На званіцу стамлёна села варона, хрыпла выкрыкнуўшы сваё меркаванне пра гэты шэры свет і сумніўныя шансы выратавацца ў ім. Але ўдарыў звон, і чорная вястунка безнадзейнасці цяжка ўзмахнула крыламі і зляцела — каб вярнуцца. Бо вакол кожнага святога месца кружляюць тыя, хто стаміўся ад цемры, але баіцца святла.
Перамовы з ігуменняй узяў на сябе Лёднік, як старэйшы і самавіты. Але пані-матухна, падобная да скандынаўскай Кунігунды, якая перамагла ў збройным паядынку ўсіх жаніхоў, таму й засталося адно пайсці ў кляштар, да размоваў была не схільная. Яна паведаміла, што і сапраўды, у кляштары апынулася дзяўчына, якая назвалася напачатку князёўнай Багінскай. Паводзінаў нахабных, грэшніца акаянная. На шчасце, яе забралі сваякі, а болей лёсам дзеўкі ніхто ў кляштары не цікавіўся. Што за сваякі, дзе жывуць, ігумення не ведала.
Абодва госці, сыходзячы, адчувалі, быццам між лапатак кожнаму зараз уторкнецца дзіда.
Цяпер вароны абселі не толькі званіцы, але й крыжы манастырскага храма. З неба, глухога, як атынкаваны мур, сыпаў драбнюткі дождж. Пранціш спыніў унуранага Лёдніка.
— Чакай, хто ж начальства распытвае пра мясцовыя скандалы! Трэба якога простага чалавека знайсці…
— Так з табой манашкі і будуць гаварыць, — хмыкнуў Лёднік. — Ды такіх, як ты, на гарматны стрэл да сясцёр дабрадзейных не падпусцяць.
— Нашто нам манашкі, — няўважна прагаварыў Вырвіч, азіраючыся. — Тут жа не мангольскі стэп, нехта ж дровы коле, прыпасы прывозіць…
І праўда, каля гаспадарчых збудаванняў, такіх жа непрыглядных, як і ў звычайнай вясковай сядзібе, соўгаўся стары ў світцы і аблавушцы, як самотны груган. Толькі б не глухі і не нямко — бо менавіта такім і займаць месца прыслугі ў жаночым кляштары.
Але дзед аказаўся хоць і не зусім у здаровым розуме, вочы паглядалі ў розныя бакі, ды пагаварыць можна было. Асабліва пасля некалькіх манетаў, што перакачавалі ў кішэню выцертай, як папяровая аблігацыя скнары, світкі.
Ганульку стары памятаў. Аднойчы матухна ігумення абвясціла, што ў іхнім кляштары выявіўся спадман, і адна з паслушніц ёсць страшнай грэшніцай. Хаця тую паслушніцу ўсе любілі — ціхмяная такая, а вышывала як цудоўна, такімі ружамі ўпрыгожыла покрыў на абразе Маткі Боскай… А тут — змусілі небараку да пакаяння, крыжам ляжала ад раніцы да вечара, у сутарэнні садзілі… А яна і не скардзілася. Толькі плакала ды казала, быццам выконвала загад сваёй пані. Што ж там за пані такая, што кінула бедную прыслугу на расправу?
Дзед перажагнаўся і працягваў аповед. Невядома, ці доўга вытрымала б такога жыцця паслушніца, але ў кляштар прыехала багатая ўдава, якая жыве непадалёк. Пабачыла дзяўчыну, што на каменнай падлозе крыжам ляжыць ды ўжо ўся калоціцца ад ліхаманкі, папыталася, хто такая. Ну і высветлілася, што грэшніца — нейкая далёкая радзіна пані. І госця дзяўчыну забрала.
На шчасце, дзядок ведаў назву маёнтка — Ляшчыны, і накірунак, куды ехаць.
Часу было ажно да раніцы. Ледзь жывы, але трывушчы, як нарачанскі вугор, Шрэдэр з графам і графіняй спыніліся па суседстве, у чарговых надзейных людзей. Гутаўскі кляштар ім і сапраўды быў без патрэбы, так што казку пра паломніцтва хворага да святыняў пасля знікнення Гроса перасталі нават згадваць. Нараніцу Лёднік з Вырвічам мусілі выпраўляцца з кампаніяй да Лебы. Толькі тады, як Шрэдэра разам з золатам пагрузяць на карабель, найміты атрымаюць ліст, што місія выканана, і можна вяртацца ў спадзеве на спакойнае жыццё. Так, яшчэ колькі дзён — і вандроўка скончыцца, золата паплыве ў Італію, дзе цяпер знаходзіўся Караль Радзівіл, які гразіцца, што збярэ магутнае войска і вернецца вызваляць Айчыну, а пакуль дзівіць мясцовых жыхароў сармацкімі звычаямі. Пост у яго пачынаўся тым, што гасцям прапаноўвалі зняць накрыўку з нейкай стравы — і адтуль вылятала зграйка вераб’ёў. А кожны госць, сыйшоўшы з бяседы, знаходзіў у сваёй кішэні залатую манету.