Выбрать главу

Для важных гасцей адвялі асобны пакой, вытурыўшы з яго кагось менш самавітага і страшэнна абуранага несправядлівасцю. А што ж небрака хацеў, у гэтым свеце каму матавіла, каму булава. Людзі часалі языкі ды лупіліся на прыезджых. Толькі маладыя шляхціцы, якія вось ужо два дні праседжвалі ў карчомцы, гулялі ў карты, гучна размаўлялі і нахабна разглядалі ўсіх, не паказваліся, і ніхто не ведаў, што за паляндра ў іх учамерылася.

Але граф Батыста з прыгажуняй жонкай даведаліся.

Калі ў іх пакоі раптам вымалявалася чужая постаць, быццам проста са сцяны выйшаў дух яшчэ аднаго егіпецкага жраца.

Батыста ненавісна-насмешна паглядаў на маладога драгуна:

— Вы сур’ёзна спадзяецеся, пан Вырвіч, што можаце беспакаранна напасці на госця польскага караля і расейскай царыцы? Ды вас зараз…

Вырвіч развёў рукамі, паказваючы, што не трымае зброі.

— Ну што вы, пан Батыста, які напад… Усяго толькі гутарка старых знаёмых. Пра вельмі прывабную і карысную прапанову…

— Вы ўпэўненыя, што вам ёсць што мне прапанаваць? — Батыста намацваў рукой пісталет.

Міхалішыўна, якая пры з’яўленні Пранцыся не змагла стрымаць здзіўлена-радаснага ўскрыку, напружылася, падабралася бліжэй да графа, і драгун, намагаючыся не глядзець на яе, разумеў, што дзеўка прыкідвае, як не дапусціць да бойкі.

— Так атрымалася, што ў мяне ёсць адзін дужа цікавы і добра знаёмы вам ліст… — Пранціш усміхаўся, бы карчмар, што спаіў гасцям бочку бярозавага соку, прыпраўленага спірытусам, замест дарагога венгерскага віна.

Батыста самую трошку занепакоіўся.

— Які ліст?

— Разумееце… — Пранціш перабольшана скрушна ўздыхнуў, — часам можна па няўважлівасці спаліць у печцы пусты канверт…

Цяпер Батыста захваляваўся ўжо прыкметна.

— Пра які канверт кажа пан?

— Той, у якім быў ліст наступнага зместу…

Вырвіч не спяшаючыся дастаў з кішэні аркуш, распрастаў:

— «Яснавяльможны пан Геранім Радзівіл, даруйце, што прамарудзіў з адказам на ліст Вашай мосці, прыніжана цалуе вам ручкі і ножкі няварты ваш слуга Рудольфіюс Батыста…» Ой, які плябейскі стыль… Вас вучылі рыторыцы?

Маг ірвануўся і выхапіў з рук Пранціша аркуш… Гэта была копія, знятая з арыгіналу, засведчаная подпісамі двух сведкаў.

Аблічча мага зрабілася аднаго колеру з напудраным парыком.

— Што вам патрэбна? А, здагадваюся… Наша чароўная дама!

Батыста кінуў позірк на Міхалішыўну, нібы ацэньваў, наколькі зможа без яе абысціся. І Пранціш з няёмкасцю ўсвядоміў, што Міхалішыўна раптам уся затрымцела, і яе вочы загарэліся надзеяй — паверыла, што драгун вярнуўся за ёю… Няўжо апякунства караля ёй аказалася мала?

Вырвіч з цяжкасцю адвёў вочы ад актрысы, не жадаючы бачыць яе расчаравання, і змусіў сябе зноў жорстка ўсміхнуцца.

— Не пацэлілі, пан Батыста.

Маг здзіўлёна прыўзняў бровы.

— А вы паразумнелі, малады чалавек… Значыць, спакусіліся каронай святога Альфрэда, ці заадно і езуіцкім скарбам? Але ў мяне засталося не так шмат…

Пранціш адмоўна пакруціў галавою.

— Мы вернем вам той ліст, які зараз захоўваецца ў надзейным месцы і ў выпадку вашай здрады будзе адпраўлены ў Трыбунал, і дамо слова ніколі не распавядаць пра ваша злачынства, калі вы дапаможаце патрапіць інкогніта мне і яшчэ тром ліцвінам у Санкт-Пецярбург і пабываць там, дзе нам спатрэбіцца.

— За доктарам Лёднікам сабраліся? — насмешна, але з дамешкам нянавісці прагаварыў Батыста. — Павінен папярэдзіць, што ўсе пражэкты па ягоным вызваленні не спраўдяцца. Надта сур’ёзная справа.

— А што здарылася з панам Лёднікам? — Раіна Міхалішыўна шчыра ўстрывожылася, і Пранціш мімаволі заглядзеўся на яе зялёныя вочы, хаця даваў сабе слова аніяк не выяўляць увагі да новай каралеўскай фаварыткі.