Выбрать главу

Найбольш, вядома, чакалася візітаў пані Саламеі. Тая прыходзіла змучаная, але ўсё больш радасная: вось Бутрым перастаў траціць прытомнасць… Зрабіў ласку нармальна пад’есці… Пачаў уладна кіраваць працэсам свайго лячэння… Адбылася і нялёгкая размова з Міхайлам Разанцавым. Да гонару апошняга, той ні аб чым ні прасіў зняволенага, не ўгаворваў. Проста паведаміў пра абставіны, якія склаліся, і даў зразумець, што цяпер цалкам залежыць ад словаў былога аднакурсніка, але прымушаць гаварыць тое ці іншае не збіраецца.

— Маеш магчымасць мне адпомсціць, — толькі і сказаў, апусціўшы вочы.

На што Баўтрамей, які ўсё яшчэ не мог перавярнуцца на спіну, прабуркатаў «Кожны павінен выканаць свой доўг і захаваць гонар».

Як гэта разумець — Разанцаў мог толькі гадаць. Следства па справе прафесара Віленскай акадэміі Баўтрамея Лёдніка часова прыпынілася. А, каб не ягонае маўчанне, магло раскруціцца адчувальна і для ягоных блізкіх. Бо, аказваецца, усплыло і падарожжа прафесара з драгунам Вырвічам у якасці суправаджаючых падазронага хворага: з Менску даклалі, што яны праязджалі праз заставу. На шчасце, Батыста не стаў у даносе распісваць вываз езуіцкага золата, бо сам быў уквэцаны ў «залатой» справе, як котка ў смятане. Аднойчы на допыт прывялі для апазнання яшчэ аднаго вязня: Зыгмунд Грос абыякава агледзеў скрываўленага прафесара і запэўніў, што яго не ведае. Лёднік, у сваю чаргу, рашуча адмовіўся ад усялякага знаёмства з падазроным панам. І ясна было, што хоць збівай кожнага да смерці або другіх сведкаў прывядзі, меркавання не зменяць. Сапраўды, кожны мусіць выканаць свой доўг, якім чынам бы ён яго ні разумеў, як аднойчы сказаў над паміраючым Шрэдэрам Грос.

Прыйшоў наведаць Пранціша і кітаец. Сунуўся ў дом, ступаючы бязгучна, як дух-Хатнік, нізенькі, у сінім халаце, падбітым ватай, з вечнай усмешкай на маршчыністым твары, са смешнай казлінай бародкай. Так і здавалася, што зараз вымавіць якое-небудзь пагрознае «Фух-фух, чур мяне, дай-дай, гаспадар, без солі яечні, а то атрымаеш у плечы».

Але спадар Лі гаварыў ветліва і ціха, смешна перакрыўляючы словы. Ён агледзеў Пранціша, балюча націскаючы на асобныя кропкі цела, павадзіў рукой над ранай, якая ўжо зацягнулася, паглядзеў у вочы, ды так, што галава закруцілася — хаця вузкія вочы кітайца з жаўтаватымі бялкамі зусім не здаваліся страшнымі ў параўнанні з цёмнымі пранізлівымі вачыма Лёдніка.

— Паправішся хутка, малады чалавек! — паляпаў Чунь Лі Вырвіча па спіне. — Будзеш жыць доўга, ажэнішся, прыгожыя словы напішаш!

Вырвічу ажно стала непамысна: чаму кітаец сказаў пра словы, а не пра слаўныя бойкі? Няўжо, як і Лёднік, хоча з яго выхаваць вершаплёта?

На роспыты пра здароўе Бутрыма Чунь Лі сказаў, што доктар «Моцны, вельмі моцны. Але жарсны. Жарсць перашкаджае, бо толькі халодны розум павінен кіраваць высакародным мужам у часы небяспекі, стрыманасць прыводзіць да поспеху». І дадаў, што Канфуцый вучыў, не з тым трэба быць у бойцы, хто можа кінуцца на тыгра з голымі рукамі ці кінуцца ў раку, не чакаючы лодкі.

— Але Чунь Лі сам чалавек жарсны… — заўздыхаў скрушліва дзядок і прызнаўся, што з радзімы давялося яму ўцякаць пасля таго, як ягоны гаспадар, вельмі важны чыноўнік, патрапіў у няміласць да імператара, і прыйшлі жаўнеры з загадам усё сямейства чыноўніка забіць.

Чунь Лі, улюбёны вучань і целаахоўнік, не змог разам з гаспадаром ды іншымі слугамі добраахвотна прыняць смерць, а наадварот, пачаў біцца з прыхаднямі… А калі ўсіх перабіў — выратаваны гаспадар з раздражненнем на занадта стараннага слугу сябе зарэзаў, бо волю імператара парушаць нельга. Вось і блукае цяпер Чунь Лі па чужыне, як бяздомны сабака…

Пранціш трошкі не разумеў такой філасофіі, а калі спытаўся, як дапамагчы доктару Лёдніку, зноў сустрэўся з дзіўнотай.

— Канфуцый вучыў, калі табе скажуць, што высакародны муж, вядомы сваёй чалавечнасцю, патрапіў у студню, кідацца яму на дапамогу не трэба. Таму што высакародны муж можа ісці на смерць, але не можа гінуць неразважна.

Як з такой філасофіяй спалучалася выбітное баявое ўменне, невядома. Відаць, для ўжывання ўсялякіх хітрамудрых удараў у кітайца былі свае вучоныя абгрунтаванні — філосаф заўсёды здольны абгрунтаваць самы дзікі свой учынак такім высокім ды наймудрым слогам, што не тое каб упікнуць мудраца — яшчэ і ў ладкі яму папляскаюць прасцякі. Але ясна, што разлічваць на спадара Лі ў вызваленні доктара не выпадае. Добра, палечыць яго ды дапаможа аднавіцца… Нетрадыцыйнымі, хаця й жорсткімі, метадамі. Калі паедуць у Пецярбург, Лёднік павінен быць у як мага больш добрым стане.