Выбрать главу

— Сёння рэдка сярод маладых людзей сустрэнеш чалавека добрага і сумленнага. Я вось ужо колькі гадоў ведаю пана падхаружага Вырвіча — і не расчараваўся ў ім. Род у пана знакаміты — Вырвічы з Падняводдзя гербу Гіпацэнтаўр, ад самога Палямона. Гонар свой пан абараняць умее. Чалавек надзейны, верны. Бо столькі спакусаў у гэтым свеце, і толькі моцны духам, добры хрысціянін іх адпрэчыць.

Пранціш вушам не верыў. Лёднік што, яго сватае? Заўсёды насмешнічаў над абагаўленнем радаводаў і пошукам міфічных продкаў, а тут сам пра Палямона завёў. Цноты Вырвіча ўхваляе, якога ў студэнцкія часы колькі разоў у карцэр садзіў за пракуды.

Ганулька чырванела і пільна разглядала небагатае змесціва сваёй талеркі. Пані Гартэнзія ўздыхнула.

— Сапсаваўся свет, праўду кажа ваша мосць. На змену залатому веку надыйшоў жалезны. Нават святое права ліберум вета абмяжоўваюць! Мой муж-нябожчык, хай яму на тым свеце шчасна будзе, быў узорам сармацкіх цнотаў. Ён служыў у судзе, пачаў з падсудка, потым стаў суддзёю, нястомнай працай і справядлівасцю заслужыў пашану, а рупнасцю памножыў багацце. Ажаніўся ён у сорак гадоў, а да гэтага з белагаловымі і не размаўляў. Нават мяне да шлюбу толькі два разы кароткі час бачыў, побач з маімі бацькамі. І такога чалавека аднойчы ў бездань ледзь не заманілі.

Пані перажагналася, завёўшы вочы ўгору, нібыта са столі на яе паглядаў нябожчык-муж, пацверджваючы кожнае прачулае слова.

— З’явіўся ў магістраце саслужывец, распусны малады чалавек, нічога святога. І вось папрасіў ён майго будучага мужа і ягонага сябра, такога ж годнага і цнатлівага чалавека, памагчы беднай удаве з двума дочкамі, якія прыехалі ў Гародню, каб вырашыць складаную справу пра спадчыну. А калі муж з сябрам, поўныя дабрачынных намераў, прыйшлі да тых кабетаў, аказалася, гэта жанчыны непачцівыя, гасцей апаілі нейкай дрэнню… Прачнуўся мой бедны Нічыпор уранку без кашалька, у пустым доме на ўскрайку места, ды яшчэ з адчуваннем ганьбы… Той паскуднік, які іх заманіў у логвішча граху, бо зайздросціў іхняй чысціні, знік разам з грэшніцамі, якім — мой муж абавязкова б дабіўся — адрэзалі бы паводле Статута вушы і насы на рынкавым пляцы. І вось прыйшоў Нічыпор з сябрам у магістрат… І такі жаль на іх напаў, так мучыла пакута, што давай яны плакаць ды маліцца, кленчачы… А тады сябар і кажа: «Мусім мы сплаціць за свой грэх. Давай, браце Нічыпор, вазьмі бізун і адмер мне пяцьдзесят удараў, не шкадуючы». Што мой муж і зрабіў, а потым і сам лёг, каб тое ж пакаранне атрымаць. Тады лягчэй абаім на душы сталася. Вось так даўней сармацкія звычаі захоўвалі!

Пані аж расчулілася ад аповеду, выцерла насоўкай слёзы. А Пранціш падчас ейнай павучальнай гісторыі ледзь стрымліваўся, каб не зарагатаць. Вось жа святошы тыя юрысты! З прыгожымі паненкамі ў адным пакоі пабылі, і потым ад жаху абрыдаліся, ды яшчэ адзін аднаго адсцябалі. А можа, нябожчык Нічыпор усё-ткі не ўсе падрабязнасці жоначцы расказаў, ці моцна прыкрасіў аповед? Але Вырвіч пастараўся надаць сабе самы прыстойны выраз — асабліва пад пагрозным паглядам Лёдніка, які выдатна памятаў сумніўныя подзьвігі Пранціша на куртуазным полі.

Каштоўнасці Багінскай вырашана было ўсё-ткі ахвяраваць на кляштар, толькі не той, дзе пакутвала камерыстка княжны… А пані Гартэнзія была гатовая заручыны аб’яўляць — бо Ганулька, па ўсім відно, не стала б пярэчыць, а гэта для яе прыёмнай маці ўсё вызначала, няхай жаніх не багаты. Мусіць, не раз расказвала шчырая і даверлівая дзяўчына пані пра сваё нешчаслівае каханне, дык чаму не завяршыць яго шчаслівым шлюбам?

Але Лёднік нагадаў, што ў іх з панам Пранцішам Вырвічам вельмі важная справа, вось вырашаць яе — і абавязкова вернуцца ў Ляшчыны, а пакуль маладыя няхай правераць пачуцці, адноўленыя пасля доўгага расстання.

Вырвіч быў вельмі рады такому павароту, бо за некалькі гадзінаў стаць заручоным чалавекам — гэта неяк занадта. Хаця ручку панне Макавецкай пацалаваў з усёй жарсцю драгунскай душы. І панна шапнула, што будзе чакаць.

Калі яны, пакінуўшы гасцінныя Ляшчыны, скакалі праз вечаровы прыцемак, наетыя, але не надта напітыя — віно на стале стаяла, але які ж разумны жаніх пакажа, што неслабы піток, Лёднік сказаў адно:

— Не будзь дурнем, Вырвіч, не ўпускай такі шанец. Дзяўчына прыгожая, сціплая, кахае цябе так, што нават не папракнула. І багатая настолькі, што кінеш ты спакойна вайсковую службу і будзеш пад бокам прыгожай жоначкі вершы пісаць і дзецям пра ўласныя авантуры распавядаць. Пані Гартэнзія больш за два гады, на жаль, не працягне. Станеш гаспадаром. І тое, што ты праваслаўны, а Ганулька ўніятка, не перашкода, бацькі ў дзяўчыны праваслаўныя былі, зацятасці ні ў цёткі, ні ў пляменніцы ніякай няма, з Божай дапамогай усё наладзіцца. Фартуна табе ўсміхнулася, пан Вырвіч!