Выбрать главу

Строгія погляды Шрэдэра на пана Рыся ўплыву не мелі. Ён, асабліва падагрэты мальвазіяй, лічыў, што знаходзіцца ў кампаніі адзінадумцаў, і не збіраўся нічога ўтойваць.

— А хто больш годны? Князь Міхал Багінскі, які пра тую карону марыў, з Цялком сябруе, і кажуць, завёў сабе каханку-мужычку, за сэрца якой яны з Панятоўскім зараз змагаюцца. О то ж высакародныя асобы! Аляксандр Сапега прыняў булаву вялікага гетмана — і радуецца, як дзіця цацку атрымала. Толькі пан Караль — сапраўдны шляхціц, захавальнік сармацкіх традыцый! Памятаю, як у юнацтве апынуліся мы з ім за адным сталом. Я — сын слуцкага арганісты, ён — сын князя. І пан Караль сказаў, што мне пасуе не шляхецкая шапка, а дактарантка, якія арганісты носяць. А я выклікаў яго на двубой, бо і я шляхціц такі ж, як ён! Пабіліся добра… І мне пашана толькі ад пана Караля была — за смеласць. А пасля, калі памёр ягоны дзядзька, пан Геранім Радзівіл, які мной апекаваўся, пан Караль узяў мяне да сябе, і прыняў у альбанскую банду. І міласцямі сваймі адорваў…

Тры чалавекі за сталом пачуліся не лепшым чынам. Значыць, пан Рысь бываў у Слуцкім замку пры Гераніме Радзівіле і мог бачыць там Пранціша і Баўтрамея, якія ледзь той замак на кавалачкі не разнеслі, вызваляючы Саламею Рэніч. І актрысу Міхалішыўну мог пазнаць… Але калі б такі відны пан тады ў замку прысутнічаў, Пранціш абавязкова б яго запомніў! Мусіць, размінуліся яны з ім, слава святому Франтасію…

— А вось чараўнікоў пан Геранім не любіў! — як па намове, заявіў пан Рысь, падымаючы чацвёрты келіх і кідаючы хуткі позірк на Батысту. — Чараўнікоў у нас на ланцуг у сутарэнні садзілі. Яны брата пана Гераніма, князя Марціна, з розуму звялі!

Пра чараўнікоў на ланцугу Пранціш і Лёднік ведалі выдатна. Бо абодва ў слуцкіх сутарэннях пабывалі. На шчасце, Батыста занадта раззлаваўся, адчуўшы выпад у свой бок, каб прамаўчаць.

— Ёсць чараўніцтва, а ёсць высокія духоўныя практыкі! — завёў ён. — Не кожнаму проста пад сілу іх асэнсаваць. Мяне запрашалі праводзіць сеансы каралеўскія фаміліі Еўропы! Я паказваў тое, чаму навучыўся ў бесцялесных субстанцый, перад ягонай мосцю Аўгустам III, перад ягонымі мосцямі французскім каралём і герцагам Брандэнбургскім, мяне запрашае да сябе расейская імператрыца, і ў дамах іх мосцяў Радзівілаў я з поспехам выступаў, і чуў ухвалы і сустракаў пашану!

Пан Рысь пазіраў зялёнымі шалёнымі вачыма — ён толькі што асушыў пяты келіх, і Пранцысь разумеў, што пан шукае толькі найменшай падставы, каб схапіцца за шаблю.

— У Варшаву прыехаў ваш зямляк, такі фацэт Казанова. Таксама яго прынялі ў лепшых дамах, нават Цялок-Панятоўскі прыгалубіў… Што мяне не дзівіць, бо Цялкі — не самая старажытная шляхта, і нюху на высакародную кроў не маюць. З-за нейкай італьянскай балярыны Казанова пасварыўся з князем Браніцкім, падстоліем, і выклікаў на двубой… Ды не на сумленных шаблях біліся, а на пісталетах! Няшчасны князь быў падступна паранены ў жывот — ляжыць цяпер, дактары не ведаюць, ці акрыяе. Тады пачалі высвятляць, што за асоба можа стацца прычынай смерці падстолія і ваяводы. І што б вы думалі? — пан Рысь выжлуктаваў яшчэ адзін келіх, выцер кроплі з вусоў, якія пачалі стамлёна абвісаць. — Высветлілася, што Казанова — нат не дваранін, а звычайны шалбер, прайдзісвет, у Італіі сядзеў у турме за зганьбаванне высакароднай дзяўчыны, з Францыі ўцёк, бо скраў грошы… Вядома, усе дзверы пасля такіх звестак перад махляром зачыніліся, і ён хуценька з’ехаў. А Браніцкі яшчэ й высакародна прасіў, каб ягонага магчымага забойцу не пераследвалі. Я б з тым Казановам шаблі не скрыжоўваў! Я б яго на зямлі расклаў ды загадаў сто дзягаў усыпаць!

Батыста трохі збляднеў і прыкусіў губу. Пан Рысь угледзеўся ў яго каламутнымі зялёнымі вачыма і расчаравана адвярнуўся, зразумеўшы, што гэты шаблю не выхапіць, хоць ты яго віном аблі. Цяпер пад прыцэл патрапіў Лёднік.

— Не прызнаю, як і князь Караль Радзівіл, новай шляхты. Але ведаю, што пан Лёднік зарабіў шляхецтва паводле Статута, на полі бойкі, выратаваўшы жыццё вялікаму гетману, светлай памяці ягонай мосці Міхалу Радзівілу, бацьку пана Караля. Бачыў пана Лёдніка на хаўтурах гетмана ў Вільні… Напэўна, пан добра валодае шабляй? Тады чаму ён не пайшоў служыць свайму дабрадзею, як шляхціц? У войска? Няўжо клісцірная трубка больш годная, чым сумленная зброя?

— Пан Лёднік — знакаміты вучоны, — умяшаўся Вырвіч. — Ён лячыў пана Міхала Радзівіла!