Выбрать главу

— Цётачка, пан Вырвіч мяне не скрыўдзіць, — прагаварыла Макавецкая, пачырванеўшы.

І Гадлеўская, сурова зірнуўшы на Пранціша, дазволіла доктару праводзіць сябе ў спальны пакой дзеля кансультацыі.

Пранціш не ведаў, як паводзіцца ў новых варунках, але Ганна сама падыйшла да яго, нясмела ўсміхнулася.

— А я вось усё думала, як адбудзецца наша сустрэча. Я ж мала што ведаю… З размоў паны Паланэі толькі і пачула, што вы і пан Баўтрамей выпраўляецеся далёка за мора, у небяспечную вандроўку, і панна хоча ехаць з вамі. А куды, навошта — не гаварыла.

Пранціш, трошкі асмялеўшы, прыняў куртуазную паставу, грацыёзна схіліўшыся ў бок дамы.

— Панна Багінская сапраўды ездзіла з намі — ажно ў Ангельшчыну. І прыгодаў мы перажылі шмат… І збіралася яна вяртацца, але здарылася з ёю вялікае каханне — і яны з панам Гервасіем Агалінскім, нашым спадарожнікам, пашлюбаваліся і з’ехалі ў Амерыку насуперак волі найяснейшага брата панны Багінскай. Цяпер дзіця гадуюць.

Пранціш ледзь стрымаў уздых. Нялёгка вось так нязмушана распавядаць, як твая каханая знайшла шчасце з іншым. Асабліва таму, хто пасвечаны ў гісторыю тваіх заляцанняў. Шчокі Ганны трохі паружавелі, яна кінула на драгуна цікаўны пагляд.

— А як жа вы, пан Вырвіч? Вы ж…

— Я аддана служыў панне Багінскай, — Вырвіч пастараўся гаварыць як мага больш весела. — І рады, што яна шчаслівая. А я атрымаў дыплом Віленскай акадэміі, званне доктара навук філасофскіх, потым стаў падхаружым коннага рэгіменту вялікай булавы. Там і цяпер служу… Самотны, але вольны, як вецер.

Вочы панны радасна бліснулі пры звестцы, што Вырвіч болей не ёсць кавалерам какеткі Паланэі… І Пранціш зразумеў: няхай панна стала багатай нявестай, не роўня шарачку, няхай навучылася трымацца, як належыць радавітай даме, але сэрца яе ўсё яшчэ належыць беднаму драгуну…

Худаваты тварык Ганулькі падаваўся сумным, вочы цёмныя, вялікія, з доўгімі чорнымі вейкамі, яркія вусны маленькія, скура белая… «Ды яна ж прыгожанькая!» — нарэшце прыйшло ў галаву Вырвічу, бо натура чалавечая такая, што ў рысах багатай спадчынніцы заўсёды можна лёгка разгледзець прыгажосць, якая была надзейна схаваная ў абліччы сціплай прыслугі. Пранціш узяў кволую ручку панны, як азяблае птушаня.

— Давайце ж, як старыя сябры, раскажам адзін аднаму, што адбылося за гэтыя гады…

Што-што, а красамоўна расказваць Вырвіч умеў. І як яны з Лёднікам жылі на праклятым млыне, і як Пранціш сапраўднага цмока забіў, і як на караблі плылі, ледзь не патапіліся… Распавяла трохі і Ганулька. Найміт Багінскіх Герман Ватман прыязджаў у кляштар, прывёз з сабой пані Саламею. А потым захацеў пабачыць панну Багінскую, якая мусіла перад заручынамі замольваць у кляштары грахі — а пабачыў ейную камерыстку. Тады шум яшчэ не паднялі, Ватман дамовіўся з ігуменняй, і Ганульцы толькі забаранілі выходзіць з келлі. Але ішоў час, панна Багінская ўсё не з’яўлялася, і калі ігуменні паведамілі, што і не з’явіцца, і абяцанай шчодрай узнагароды за тое, што прымала пад яе імем іншую, не дачакацца — і пачаліся Ганульчыны пакуты…

Дым ад зёлак віўся ў паветры пакоя, нібыта таньчылі змейкі, падобныя ўплеценым у парык графіні Батысты. Лёднік кансультаваў гаспадыню Ляшчынаў, мусіць, цэлую гадзіну. Відаць, нагаварыліся пра ўсё — таму што на вячэры пані Гартэнзія паглядала на маладога госця больш прыхільна, а ўжо на доктара — як на даўняга сябра.

— Мне б толькі паспець выдаць маю дачушку замуж! — абвесціла пані, змусіўшы Ганульку пачырванець, а Пранціша адчуць у сэрцы балючы ўкол рэўнасці. — Засталося пажыць няшмат, доктар Лёднік пацвердзіць… А пакідаць Ганульку без абароны нельга. Яна ж не з тых бессаромніц, што носяць сукенкі, у якіх грудзі аголеныя, ды ўжываюць бялілы, чарнілы, чырванілы ды блакітнілы, даруй, Госпадзе. Я ўжо і сватала ёй добрых людзей… З адным ледзь не зладзілася. Пан Ладыслаў, сын суседа, адзіны ў бацькоў, і гожы, як Апалон, і паводзінаў самых прыстойных, пачцівы, ціхмяны, слова рэзкага не скажа. Але, вядома, выбіраць будзе Ганулька. Бо ў дзяўчыны могуць быць свае сардэчныя схільнасці…

Пані кінула шматзначны позірк на Пранціша, так, што той ледзь не задушыўся кавалкам качаціны з імбірнай падлівай. Няўжо ў яго, загоннага шляхцюка з Падняводдзя, ёсць шанец?

Лёднік зараз жа ўкінуў свае тры шэлегі ў скарбонку.