Выбрать главу

— Праўда… — ціха прагаварыла Міхалішыўна. — Ён мне распавядае не ўсё, але я ведаю, што з расейцамі звязваўся, і сам сустракаўся, і Джавані пасылаў, і тут чакаў нейкага пасланніка. А частку золата ён даўно скраў, яшчэ ў Гародні. Вось і баіцца, што зараз пералічаць і спахопяцца. А галоўнае не золата — а нейкую рэліквію прысабечыў, за якую спадзяецца шмат выгандляваць.

— Такі залаты змяты пасак? — ажывіўся Пранцысь.

— Так… Казаў, што гэта наш запрашальны ліст да ўсіх каралеўскіх двароў.

Што ж, гісторыя сведчыць, што чым болей скрадзена, тым менш верагоднасці, што злодзей будзе пакараны. Вунь каралева Бона пасля сваркі з сынам уцякла з каралеўства са сваімі «неапалітанскімі сумамі», і шукай ветру.

Лёднік ускочыў і захадзіў па пакоі, кусаючы вусны.

— У любой інтрызе заўсёды гінуць лепшыя, наіўныя, маладыя, гатовыя памерці за ідэалы. Гэта неабходна прадухіліць… Каб я толькі ведаў, дзе адбудзецца сход будучых кадэтаў! Прасцей за ўсё папярэдзіць Шрэдэра — але гэта не адменіць нашага выкрадання… А Батыста ўсё будзе адмаўляць… І нас вінаваціць. Ды яшчэ на панну накінецца за здраду…

Павярнуўся да Раіны.

— Нам трэба пабыць на вячэры!

Дзяўчына кіўнула галавой.

— Добра, зараз я пайду да Батысты і скажу, што вы хочаце з’ехаць пасля развітальнага застолля. Толькі я ж мушу вам падсыпаць соннага парашку! Батыста будзе незадаволены… Не падсыплю — Шрэдэр нас з ім западозрыць. Падсыплю — вы не зможце з’ехаць і адвесці ад Луіджы падазрэннні…

— Гэта наш клопат… — задумліва прамовіў доктар, складаючы ў галаве часткі будучай інтрыгі. — Чым будзеце нас усыпляць? Назавіце ўсе складнікі…

— Чысты опій. Без дамешкаў. — Міхалішыўна цвёрда гледзела на доктара празрыста-зялёнымі вачыма. — Рэакцыя наступае праз дваццаць хвілінаў. Сімптомы — рэзкае звужэнне зрэнкаў, замаруджанае дыханне, пахаладненне скуры…

— Ведаю… — нецярпліва кіўнуў доктар. — Але, спадзяюся, сімуляваць не давядзецца, што-небудзь іншае прыдумаем. А вы рабіце, як скажа ваш гаспадар. Кажыце ўсё на мяне, я вас змусіў, нікога не слухаю, пагражаў Батысту забіць, а вы мяне ледзь адгаварылі. Карацей, усё, каб самой не пацярпець. Я насіў рабскі ашыйнік, і разумею тое-сёе… Так, і дадайце абавязкова, што калі заўважу на вас найменшыя сляды пабояў, неадкладна выклічу яго на двубой, і гнуць лыжкі ў пальцах і падмяняць лісты ў канвертах пану жрацу будзе праблематычна. Знайду за што зачапіцца — не адкруціцца, баягуз.

— Дзякую… — Міхалішыўна раптам прыўзнялася на дыбачкі, хутка пацалавала доктара ў шчаку і выбегла за дзверы імкліва, як бы сапраўды стыхійны дух.

Пранціш пачуўся дужа непрыемна.

— Што, Бутрым, усё-ткі чарам егіпецкай прынцэсы паддаўся? — раздражнёна прагаварыў ён.

Лёднік з неразуменнем паглядзеў на драгуна, потым у позірку доктара з’явілася злосць.

— Калі я стаўлюся да паненкі, як да роўнай, гэта не абавязкова з-за пажадлівасці, высакародны пан Вырвіч. Калі вы паглядаеце на бедную дзяўчыну, як на ніжэйшую істоту, дык мне дазвольце, як не шляхціцу па нараджэнні, быць іншай думкі. А думаю я, што Раіна Міхалішыўна таленавітая больш, чым усе вашыя князёўны, і адораная большымі душэўнымі вартасцямі, і заслугоўвае абароны і шчасця. А вам, вашамосць, нагадаю яшчэ, што вы — практычна шчаслівы жаніх багатай радавітай нявесты, і не мусіце пераймацца з-за таго, што прыгонная актрыса раптам абдзяліла вас увагай.

— Вось добра, Бутрым, што нагадваеш час ад часу, што ты не шляхціц! — выгукнуў угневаны Пранціш. — А то я і з табой на роўных пачаў… Забыўся на тыя часы, калі ты мне ў ручку цалаваў!

Не гледзячы на зледзянелае аблічча доктара, Пранціш выбег з пакою… І хутка вакол яго былі адны дзюны. Вандроўныя выдмы, якія пахавалі пад сабою не аднаго занадта смелага ці неразважнага чалавека.

Вецер навяваў у валасы дробныя белыя пясчынкі, як быццам хацеў выветрыць з галавы злыя словы, якімі драгун узнагароджваў фанабэрыстага кмета з дыпломамі. Пранціша разрывалі і гнеў на сына гарбара, ягонага былога слугу, які разыгрывае рыцара перад прыгоннай актрыскай, і сорам за сябе… Таму што ясна было, што, разважыўшы і супакоіўшы свой «вогненны тэмперамент», як буркатаў прафесар, Вырвіч застанецца з сорамам і раскайваннем. Але цяпер так прыемна было пахадзіць між дзюнаў, пашкадаваць сябе… Чым Пранціш вінаваты, што нарадзіўся шляхціцам, а Міхалішыўна — дачкой простага збройніка, да таго ж бунтаўніка? Гэта ж Гасподзь учыніў так, што ён, падхаружы Вырвіч — мужчына, жаніх хоць куды, а яна — дзеўка, якая даўно страціла цноту.