Не, праз гады студэнцкае жыццё падаецца куды больш рамантычным — а вось некаторыя ўласныя выбрыкі ды крыўды дурнымі.
Баўтрамей Лёднік, выпускнік Полацкага калегіюма, а таксама факультэта вольных навукаў Пражскага ўніверсітэту ды медычнага факультэта Лейпцыгскага ўніверсітэту пра свае пракуды ў студэнцкія часы расказваў скупа. Вядома, да навукі сын полацкага гарбара з маленства імкнуўся, як прапойца да келіха, і нат у юнацтве больш хадзіў па таемных навукова-эзатэрычных таварыствах ды дэманстрацыях рызыкоўных эксперыментаў, чым па карчомках, але што пракуды былі — Вырвіч не сумняваўся. Навучыўся ж Лёднік у Лейпцыгу фехтаваць, каб быць першым у абавязковых буршаўскіх двубоях. А стрэчаны аднойчы аднакурснік па Лейпцыгу, вынаходнік Пфальцман адразу нагадаў Баўтрамею, колькі піва яны папілі ў карчомцы «Пад карасём».
Не, нават такога зацятага чалавека, як Баўтрамей Лёднік, не маглі прамінуць радасці студэнцкага жыцця… Але выпытаць у яго штосьці было не лягчэй, чым дастаць з нерата жывога спалоханага вугра.
Але пакуль Бутрым важдаўся з куляй, што засела ў Пранцішавым плячы, распавядаў, відаць, замест абязбольваючага, як у Празе ягоны аднакурснік, балгарын родам, упадабаў адну паненку з Градчанаў, дачку прафесара. І каб зрабіць уражанне на пекную даму, упрасіў Баўтрамея, які ўмудраўся спасцігаць курс і вольных навук, і прыродазнаўчых адначасова, зладзіць пад вакном красунькі феерверк, каб ракета вымалёўвала ў паветры сілуэт Купідончыка, што будзе прызнаннем у каханні… А ўзамен паабяцаў выпісаць з радзімы адзін дужа рэдкі інгрэдыент для доследаў, а менавіта жывую смалу, якая ўтвараецца на камені і вылечвае ад усіх хваробаў. Пасля двух бутэлек някепскага вінца — таксама балгарскага — палачанін згадзіўся. І ўсё было б цудоўна… Каб не невялічкая памылка будучага доктара, які быў выдатна абазнаны як у логіцы, так і ў механіцы, але з маляваннем меў праблемы.
Амурчык у аблоках дыму і ў суправаджэнні мілых выбухаў вымаляваўся на фоне аксамітна-чорнага неба вельмі эфектна, але меў чамусьці нейкую перакрыўленую фізіяномію, а на галаве замест кудзерак выразна бачыліся рожкі… Красунька, пабачыўшы проста перад сваім вакном вогненны абрыс нячысціка, пералякалася так, што ад ейнага віскату абудзіліся ўсе пеўні, сабакі і п’янюгі карчомныя ад Градчанаў да Залатога гораду, дзе жылі паважаныя алхімікі ды залатары, а радзіна паненкі ўзняла вэрхал, быццам іх дом пачала штурмаваць уся Асманская імперыя. І ўцякалі студыёзусы цёмнымі завулкамі, як зайцы, замест таго, каб святкаваць перамогу саюза Мінервы і Амура над дзявочым сэрцам.
Дарэмна Бутрым апраўдваўся, што рожкі ў паветранага Амурчыка выраслі выпадкова. Давялося абменьвацца з раззлаваным сябруком кухталямі, аж пакуль зубы ў роце абодвух не захісталіся, як у старэчаў, а потым запіваць афронт слівавіцай. А назаўтра намагацца захаваць сур’ёзнымі пабітыя фізіяноміі, выслухоўваючы неверагодную навіну пра з’яўленне над Прагай д’ябальскага знаку, што неадменна прадвяшчае… Што менавіта прадвяшчае — кожны распавядаў у межах сваёй фантазіі, і толькі два студыёзусы ведалі дакладна, што прадвяшчае гэта канец адной сардэчнай схільнасці, а калі не пашанцуе і ўсё выкрыецца — знаёмства са святой інквізіцыяй і развітанне з надзеяй атрымаць дыплом.
Самае цікавае ў гэтай гісторыі, што закаханы студыёзус змог павярнуць прыкрае здарэнне на сваю карысць, перадаўшы пераляканай красуні асабліва святыя сакраменты: кавалачак плашча благавернага балгарскага цара Барыса і слёзы святой Параскевы ў крышталёвай шкляніцы, якія любыя сурокі і ўплыў нячыстай сілы адганяюць, і змог пераканаць прафесараўну, што з’яўленне здані пад яе вакном было выклікана ні чым іншым, як зайздрасцю вядзьмацкай хеўры да цнотаў красунькі, а таму для гэтых цнотаў тэрмінова патрэбны надзейны абаронца.
Так што для балгарына ўсё скончылася шчаслівым шлюбам, тым болей быў ён багаты княскі нашчадак, і бацька ягоны, і ён сам праславіліся ў барацьбе з басурманамі-туркамі. А вось Баўтрамей так і не атрымаў каменнай смалы.
Пранціш шчыра павесяліўся, наколькі гэта было магчыма для пацыента, у свежай ране якога калупаюцца хірургічнымі інструментамі. Ганулька Макавецкая стаяла побач з місай гарачай вады, і вада плёхалася мініяцюрным штормам, аж пакуль доктар не загадаў дзяўчыне паставіць місу на стол, а самой — добра выплакацца за дзвярыма. Гаспадыня Ляшчынаў нават не асабліва здзівілася з’яўленню гасцей, задыханых, запырсканых гразёй, адзін з якіх быў паранены — у краіне, якую ўвесь час раздзіралі войны, для шляхцюка звычайнае здарэнне. Хаця бачна было, што ўсё-ткі больш ухваляла б пані Гартэнзія жыццё ціхамірнае і нораў не ваяўнічы.