры.

А бачыла яна шмат чаго: двор кітайскага імператара, вывяржэнне вулкана на востраве ў Ціхім акіяне, атрыманне адным з прысутных у зале, які загадаў на сваю будучыню, Ордэна Белага арла — пры гэтых словах усе мужчыны нецярпліва заварушыліся, але граф не ўдакладніў наконт асобы шчасліўчыка. А што вы хочаце — гэта ж эфіры, магнетызм, тут зямному воку да драбніцаў не разгледзець. А змеі ўвогуле ва ўзнагародах не разбіраюцца, ім ордэн менш цікавы, чым здохлая мыш.

Потым шар прыбралі, зайграла музыка, сумная, як лёс беднага драгуна, і жонка мага пачала таньчыць… У дасканалых рухах праглядаўся пракаветны Егіпет і царская ўладнасць… А, магчыма, муштра радзівілаўскага тэатру.

Былі і іншыя фокусы. Граф Батыста чытаў фразы на аркушах у запячатаных канвертах, ацаляў ад мігрэні і прастрэлу на адлегласці…

А потым настала самая цікавая частка — прынамсі, пра гэта можна было меркаваць па тым, як усе ўзбудзіліся, зашапталіся — ясна, што чакалі моманту. На сцэне на пакладзеных жалезных палосах усталявалі вялізную неглыбокую бляшаную скрыню — велічынёй з каралеўскі ложак. У яе акуратна засыпалі распаленыя вуголлі, разраўнялі жалезнымі граблямі так, што ўтварыўся кавалачак пекла. Чырвоны простакутнік выпраменьваў жар, як у лазні, некаторыя гледачы нават адсунуліся назад.

Сіньёра Серафіна ўселася на крэсла, хлопчык-мурын з прыслугі зараз жа апусціўся перад ёй на калені і зняў вышытыя перлінамі чаравічкі, абутыя на босую нагу.

— Папрашу ўсіх, хто жадае, упэўніцца, што прынцэса Семпенсентра не мае ніякай абароны ад агню для сваіх чароўных ножак, што яны не намазаныя адмысловай маззю.

Вырвіч пахаладнеў, зразумеўшы, што тут рыхтуецца. Але прынцэса трошкі-трошкі прыўзняла падол сваёй залацістай спадніцы, і ўсё з галавы вылецела. Гледачы ледзь крэслы не папераварочвалі, імкнучыся прысунуцца пабліжэй да спакуснага відовішча. Той-сёй сапраўды папёрся пакратаць прынцэсавы ножкі… Тая сядзела, як бы адбывалася ганебная працэдура не з ёю, светла-зялёныя вочы адсутныя, быццам прыгажуня ўглядалася ў вывяржэнне вулкана на далёкім востраве.

Вырвіча здзівіла, што Батыста дапускае, каб з ягонай жонкай гэтак вольна абыходзіліся, не падобна, каб той гэта прыемна, але мімаволі і драгуна пацягнула неадольная сіла да таненькай постаці ў крэсле… Толькі рука Лёдніка, што тузанула за крысо, вярнула да прытомнасці.