Выбрать главу

Цяпер штурхаліся з усіх бакоў, і паненка пабегла далей… Мала што тут малады блакітнавокі егіпцянін… Навокал хапала самых неверагодных персанажаў, з велізарнымі дзюбамі, у капелюшах-караблях… Нехта нават у мурына пафарбаваўся — а можа, гэта і насамрэч быў мурын, у вясёлай мітульзе карнавалу нельга было адрозніць сапраўднае ад несапраўднага.

Вось пад карліка не падробішся… А іх тут было столькі, быццам спецыяльна вырошчвалі (а хадзілі чуткі, што так і ёсць — калечаць дзяцей адмыслова, трымаюць іх у спецыяльных прыстасаваннях, каб косткі раслі няправільна, і вось — жывая забаўка для багацеяў). І як ні любіў Пранціш Вырвіч пагулянкі ды зухаватыя бяседы, не было яму весела пад гэтым нізкім, як скляпенне, небам, між бліскучага натоўпу, кожны з якога ў любы момант мог ператварыцца з усмешлівага прыдворнага ў атласе і карунках у апальнага раба з вырванымі ноздрамі і кляйном дзяржаўнага злачынцы на ілбе… Хто ведае, дзе паслізнешся на наваскаваным палацавым паркеце? Тут шляхціц не выкрыкне таму, хто займае трон, што гэта ж ён і выбіраў цяперашняга манарха на элекцыйным сойме, а раз яны ўсе — роўныя ў шляхецтве сваім, дык няхай Трыбунал вырашае, чыя праўда. Вунь Панятоўскі паспрабаваў цыдулкі адной замужняй пані перасылаць з давераным чалавекам, муж высачыў, пасланца дзягай збіў, а з цыдулкай на суд прыйшоў… Кароль ледзь адкупіўся, а пані ў кляштар адправілася грахі замольваць.

Тут такое ніколі не было магчымым… А вось што дзесьці побач могуць знайсціся землякі, ліцвіны, захопленыя падчас змагання супраць новага польскага караля — цалкам верагодна. Але што толку… Нават у Ангельшчыне Пранціш не адчуваў сябе такім загубленым і самотным.

Ад чарговага выбуху змяюка, якую насіў Пранціш у пазалачанай клетцы, цяпер захутанай у футра, прачнулася і закруцілася, нягледзячы на холад, які павінен быў надзейна ўганяць яе ў сон. Такая роля выпала шляхціцу Вырвічу гербу Гіпацэнтаўр — насіць за магам і ягонай жонкай залаціста-зялёную пачварыну, з дапамогай якой егіпецкая прынцэса нібыта зносілася з духамі, а насамрэч проста для важнасці.

— Пойдзем, Ахмед, фейерверк закончыўся… — прашаптаў за плячом знаёмы голас.

Вырвіч удзячна азірнуўся: графіня Батыста ў неверагоднай шырыні і багацці сукенцы хутала аголеныя плечы ў белае футрачка. Пранціш пакланіўся сваёй часовай гаспадыні і рушыў за ёю ў палац, які нагадваў залаты куфэрак вужынай каралевы, у якім ззяюць незгасальным агнём дыяменты, але простаму смяротнаму лепей да іх не дакранацца.

Егіпецкі жрэц і егіпецкая прынцэса паспелі ўжо паказаць сваё майстэрства, і танец на гарачых вуголлях прынёс парачцы залаты дождж. А трое падпітых зухаватых прыдворных, якія вырашылі здзівіць усіх і паўтарыць подзьвіг графіні Батысты, залечвалі апечаныя ногі.

Пранцішу давялося на вачах зацікаўленай публікі здымаць з Міхалішыўны чаравічкі, потым абуваць, і, нягледзячы на лёкайскую ролю, ён адчуваў сябе не лёкаем, а зняволеным Ланцэлотам, і, трымаючы ў руцэ чаравічак, страшэнна хацеў усю гэтую бліскучую публіку загнаць замест Раіны ў пякельнае карыта.

Цяпер графа-жраца прасілі неадкладна прадказаць будучыню, нагадаць жаніха, павялічыць смарагд ды чапляліся з іншымі вечнымі просьбамі, з якімі па ўсім свеце звяртаюцца да вандроўных чарадзеяў і алхімікаў. Чароўная графіня адпалохвала закаханых кавалераў тым, што насіла на шыі жывую змяю, нашмат меншую за тую, якая сядзела ў клетцы, але застрашліва чорную, ды паведамляла заляцаннікам млявым тонам, што за тры тысячы гадоў балі зрабіліся куды больш вытанчанымі, вось двесце гадоў таму з-за яе пры двары Людовіка Чатырнаццатага чатыры двубоі адбылося. Кавалеры падлічвалі розніцу ва ўзросце між сабой і прынцэсай Семпенсентрай і трохі сумнелі. Дапамагаў і Пранціш, тут жа падсоўваючыся са сваёй змяюкай, якая жадала перамовіцца з прынцэсай. А галоўнае — чарадзейнай парачкі пабойваліся, і наконт сурокаў, і наконт таго, што знаёмства з прыезджымі магамі можа адгукнуцца падазрэннем у захапленні чарнакніжніцтвам, якога імператрыца не ўхваляла. Бо пакуль не было зразумелым, як яе вялікасць ставіцца да італьянскага гастралёра: у ладкі пляскала, але стрымана, і прыдворныя пакуль не спяшаліся з прагнозамі.

Натоўп стаяў уздоўж сцен доўгай залы з белымі мармуровымі калонамі, абвітымі пазалочанымі вінаграднымі гронкамі. Пранцішу падалося, што нават пры Варшаўскім каралеўскім двары не бачыў такіх багацюшчых убораў. Успомніліся сустрэтыя ў мінулым годзе запарожскія казакі: плячыстыя вусатыя малойцы прыехалі на кірмаш, пераапрануліся ў такія ж багатыя саеты ды парчу, гулялі-балявалі, а як свята скончылася — па чарзе ў сваёй дарагой вопратцы залезлі ў бочку з дзёгцем, а тады ўпэцканае паскідалі і зноў пераапрануліся ў звыклае, зручнае на полі бойкі. Бо не павінен сапраўдны казак, рыцар, даражыцца ўборамі, як кабета альбо палацавы шваркун.