Выбрать главу

— Вось яно што… — пагрозна прамовіў Рысь. — Відаць, доктар вы не такі добры, як фехтавальшчык.

— Усё ў волі Божай. Я ўсіх лячу аднолькава, і жабрака, і князя, укладаючы ўсё сваё ўменне. Відаць, я быў няварты таго, каб праз мяне Гасподзь даў ацаленне майму дабрадзею, ад чаго шчыра сумую.

Лёднік глядзеў у талерку і здаваўся каменным помнікам, які чамусьці вырашыў павячэраць. Пранціш ведаў, што доктар угневаны, але ведаў, як сын полацкага гарбара не любіць звычая шляхты чапляцца, падвыпіўшы, адзін да аднаго, каб паказаць зухаватасць ды пабіцца. Ён часта казаў, што ад дурной смерці не ўратуе нават дасканалае ўменне — бо аднойчы і качарга страляе.

Рысь нейкі час сядзеў, утаропіўшыся ў доктара вачыма, якія здаваліся ўжо не зялёнымі, а жоўтымі, як у сапраўднай рысі. Лёднік калупаўся лыжкай у гуляшы, жаданы двубой зноў зрываўся. Тады пан перавёў вочы на Пранціша.

— А адкуль родам пан Вырвіч? Якімі маёнткамі ўладае?

Пранціш адчуў, як загарэліся шчокі, кроў застукала ў скроні. Колькі яму ў юнацтве давялося выцерпець насмешак за тое, што бедны, што разам з бацькам поле арэ! Таму падобныя закіды падалі на ягоную свядомасць, як вада на распаленую патэльню. Лёднік паспяшаўся перавесці размову на апошні сойм — той, дзе абмежавалі ліберум вета, выклікаўшы незадавальненне шляхты, але ж і расейцаў з прусакамі раззлавалі, бо гэта азначала, што новы кароль усё-ткі наважыўся на рэформы, насуперак дамове, і краіна, якой наканавана згінуць, можа ўзмацнець. Згадкі пра сойм звычайна адразу выклікалі буру, але пан Рысь быў занадта напіты, і бачыў перад сабой адну мэту: пабіцца.

— Чаму пан Вырвіч не адказвае мне? Ён саромецца сваёй радзіны?

Пранціш адсунуў талерку, Ян Сабескі на габелене замахнуўся шабляю на туркаў.

— Я — Франтасій Вырвіч з Падняводдзя, герба Гіпацэнтаўр, апошні ў родзе, які ідзе ад самога Палямона. З намі ў сваяцтве князі Слуцкія і Астрожскія…

— А яны пра гэта ведаюць?

Гэта была сапраўдная абраза, якой ні адзін праўдзівы шляхціц сцярпець не можа. Вырвіч, сціснуўшы зубы, падняўся, каб узяць шаблю, пакінутую разам са зброяй іншых гасцей на спецыяльнай падстаўцы ля дзвярэй — па звычаі, за стол са зброяй не садзіліся, бо тады ў келіхі занадта часта налівался б цёплая кроў.

Шрэдэр нарэшце ўмяшаўся… Але ягоныя словы з пана Караля Рыся сцякалі, як вада з воску.

— Ты, манах, пацеры свае чытай, а ў шляхецкія справы не лезь.

Вось тут, мабыць, Шрэдэр пашкадаваў, што пазбавіўся ад баявітага Зыгмунта Гроса.

— А ці не станьчыць мне дзеля высакароднай кампаніі? — ускочыла з месца Міхалішыўна. — А пан Рысь будзе маім кавалерам… Я ўпэўнена, што вашамосць гжэчна таньчыць…

— Егіпецкіх скокаў не ўмею, — з’едліва адказаў Рысь, нат не перавёўшы позірк на прыгажуню. — А вось пан Вырвіч, падобна, захацеў са мной патаньчыць…

Вырвіч ужо схапіў сваю шаблю, але перад Каралем Рысем вырас Баўтрамей Лёднік.

— Я не толькі клісцірнай трубкай валодаю, вашамосць. Хаця вам не пашкодзіла б добра прамыць… толькі не вантробы, а мазгі.

— Бутрым, не ўмешвайся! — крыкнуў Пранціш. — Ён мяне абразіў!

— Але мяне ён абразіў першым. Праўда, вашамосць? — спакойна прамовіў доктар.

Рысь задаволена выскаліўся, адзін вус у яго зноў тырчэў баявіта, другі быў апушчаны.

— Гатовы зараз жа задаволіць крыўду васпана!

Альбанчык быў п’яны, але не так, каб хістаўся. Наадварот — прадчуванне хуткай сутычкі нібыта працверазіла пана, вочы яго блішчэлі, ноздры раздзімаліся… Адразу было відно, што зараз ён — у роднай стыхіі, як стронга ў вадаспадзе, і ніякія ўгаворы не падзейнічаюць.

— Толькі ў мяне адна ўмова, — цвёрда сказаў доктар. — Калі я тры разы запар выб’ю шаблю з рукі васпана, ён папросіць прабачэння ў пана Вырвіча.

— Тры разы? — пан Караль зарагатаў, схапіўшыся за пояс, быццам пабачыў, як заяц нюхае табаку. — Ну, калі гэта неверагоднае здзейсніцца, гатовы папрасіць прабачэння і ў пана Вырвіча, і ў цябе, і больш з вамі абаімі на двубоях не біцца — бо толькі нячыстая сіла можа даць подобнае ўмельства, а супраць нячысціка толькі наш князь Караль Радзівіл здольны выстаяць, а не мы, простыя шляхціцы.

Пане Каханку, як вядома, любіў частаваць гасцей і прыдворных байкамі пра ўласныя прыгоды, як нарадзіў з русалкай селядцоў ці выбраўся з бітвы на палове каня, а таксама пра сваю пераможную бойку з нячысцікам. Чым збіў з тропу калісьці свайго сябра Валадковіча, які зажадаў здзейсніць падобны ж подзьвіг і бегаў п’яны ноччу па могілках, выклікаючы суперніка з рожкамі.