Выбрать главу

Але цяпер пры думцы, колькі пажадлівых мужчынскіх рук дакраналіся да егіпецкай прынцэсы, Вырвіч адчуў не гідлівасць, а боль. І як бы нейкая думка паўтаралася: не вернеш… Нічога не вернеш… А што драгун хацеў вярнуць? Пабачыць трагічную прыгажосць Раіны некранутай, у сціплым дзявочым пакоі шляхецкай сядзібы, пад аховай высакародных бацькоў ды слугаў? Каб прасіць рукі, і лічыць пасаг, і мерацца радаводамі, і каб да вяселля — толькі сціплы пацалунак, скрадзены ў сенцах, пры развітанні, пакуль бацькі не бачаць, і марцыпаны на заручынах? Усё, што ён можа мець з Ганулькай Ціхнавецкай — але без п’янкой радасці, без трымцення, як лязо дамаскай шаблі трымціць, уторкнуўшыся ў сталешніцу піравальнага стала, прадказваючы, што зараз пральецца кроў.

Але ж, расказвалі, Пане Каханку ў маладосці так упадабаў адну прыгажуню-шляхцянку, дачку войскага, што не паглядзеў, што дзеўка радавітая, што ў яе жаніх — наехаў на маёнтак, звёз… Пасля, вядома, каяўся, адгаворваўся, што п’яны быў, што Валадковіч падбіў… Грошы велізарныя пакрыўджанай сям’і прапаноўваў, але позна было. Дзеўка ў манастыр сышла ад сораму. А з другой, дачкой уніяцкага святара, простай дзяўчынай, дужа хацеў ажаніцца — але маці не дазволіла. Не, няма ратунку ад чужой пажадлівасці ні ў хатах, ні ў палацах.

— Пан Вырвіч, што здарылася?

Па белым пяску імчала да яго танклявая постаць у чырвоным плашчы, чорныя доўгія валасы зблытваў вецер — вечны бясплённы заляцаннік.

І застаўся драгуну толькі сорам, які змусіў апусціць вочы і прамовіць:

— Няхай панна Раіна даруе мне, што не я за яе заступіўся.

Мора кідала свае хвалі на бераг так апантана, як прайграўшыся да кашулі гулец шпурляе на карчомны стол косткі: а раптам Фартуна! А ўдачы ўсё няма і няма…

Але ў празрыста-зялёных русалчыных вачах ззялі такія шчырыя здзіўленне, удзячнасць і нешта яшчэ, што Пранцішу стала яшчэ больш сорамна, бо не варты ён такіх пачуццяў… Успомніліся і суровыя словы Лёдніка, каб не гуляўся з Міхалішыўнай… Але ж яшчэ адзін пацалунак нічога не значыць, праўда? Ну толькі што галава круціцца, як ад ангельскага потэру, ды ад гарачых вуснаў не адарвацца…

А ў полi вярба Нахiлёная, Маладая дзяўчынонька Заручоная. Заручоная I запiтая… І пакуль яшчэ нікім Не пабітая…

Перад боем асірыйцы заўсёды ўчынялі пір. Мачалі свае завітыя пад баранчыкаў бароды ў чашы віна. Кідалі вінаградзінкі за пазуху прыгожым прыслужніцам. Шпурлялі косткі ў паўлінаў, якія выдыгвалі на худых нагах паміж піравальнымі сталамі і не спяшаліся распраўляць хвасты, бо п’яныя асірыйцы — не птушыныя самкі, дзеля прывабы якіх і даводзіцца цягаць такі вось неверагодны стракаты веер на не самай зручнай частцы цела.

Напэўна, звычку застолля перад боем перанялі многія. Сапраўды, калі ведаеш, што хутка не зможаш атрымаць насалоды ні ад добрай ежы, ні ад пітва, ні ад паглядаў жаночых ласкавых — трэба ўсё пералічанае назапасіць, хай і не знясеш на той свет. Затое весялей будзе да Абрама на прывіднае піва выпраўляцца…

Але гэты развітальны стол цяжка было назваць пірам. Мусібыць, кухар тут быў ліцвінскі, бо на стол патрапіла бацьвінне, з-за якога ляхі дражнілі ліцвінаў бацвіннікамі, наліснікі, панцак… Як за сялянскім сталом. А што зробіш — посны дзень. Затое віно было… Праўда, пакуль не разлітае па крышталёвых келіхах, чырванела сабе ў графіне з накрыўкай у выглядзе вінаграднай гронкі, магчыма, ужо атручанае. Пан Шрэдэр са светлай усмешкай працягнуў Лёдніку і Вырвічу па складзеным аркушы:

— Тут засведчана, што вашыя мосці выканалі ўзятыя на сябе абавязкі і могуць вяртацца і атрымліваць усё абяцанае. Шчаслівай навуковай працы на кафедры, доктар Лёднік! Шчаслівай вайсковай службы ў новым чыне, пан харужы Вырвіч!

Найміты з належнай пачцівасцю прынялі лісты, якія насамрэч каштавалі не болей, чым леташняе лісце. Шрэдэр кіўнуў Міхалішыўне:

— Цяпер можна і адзначыць завяршэнне нашага шляху. Няхай менавіта чароўныя рукі графіні Батысты разліюць гэтае віно, надаўшы яму болей смаку — думаю, такое паслабленне посту не будзе грахом, бо надта важлівая падстава.

Міхалішыўна зараз жа ўстала і разліла віно па крышталёвых келіхах. Старонні чалавек убачыў бы перад сабой толькі важную свецкую даму, багатую і ўпэўненую ў сабе, магчыма, жорсткую какетку. Граф Батыста сядзеў з самай крывой фізіяноміяй і намагаўся не глядзець на Лёдніка — італьянец ужо засведчыў сябе, як не самага смелага і спрактыкаванага ў вайсковай справе чалавека, і перададзеная пагроза доктара пра двубой пана трывожыла. Батыста, відаць, лічыў хвіліны, пакуль доктар і драгун не ўцякуць.