Хворая рука пачынала патроху ажываць, боль у плячы ўжо не ірваў на часткі. Вырвіч абшукаў камзол: вось ліст для палкоўніка Масальскага, у якім нябожчык Шрэдэр запэўніваў, што падхаружы Вырвіч як найлепей выканаў даручэнне па суправаджэнні хворага шляхціца ў паломніцтве да святых мясцінаў. Каб ведаць, чым абернецца — адразу паслаў бы да Хута суддзю Юдыцкага з ягонай спакуснай прапановай! Вось скрэмзаныя паперы і аловак — а вершаў набралася парадкам, хаця што гэта за вершы — няўклюдныя, як матылі з абарванымі крылцамі, хоць зараз адпраўляй іх у вогненную магілу… Толькі абяцанне Лёдніку не давала так учыніць.
Саламею прывезлі назад у карэце Разанцава, калі было ўжо зусім цёмна, і цені ад полымя свечак варушыліся па сценах, абклееных цёмна-сінімі шпалерамі ў залатыя кветкі, як начніцы. Жанчына зайшла ў пакой, валізка выпала з яе рукі на падлогу. Жонка доктара бяссіла апусцілася на крэсла, закрыла твар рукамі, і раптам плечы яе затрэсліся — Вырвіч яшчэ ні разу не бачыў, каб яна так адчайна плакала, хаця перажыць давялося разам нямала. Ён у самых жахлівых прадчуваннях падкульгаў да пані і крануў рукой за плячо. Яна падняла твар, велічная прыгажосць якога змусіла б не аднаго рыцара кінуцца зараз жа на абарону хай бы і ад крыважэрнага цмока.
— Прабач, нервы не вытрымалі…
Выцерла тонкай рукой слёзы, цяпер у яе рысах праз адчай вызірала тая ўнутраная сіла, якая робіць прыгажосць нечым большым, чым аб’ект для прыемнага сузірання.
— Збілі яго так, што жывога месца няма, — голас Саламеі быў суровы, толькі ледзь прыкметна дрыжэў. — Спіна — адна суцэльная рана, так што давялося цэлае палатно бальзамам вымачыць і прыкласці… Апрытомнеў толькі на хвілю… Каб прабурчэць, што я ў бальзам не дадала дастаткова ладану.
Усмешка кранула куточак вуснаў Саламеі. Доктар, напэўна, і на тым свеце пачне вучыць прабацьку Абрама правільнай рэцэптуры піва, а херувімаў — гігіене наконт падтрымкі пер’яў у чысціні.
— Перанеслі Бутрыма ў самы лепшы пакой, здаецца, каменданта выселілі, — працягвала жанчына. — Вырашыла адразу заехаць да цябе, каб Алесіка слязьмі не палохаць — бо адчувала, што не вытрымаю, а пры… гэтых таксама плакаць не хацелася.
Жанчына здушыла ўсхліп, страсянула галавой, яе нізкаваты голас зноў загучэў цвёрда.
— Зараз заеду дадому, суцешу сыночка, набяру яшчэ лекаў — і назад… Да Бутрыма… Алесік з Хвелькай перабудзе. Прабач, і да цябе ў бліжэйшыя дні наўрад выберуся, застанешся з Агапай, яна маўклівая, але старанная. Трэба яшчэ спадара Лі абавязкова да мужа прывезці. З ягонымі нетрадыцыйнымі метадамі весялей справа пойдзе…
— Як ты думаеш, доктар ачуняе? — у страшнай трывозе папытаўся Пранціш.
— Не ведаю… Усё ў волі Божай… — ціха прагаварыла Саламея, голас яе дрыжэў. — Але Бутрым моцны. Будзем маліцца і спадзявацца…
Памаўчалі…
— А гэтыя ж хочуць, каб я паставіла яго на ногі за месяц, — з горыччу прагаварыла жонка доктара. — На Каляды ён мусіць быць у Санкт-Пецярбурзе… Разанцаў ажно манжэты згрыз ад нецярпення — Бутрым жа непрытомны ўвесь час, дык пан Міхайла дасюль не змог з ім дамовіцца і штось патлумачыць. Нічога, пацерпіць, — Саламея нядобра пасміхнулася. — Наколькі я ведаю Баўтрамея, ён, калі свядомасць вернецца, яшчэ добра прыпячэ языком сябрука нашага.
І пацягнуліся дні панылыя і трывожныя, як час паміж позняй восенню і ранняй зімой, калі дрэвы ўжо ўсе голыя, страшныя, як пакараныя грэшнікі, а неба ўсё не скідвае на іх белае цнатлівае покрыва снегу.
Хаця снег, трывалы, сыпкі, нарэшце выпаў… Пад капытамі каня пана Караля Рыся ён разлятаўся іскрыстымі фантанамі, і пляваць было альбанчыку, ці сочаць, ці не сочаць, арыштуюць, заб’юць: шляхціц конна — каралю роўны! Твар пана свяціўся ад шчасця:
— Сын! У мяне нарадзіўся сын, пан Вырвіч! Я назваў яго Станіслаў Баўтрамей!
Пранціш ледзь не заперхаўся ад навіны. Вядомы шляхціц назваў спадчынніка ў гонар сына полацкага гарбара! А першае імя, Станіслаў — гэта адно з імёнаў Пане Каханку, князя і магната. Ну што ж, кожны сам каваль свайго лёсу, можна нарадзіцца князем, а пра цябе загавораць уголас толькі тады, калі спадчыну дзяліць давядзецца.
Ідэі з пана Рыся па вызваленні Лёдніка білі гданьскім фантанам, чорныя вусы тапырыліся, як дзве шпагі, гатовыя да бою, але Пранцішу хутка надакучыла выслухоўваць гэтыя «А тады мы як кінемся…», і ён паставіў перад альбанчыкам канкрэтную, як пляшка гарэлкі, задачу: любым спосабам выведаць, калі і якім шляхам маг Батыста выправіцца ў Санкт-Пецярбург, на якіх станцыях будзе спыняцца, хто з ім паедзе. У Вільні, дзе вакол паўжывога Лёдніка аховы і шпегаў было, як машкаты над лужынай, разлічваць на ўдалы напад не даводзілася.