Выбрать главу

Лёднік спадзяваўся пакінуць Пранціша тут, пад надзейным даглядам — але, калі трэба, Вырвіч мог быць упартым не менш, чым доктар. Урэшце, гэта ў фехтаванні Лёднік — майстар, а вось з коньмі драгун Вырвіч упраўляўся куды лепей. Таму, дазволіўшы сабе самы неабходны — абы не зваліцца з каня — адпачынак, драгун і доктар выправіліся ў шлях. Ганулька глядзела ўслед заплаканымі вачыма, і Пранціш адчуваў сябе апошнім нягоднікам. Ласкавая жонка будзе, клапатлівая…

Але ў Вільню яны мусілі паспець да нядзелі. Коней у Ляшчынах здабылі, а вось Фартуна адвярнулася. Да корчмаў пад’язджаць баяліся, калі бачылі побач жаўнераў… Вельмі верагодна, што Батыста папярэдзіў сваіх цяперашніх апекуноў наконт двух шпегаў ад князя Радзівіла, якія будуць прабірацца ў Вільню. Але неабходна было зноў памяняць коней, дый Вырвіч, як ні трымаўся, усё-ткі саслаб, і варта было б пасядзець у цяпле хоць пару гадзінаў… Прынамсі, так лічыў Лёднік. Таму да наступнай карчмы пад назвай «Парыж», каля якой не бачна было ні жаўнераў, ні жаўнерскіх коней, усё-ткі пад’ехалі. Дождж абыякава паліваў сціплы будынак карчмы пад гонтавым дахам, сосны, на ствалах якіх ваяўнічыя госці не аднойчы выпрабоўвалі вастрыню сваіх палашоў ды стылетаў, і двух падарожных, якія і без таго вымаклі, бы вярнуліся ад вадзяніка. Вырвіч цяжка злез з каня.

— Пачакай тут, зазірну ў карчму, ці бяспечна, — хаваючы трывогу, прамовіў Лёднік. — А то пападземся, як небарака Грос.

У драгуна не было сіл запярэчыць. Ён жаваў нейкую дужа лекавую і страшэнна горкую траву, якую яму сунуў Лёднік для прафілактыкі запалення, і злаваўся на сябе — рана лёгкая, кулю дасталі, сам такіх ранаў колькі на другіх залячыў, а вось жа — саслаб, як паненка. Дый не такая, як Раіна Міхалішыўна, якая любога драгуна па трывушчасці ды спрыце перагоніць.

У карчме прыветна свяціліся вокны, гула басэтля. Ніяк не хацелася верыць, што і тут — аnguis in herba, змяя ў траве, як казалі лаціняне пра таемную небяспеку. Подбегам вярнуўся Лёднік.

— Сядзяць, заразы, як гарох у струку. Жаўнеры ды шпегі. Сыходзіць трэба, пан Вырвіч. Ну чаму ты не застаўся ў Ляшчынах…

Раптам з цемры вынырнулі нечыя постаці.

— Пан доктар, сюды! Не бойцеся! Хутчэй, хутчэй! Зараз за вамі ўланы прыйдуць!

У змроку і дажджы можна было толькі й разгледзець, што падбеглі двое, дзяўчына і хлопчык.

— Пане, бацькамі клянуся, што хачу вам дапамагчы! Там далей, на дарозе, засока, і з карчмы вас убачылі. Іцка вашых коней зараз схавае, і вам трэба…

У дзявочым голасе чуўся сапраўдны адчай, а далёка ў цемры перагаворваліся мужчынскія грубыя галасы, і вось шчаўчок, нібы хтось узводзіў курок пісталету.

— Пайшлі… — шапнуў Лёднік Пранцішу.

Іх пацягнулі да карчмы, але не да дзвярэй, а ў абход, па кустоўях. Працісквацца давялося праз нейкі лаз, зладжаны ў павеці, караскацца па вузкім ходзе, умацаваным бярвеннямі, і вось абодва апынуліся ў катуху, які знаходзіўся, як можна было зразумець па гуках, пад падлогай карчомнай залы. Дзяўчына, паўнаватая, у акуратным каптурыку, павесіла на адмысловы крук ліхтар:

— Пасядзіце тут, вашыя мосці, пакуль уланы не сыдуць. Там матуля з імі разбіраецца. А я вам пакуль есці-піць прынясу…

І збегла.

Госці агледзеліся, бо пакуль не было зразумела, ці пастка гэта, ці ратунак. Катух быў завалены скруткамі тканінаў, пачкамі гарбаты і кавы, нават персідскі дыван ляжаў, укручаны ў палатно: Вырвіч з цікаўнасці прадраў накрыўку.

— Ну што, падобна, мы ў патаемным сховішчы гаспадароў, — шапнуў Лёднік. — Калі сюды пусцілі — ёсць надзея, што не здадуць.

Наверсе чуўся п’яны гуд, стукалі аб сталешніцы келіхі і косткі, спявак выводзіў пад дуду і басэтлю:

«А былі ж людзі ды няверныя, А паверылі пагану цмоку. Ой, таму цмоку на дзень па чалавеку, А ў пятніцу рана яму двух мала. Прышла радавая да самаго цара, А ў таго цара ні чалядачкі, Ні чалядачкі, ні дзіцятачкі, Толькі ў таго цара прамудра царэўна. Прамудра царэўна, адзявайся, Надзявай шаты, шаты дарагія, Абувай боты да ўсё залатыя, Да ідзі ў поле пад сіне мора».

Раптам нехта з гульцоў зароў, што ягоны партнёр такі ж махляр, як Рыгор Осцік, што фальшывыя манеты чаканіў, на расейскага цара шпегаваў і якому ў Вільні галаву адсеклі. У адказ пачулася лаянка, потым крык ад болю… Потым ляснулі дзверы, і крыкі сціхлі. А спявак усё выводзіў: