Пачуліся лёгкія крокі, у пакой забегла Міхалішыўна. Яе гожы твар быў звыкла спакойны.
— Ён згадзіўся.
Батыста задаволена хмыкнуў.
— Яшчэ б… Ты і не такіх жаўтадзюбікаў разводзіла, як муку на клёцкі. Калі ён з’едзе?
— Як толькі сцямнее. Зараз ніяк не атрымаецца — кругом адзін пясок, дзюны, усё відно, людзі шастаюць ля коней…
Голас Міхалішыўны гучаў так натуральна, што нельга было западозрыць спадману, як у роўненькай зялёнай палянцы, якая раптам аказваецца бяздоннай дрыгвой. Пранціш зацяўся — яго пакрыўдзіла параўнанне з «чарговым жаўтадзюбікам».
— Мне трэба пасля ехаць да яго?
— Навошта? — насмешна сказаў Батыста. — Галоўнае, каб усе пабачылі, што ён з’ехаў і звёз мяшкі.
— Але ж мяшкі трэба забраць? Там каштоўнасці? — працягвала пытацца роўным голасам Міхалішыўна — Пранціш зразумеў, што хоча выцягнуць як мага больш звестак для схаваных у шафе.
Батыста злосна засмяяўся.
— Усё каштоўнае я даўно пераправіў у іншае месца. Мне трэба, каб думалі не на мяне, а на хлопца. А з ягоным апекуном як? Хлопец яму раскажа, альбо ўцячэ тайна?
— Думаю, яны паедуць разам. Я распавяла, што іх хочуць атруціць.
Батыста ўстаў і захадзіў па пакоі.
— Напачатку я думаў, што доктара лепей усё-ткі ўсыпіць ды адправіць на карабель… Хай бы ганарлівец гэты пакруціўся ў нераце. Але няхай з’язджаюць абодва, хай за імі пагоняцца, і шалёны доктар пачысціць нашым працадаўцам пер’і…
Італьянец зноў нядобра пасміхнуся.
— А калі ўмяшаецца пан Рысь са сваймі слугамі? — як бы мімаходзь запыталася Раіна. — Ён жа таксама шалёны, і невядома, чый бок прыме. З доктарам пасябраваў…
— Не бойся, з’ехаў той Рысь, — паведаміў Батыста. — Атрымаў з Рыму ліст ад свайго князя і паскакаў у Вільню разам з усёй світай — агучваць, каму трэба. Патрыётаў збіраць.
Маг, як сыты кот, падыйшоў да егіпецкай прынцэсы, абняў:
— А мы з табой, мія кара, паедзем у Санкт-Пецярбург! Цяпер нам туды — дарога вольная! Няхай толькі ўсё скончыцца, як я планую — абяцаю, ты станьчыш свой вогненны танец перад расейскай імператрыцай!
Батыста па-гаспадарску правёў рукой па целе актрысы, даткнуўся вуснамі да яе тонкай шыі… Але Міхалішыўна не магла ж забыцца, што тут ёсць сведкі, і паспрабавала выслізнуць з абдоймаў мужа. Батыста схапіў яе за валасы.
— Зноў за сваё? — засычэў ён. — Табе не падабаецца маё каханне?
— Я проста зараз стамілася, Луіджы… — ціха прамовіла дзяўчына, адводзячы вочы.
Батыста адштурхнуў яе ад сябе.
— Падзякуй, што не хачу зараз псаваць тваё аблічча. Табе трэба быць сёння прыгожай. Пайшла… Натхняй свайго драгуна, толькі асцярожна, каб не надта з ім разам свяціцца.
Раіна выбегла за дзверы. Маг пахадзіў па пакоі, насвістваючы вясёлую песеньку, паперабіраў шкляначкі ў сакваяжы, некаторыя парассоваў па кішэнях і таксама выйшаў з пакою, замкнуўшы яго на ключ.
Нічога, калісьці Пранціш навучыўся адчыняць замкі не менш спрытна, чым Раіна Міхалішыўна.
Дзяўчыну яны і знайшлі ў сваім пакоі. Раіна сумна паглядала ў вакно, усеўшыся на ложак каля фальшывага Пранціша Вырвіча, зробленага з рызманоў. Шэрая раніца за вакном была не цяплей за мора, і гэтак жа хавала ў сваіх нетрах пачвараў.
Пранціш злосна піхнуў нагой ножку стала, нібыта той быў ворагам, але ж колькі ні пхай мёртвае дрэва, жывей ад гэтага не станеш.
— А я ж гэтаму Шрэдэру жыццё выратаваў у Менску!
— Можа, каб не выратаваў — цябе б проста забілі, — змрочна сказаў Лёднік. — Мяне іншае хвалюе… Падобна, граф Батыста вырашыў пайграць на два бакі. Пан Рысь з’ехаў у Вільню з лістом ад князя Радзівіла, у якім той заклікае моладзь Вялікага княства і Польшчы ехаць да яго ў Рым, атрымліваць вайсковую адукацыю і змагацца з узурпатарам Панятоўскім. Пан Рысь зачытае ліст натхнёным юнакам, тыя прысягнуць, што адправяцца на калядных вакацыях дружненька пад штандары Пане Каханку, а тут іх усіх і павяжуць… З доказамі злачынства. Каб выкараніць бунт у парастку.
— Як гэта? — разгубіўся Пранціш.
— Батыста пра гэта са сваім Джавані гаварыў… Ён загадзя дамовіўся з Рэпніным праз Міхайлу Разанцава, што здасць ім атрад змоўшчыкаў, а тыя ўзамен забяспечаць яму абарону, магчымасць выступаць у Санкт-Пецярбургу і зробяць пратэкцыю перад царыцай.