Міхалішыўна падыйшла з-за спіны, паклала рукі юнаку на плечы:
— А вам пасуе, пан Вырвіч. Так і хочацца павучыць вас таньчыць на вуголлях — эфектна б глядзеліся.
Вырвіч рэзка абярнуўся і абняў прыгажуньку.
— Мы і так таньчым на вуголлях, дарагая панна.
І само зляцела з вуснаў недарэчнае пытанне, якое смыліла і назаляла, як ні адганяў яго, быццам авадзень у спёку.
— Ты… была з каралём?
З празрыста-зялёных вачэй знікла шчырая весялосць, велікаватыя ружовыя вусны падціснуліся.
— Ягоная каралеўская мосць вельмі ўпадабаў мае танцы ды спевы, і драматычны мой талент ацаніў…
Выкруцілася з абдоймаў, зноў усміхнулася па-блазенску дзёрзка:
— А асабістае жыццё караля — дзяржаўная таямніца, пан Вырвіч! Вы не мусіце гэтага ведаць, пан… Ахмед, давайце я вас буду клікаць Ахмедам!
І затаньчыла на дыбачках усходні танец, загайдала клубамі, уздымаючы ўверх сцябліны рук… Артыстка!
Раніцай Батыста з крывой усмешкай паведаміў, што жаданне пана Вырвіча быць побач з ягоным сябрам Лёднікам выконваецца няўхільна. Экіпаж егіпецкага мага на адной са станцый перастрэнецца з карэтай, якая ў суправаджэнні цэлага атраду гвардзейцаў вязе ў Санкт-Пецярбург дзяржаўнага злачынцу. Аказваецца, у Батысты і Разанцава запланаваная сустрэча… Батыста, праўда, адмыслова папярэдзіў, каб найміты сядзелі ціха, бо атрад будзе не менш чым у сотню вояў, не жартачкі.
Палазы парыпвалі па сыпкім снезе, пакідаючы ў ім глыбокія шнары. Карэта з закратаванымі вокнамі спынілася каля прыдарожнай карчмы, дзе ўжо два дні знаходзіўся маг са спадарожнікамі. Разанцаў, захутаны ў мядзвежае футра, выйшаў на стаптаны снег, падазрона азірнуўся і адправіўся ў будынак. А жаўнеры заняліся тым, чым спрадвеку займаюцца тыя, хто спыняецца каля карчомкі. Вядома, асабліва шляхетных гатункаў віна тут не было, але піва налівалі някепскае. А хутка яшчэ з вокнаў пачуўся дзівосны жаночы спеў на італьянскай мове… Нават фурман злез з аблучка і пацягнуўся, як зачараваны, бліжэй да дому. Жаўнеры, якія дзяжурылі ля карэты, таксама адышліся, задраўшы галовы да вакна, за якім разводіла рулады райская птушка.
У закратаванае вакно экіпажу з адваротнага ад карчмы боку зараз жа зазірнуў, выслізнуўшы невядома адкуль, егіпецкі хлопец:
— Бутрым!
Дзяржаўны злачынца, які драмаў, адкінуўшыся на мяккім сядзенні, адплюшчыў цёмныя вочы, абведзеныя кругамі, адчыніў знутры зашклёную шыбу:
— Пранціш! Ну і выгляд у цябе… Адкуль?
— Ціха! Зараз паспрабуем цябе адбіць… Мы разам з Батыстам прыехалі. Там пан Рысь, яшчэ колькі чалавек пазбіралі з суседніх маёнткаў… Жаўнераў ля карэты ціха прыкончаць, і бяжым. Іншай магчымасці не будзе. Трымай пісталет і нож…
Але Лёднік пакруціў галавой з адрослымі чорнымі валасамі, на яго схуднелым абліччы была стома:
— Выбачай, не магу…
— Ты што, прыкаваны? Справімся…
— Не, дарагі! — доктар з мяккай усмешкай паціснуў праз краты руку нечаканага госця. — Я даў слова Міхайле, што паеду з ім. Я павінен пацвердзіць, што ён не здраднік.
Вырвічу на імгненне мову адняло. І сапраўды падалося, што на галаве доктара — дзіравы медны тазік, апрануты ён у іржавыя рыцарскія латы, а рука сціскае дзіду, нацэленую на вятрак. Дон Кіхот няшчасны, рыцар сумнага вобразу!
— Ты што, здурэў? Якое слова? Цябе ледзь не замучылі! Выратуеш яго, твой сябручок зноў цябе на крук павесіць! І яшчэ мяне побач!
Лёднік трохі змяніўся ў твары:
— Ты не павінен папасціся… Сыходзь!
— Пайшлі разам! — Вырвічу хацелася проста аглушыць зараз упартага доктара, як рыбіну, і звалачы сілком. — Пра Саламею падумай! Пра Алесіка! У Італіі пажывем, там вучоных шмат!
Спевы ў карчме скончыліся, людзі ўхвальна загулі.
— Зразумей, у мяне ёсць магчымасць заступіцца не толькі за Міхайлу… — з тугою адказаў Лёднік. — Магчыма, удасца пераканаць, каб не чапалі Акадэмію, не пераследвалі студэнтаў. Сам ведаеш — наш кароль зробіць тое, што скажа Пецярбург… Ты лепей Батысту прыцісні, каб ад даносу адмовіўся… Зараз мне збегчы — гэта здрада! Гэта пацвердзіць, што ўсё-ткі ёсць змова, і трэба ўсіх арыштоўваць і дапытваць! Увядуць ваеннае становішча, і… Да таго ж — пагоня, кроў, загінулыя людзі… Ды жаўнеры тут пекла ўчыняць! Навошта тады ўсе мае высілкі былі?