Чалавек у плашчы трохі разгубіўся і заазіраўся, нібы жадаючы сапраўды знайсці Батысту, да якога даверу было не больш, чым да схізматыкаў. І тут пачуўся стук капыт і грукат колаў — ад дому ірванула карэта, два ліхтары на ёй здаваліся балотнымі згубнымі агеньчыкамі, якія заводзяць у дрыгву. Воз са скрыняй, у якой на вуголлях таньчыла егіпецкая прынцэса, застаўся ў доме на дзюнах, пэўна, назаўсёды, і хто-небудзь з будучых гаспадароў доўга будзе ламаць галаву над прызначэннем жалезных шчытоў. А карэта, запрэжаная шасцю сытымі коньмі — Батыста відавочна падрыхтаваўся да ўцёкаў — імчала ў вечаровым змроку так, што дагнаць было немажліва, агеньчыкі ліхтароў усё аддаляліся. Пакуль людзі раіліся, што рабіць, а ім трэба ж найперш золата грузіць ды вывозіць, Лёднік агаліў шаблю, Пранціш узяў коней за аброці.
— Слова гонару, мы едзем ратаваць будучых кадэтаў! — пракрычаў драгун.
Але слова гонару тут значыла няшмат. Галоўнае, што ад’езд Батысты, які справядліва вырашыў, што былыя спадарожнікі яго таямніцы хаваць не стануць, зблытаў людзей Шрэдэра, частка пагналася за карэтай… А Вырвічу і Лёдніку давялося працярэбліваць шлях зброяй. Засвісталі кулі… І Вырвічу, калі ўжо ўскочыў на каня, апякло плячо.
Перавязаць толкам рану ўдалося толькі праз гадзіну, у лесе, навобмацак, бо ноч была цёмнай, як сумленне егіпецкага жраца.
І толькі нараніцу, калі ўжо валіўся ад стомы, болю і бяссоннай ночы, Пранціш змог пры святле, што скупа прасявалася праз хмары, прачытаць ліст, што пакінуў яму Шрэдэр. І нават ускрыкнуў ад узрушэння. Лёднік зараз жа забраў аркуш і толькі й змог вымавіць: «Вось падлюка…»
Бо ў тым лісце пан Батыста адчытваўся перад князем Геранімам Радзівілам пра сваё выступленне перад Аўгустам Трэцім. Аказваецца, падчас свайго сеансу магіі Батыста па замове князя мусіў караля атруціць. Хітра, з адцягнутым дзеяннем. Выпарыўся б атрутны газ з адтуліны ў магічным шары, у які зазірае кароль… Пачалася б лёгачная хвароба з разладжваннем страўніка… І праз які месяц — гамон.
Лысы і заіклівы князь Геранім шчыра лічыў сябе прыгажэйшым мужчынам краіны і самым вартым кароны рыцарам. Дзеля здзяйснення сваёй мары не пагарджаў звяртацца да містычных рэчаў, хоць ведзьмакоў караў сапраўды бязлітасна. Але забойства не ўдалося, кароль пасля візіту мага толькі паперхаў ды ў прыбіральні даўжэй пасядзеў… І зноў узяўся папяровых чалавечкаў выразаць, да чаго быў вялікі аматар. Батыста апраўдваўся тым, што кароль пабаяўся надта зблізу пабачыць сваю будучыню, і ў пакоі быў скразняк… Хаця, можа, і наблізіў сеанс магіі смерць манарха, бо апошнія гады Аўгуст быў зусім недалужны.
І хаця бачыць караля ў залатой труне жадалі многія, але выкрыты замах на каралеўскую персону мусіў быць пакараны! Гэта сапраўды смяротны прысуд — у любой краіне, у любым асяродку. Як кажуць ліцвіны, здраду прымаем, а здрадніка вешаем. Мёртвы Геранім Радзівіл абаронай свайму найміту быць не мог, і гонар Радзівілаў ад ягонага ўчынку, калі б той выкрыўся, не цярпеў, бо Геранім карыстаўся славай шаленца, і радзіна ад яго даўно адраклася. Так што езуіты трымалі Батысту моцна!
А цяпер, выходзіць, ён у залежнасці ад ненавіснага драгуна і яшчэ больш ненавіснага віленскага доктара! Бо спаліў у грубцы ўсяго толькі пусты канверт, і зараз дарэмна радуецца. Шрэдэр, ясная рэч, прадугледжваў, што прайдзісвет-маг можа паспрабаваць выкрасці ліст, і на ўсялякі выпадак трымаў паперку ў нейкай таемнай кішэні асобна ад канверту.
І, можа быць, цяпер удасца палегчыць лёс Міхалішыўны… Дзякуй Шрэдэру хаця б за гэтую спадчыну.
Раздзел восьмы
ЯК БАЎТРАМЕЙ ЛЁДНІК У АКАДЭМІІ ЗНОЎ ДАКЛАД РАБІЎ
Чаго толькі не ўспомніць былы студыёзус пра часы свайго навучання! І непрыемнае можа падацца праз гады смешным, напрыклад, як аднойчы ў саламянай «аслінай кароне» вадзілі па вуліцах за непаспяховасць у лаціне, а пакараны з самай жаласнай фізіяноміяй умудрыўся сцягнуць па дарозе пернік, жменьку разынак і мігдалавую цукерку ў разявакаў-вулічных гандляроў, якія ціснуліся бліжэй, каб парадвацца прыніжэнню пракудлівага шкаляра. А як давялося ў езуіцкім калегіюме іграць князя Святаполка ў містэрыі пра дабраверных князёў Барыса ды Глеба, і падвязаная на вяровачцы барада з афарбаванай у чорнае кудзелі ўвесь час спаўзала набок, а з ложы ганаровых гасцей паглядала сястра князя Міхала Багінскага ў сукенцы, падобнай да торту з узбітымі вяршкамі альбо клумбы, ды міла пасмейвалася… А як на першым курсе Віленскай акадэміі ўзяліся пераплываць Вяллю ў бочках, а потым біліся з падмайстрамі залатарскага цэху на палках-пальцатах!