Саламея адвярнулася, каб схаваць плач. Вырвіч прыгнечана маўчаў. Драўляным маслам змазвалі раны, якія марудна зажывалі… Калі скура здзёртая, напрыклад, ударамі пугай. Але доктар сам вучыў — пакуль чалавек жывы, усё можна перамяніць, біблейскі Іоў вунь сядзеў на кучы гною ды язвы свае чарапком расчэсваў, а потым Гасподзь зноў яго ўзвысіў ва ўладары зямныя…
— Прыдумалі, як Бутрыма выручаць?
Пані Лёднік паціснула плячыма.
— Пан Рысь ужо столькі пражэктаў выдаў… Ад падкопу да патопу. Але ён зараз дома, у маёнтку — жонка павінна нарадзіць. Студэнты, якія тады на сходзе былі, хочуць проста напасці на вязніцу, глупства, зразумела. Хадзіла да Міхайлы Разанцава — вочы хавае, сам ледзь не плача, але ён — расейскі патрыёт, адданы царыцы, для яго дзяржаўнае злачынства — недаравальны грэх, і дапамагаць не стане. Яго ў Санкт-Пецярбург выклікалі, магчыма, па гэтай самай справе. Суддзя Юдыцкі таксама з’ехаў — на лекавыя воды. Лісты напісала каралю, у Трыбунал, рэктару Акадэміі… Праўда, ад езуітаў аднаго баюся дачакацца — з самых лепшых намераў возьмуць ды Бутрыма атруцяць, каб не пакутваў, небарака, ну і, вядома, іх не выдаў. А кароль, можа, адгукнецца — ён вучоных людзей шануе, а ніякіх прамых доказаў, што мой муж удзельнічаў у змове супраць яго, няма — толькі даносы. Праўда, не толькі вашага мага Батысты, але і кагось з Акадэміі…
Вырвіч пры згадцы пра Батысту ледзь не падскочыў — боль перашкодзіла.
— А дзе камзол, які на мне быў? Вы з яго нічога не даставалі?
Саламея, мудрая жанчына, не стала нічога перапытваць, а хуценька прынесла Пранцішаву вопратку.
— Не стала мыць, каб чагось не сапсаваць, мала што ты мог прыхаваць…
Вырвіч, як мог паспешліва, абмацаў кішэні: вось ён, ліст, перададзены Шрэдэрам! Магчыма, дапамога егіпецкага жраца, здрадніка, з-за якога Бутрым і патрапіў у турму, спатрэбіцца, каб доктара ж і выцягнуць. І ўспамін пра Міхалішыўну прымусіў сэрца здрыгануцца… Што маг з ёй вытварыў за гэты час?
— А не чуваць нічога пра нягодніка Батысту? — спытаў Пранціш праз зубы.
Саламея горка ўсміхнулася.
— Яшчэ як чуваць! Уся Варшава толькі пра іх і гаворыць, аж сюды чуткі дайшлі: пра вялікага прадказальніка і чарадзея графа Рудольфіюса Батысту і ягоную прыгажуню-жонку, як яна на гарачых вуголлях таньчыць і бессаромна ногі паказвае. Пан Рысь збіраўся быў паехаць мага на двубой выклікаць, але яго адгаварылі: Батыста ў фаварытах у Панятоўскага, кароль нават за жонкай яго валочыцца, і, кажуць, быў адораны ейнымі ласкамі…
Пры гэтых словах Вырвічу стала так балюча, што, здаецца, сэрца спыніцца… Пані Саламея ажно спалохалася:
— Табе кепска? Прыляж…
Вырвіч адкінуўся на падушку, сцяўшы зубы. А чаго ён чакаў, што егіпецкая прынцэса ні з поля вецер будзе захоўваць яму вернасць? Што ж, яна дастаткова прыгожая, таленавітая, разумная і… і незвычайная, каб счараваць нават караля, тым больш маладога і кідкага на кабетаў. А Батыста яшчэ, пэўна, і змушае нявольніцу да выгаднага флірту з манархам. А можа, Міхалішыўна ў Цялка і закахалася — а чаму не, прыгожы, дужы, далікатны, на флейце грае, Шэкспіра перакладае… А яна для яго ў спачывальні Афелію або Віёлу разыгрывае… А што ж, усемагутная мадам дэ Пампадур, фаварытка французскага караля, таксама з беднаты, з гразі вылезла, а ўсёй дзяржавай кіруе, каралева ёй кланяецца… Пазалаці вароне пер’е — вось табе і пава.
— Кажуць, Батысту расейская царыца да сябе запрашае на Каляды… А ў Расіі яго зусім не дастанеш, — скрушна прагаварыла Саламея.
— Нічога, я яго адусюль дастану… — ненавісна прагаварыў Вырвіч. — У мяне ёсць чым яго на наліснік раскатаць. А ты не чула, ці не перадаваў ён Панятоўскаму адну дужа рэдкую рэліквію?
— Не, не расказвалі такога…
Для каго ж італьянскі шалбер прыберагае карону святога Альфрэда, якую везлі для Пана Каханку? Бо трымаць такую рэч пры сабе — усё роўна што ездзіць з бомбай з запаленым кнотам. Няўжо для імператрыцы? Эх, з Лёднікам бы параіцца…