— Сядзі! — голас доктара трымцеў ад пагарды. — Не прыпадабняйся быдлу.
Гэта шляхціцы, якія сабраліся ў зале, для сына полацкага мяшчука — быдла? Але Пранціш не паспеў абурыцца — прынцэса ўзнялася і скінула залацістую спадніцу, застаўшыся ў зялёных шаўковых шальварах, што не даходзілі да шчыкалаці. А потым рашуча падыйшла да скрыні, напоўненай распаленымі вугалямі, і… ступіла на іх. Зала дружна выдыхнула… Пранціш ажно з месца ўскочыў — трэба ратаваць шалёную! Тут табе ніякая магія не дапаможа! А прынцэса затаньчыла. Дробна пераступаючы нагамі, яна нібыта плыла ў коле распаленых вуголляў, падымала рукі, быццам збіралася ўзляцець, выгінала стройны стан, з твару не сыходзіла лёгкая ўсмешка. Нават Лёднік прыўзняўся, каб лепей бачыць… А ўжо асабліва цікаўныя ледзь носам у скрыню не ткнуліся, наколькі дазваляў жар…
Флейта выводзіла сумную трывожную мелодыю, і здавалася, што гэта сапраўды ўладанне феяў.
— Яна ж пакалечыцца! — мармытаў Пранціш, але доктар не падахвоціў нікога ратаваць.
— Супакойся, драгун. Не танцорка тут ахвяра.
Нарэшце сіньёра Серафіна сышла са свойго пякельнага п’едэсталу, абапершыся на руку мужа, які дапамог ёй зноў усесціся ў крэсла і звярнуўся да публікі:
— Можаце ўпэўніцца, што агонь не нанёс прынцэсе ніякай шкоды, і на яе скуры няма і найменшых апёкаў.
Зноў госці павалілі да сцэны, цяпер нават дамы, як за дармовымі марцыпанамі. Не выседзеў і Пранціш, праігнараваўшы сычэнне Лёдніка. Драгун не насмеліўся даткнуцца да белай скуры кабеты, але разгледзеў пільна: сапраўды, сіньёра быццам хадзіла не па распаленых вуголлях, а па пухнатым кіліме. Змог і пабачыць аблічча пані бліжэй. Не класічная, велічная прыгажосць, як у Саламеі Лёднік, рысы няправільныя, але адухоўленыя, тонкія, і цяпер здаецца, нібыта ў іх сапраўды стома тысячагоддзяў, а на дне празрыстых русалчыных вачэй такая туга, якая ўжо даўно перастала асэнсоўвацца нечым залішнім, пакутным — так смала паступова ператвараецца ў бурштын, і, гледзячы на ззяючы каменьчык, немагчыма ўявіць, што ён калісьці быў ліпкай вадкасцю, якой сасна залечвала свае раны.
І ўсё-ткі гэтая прынцэса — Міхалішыўна!
Сеанс егіпецкай магіі закончыўся, і можна было толькі гадаць, колькі адваліў кожны з прысутных за права пасядзець у гэтай зале, зазірнуць у крышталёвы шар, які абяцае камусьці ордэн і паказвае Кітай, а галоўнае — каб паназіраць за танцам на агні вытанчанай прыгажуні і пакратаць яе ножкі…
Пранціш, вядома, здагадваўся, што зараз Лёднік падрабязна яму растлумачыць, як менавіта дурыць голавы даверлівай публіцы шалбер Рудольфіюс Батыста… Але няхай доктар перачакае са сваймі выкрываннямі. Бо сэрцу мілей цуд і казка, нават калі ведаеш іх ілюзорную прыроду. Вырвіч з-за гэтага не падзяліўся сваймі здагадкамі пра асобу скаральніцы агню.
Але Лёднік маўчаў — не сказаў чамусьці ні слова, пакуль іх не рассялілі па пакоях, дзе кожны змог пераапрануцца і вымыцца. Спачывальні Лёдніка і Пранціша аказаліся ў розных канцах калідора. Вырвіч сцягнуў абрыдлую аксамітную маску, што стала аж вільготнай, бухнуўся на ложак, засланы мядзвежай скурай, і, гледзячы ў столь, перакрэсленую чорнымі бэлькамі, яскрава ўявіў, як падхоплівае таненькую залацістую фігурку на рукі і нясе падалей ад згубнага агню, і прынцэса — ну чаму яна не можа сапраўды ёю быць? — пазірае трывожна-ласкава…
Пранцішавы мроі перабіў стук у дзверы — зайшоў слуга, каб правесці на вячэру. Маску зноў давялося надзяваць, хаця ў палацы зрабілася ціха, і за вокнамі больш не чулася грукату капытоў і колаў: госці раз’ехаліся гэтак жа таемна, як з’явіліся. Во цяпер павет будзе гудзець ад пагалосак… Такога напрыдумляюць урэшце, не адрозніш, што насамрэч на сеансе магіі было.
Праз нейкі час Вырвіч апынуўся ў маленькім пакоі з зачыненымі аканіцамі, дзе быў накрыты стол на шэсць персон. Пакой асвятляўся свечкамі ў бронзавых падсвечніках у выглядзе райскіх дрэваў, якія стаялі на стале, таму здавалася, што вакол сціскаецца кола няўтульнай цемры. Памяшканне, цалкам прыдатнае да таемных перамоў. Але саксонскі парцалянавы посуд пабліскваў вясёлкавай глазурай, цытрыны і апельсіны ў вазах свяціліся, як маленькія сонцы… Графін з віном, чырвоным, як пакаранне егіпецкае, таксама надаваў утульнасці. Лёднік і абодва езуіты, таксама ў масках, былі ў наяўнасці. Драгун усеўся каля былога слугі і пачаў гадаць, хто ж яшчэ сядзе з імі. Няўжо гаспадары маёнтка?