Раптам гуд сціх, усе нізка схіліліся…
Хаця зала была асветленая ярка — сотні свечак палалі ў крышталёвых падвясных свяцільніках і пры сценах, агонь адбівалі шматлікія люстэркі, але Пранціш дасюль не мог толкам разгледзець імператрыцу. Хто ён такі, слуга, які стаіць за спінамі паноў… Цяпер таксама бачыў толькі здалёк: невысокая, паўнаватая… Але лупіцца ды праштурхоўвацца бліжэй не станеш, не на кірмашы.
Чаму разгляд «віленскай справы» быў прызначаны менавіта на гэты вечар, можна было толькі здагадвацца. Мусіць, канцлер Панін палічыў, што яму выгадней, каб імператрыца была ў добрым гуморы пасля карнавалу і феерверкаў, і паабяцаў уладарцы яшчэ адно цікавае відовішча. Гэта вельмі ўдалы прыдворны прыёмчык — ператварыць рашэнне сур’ёзнай справы ў тэатральнае прадстаўленне, стварыць забаўныя дэкарацыі, звесці да жарту… Каб сама абстаноўка навязвала ролю велікадушнага, дасціпнага ўладара.
Пранціш пазнаў Мікалая Рапніна, галоўнага расейскага «спецыяліста» па Рэчы Паспалітай, які стаяў па той бок залы з самым вясёлым выглядам, фанабэрыстага польскага пасла Ржэвускага, які не рабіў нат спробаў усміхацца. Звярнуў увагу і на маладога высокага прыгажуна, што аціраўся паблізу ад імператрыцы з такой пыхай, што мог быць толькі царскім фаварытам Георгіем Арловым. Казалі, царыца так яго пакахала, што хацела пашлюбавацца. Але Панін асмеліўся сказаць яе вялікасці ў вочы, што пані Арлова не можа быць расейскай царыцай. Пры гэтым, ганарыста адкінуўшы галаву, канцлер так стукнуўся патыліцай аб сцяну, што на ёй утварылася белая пляма ад пудры парыка. Панін нажыў смяротнага ворага ў асобе Арлова, а маладыя прыдворныя празвалі сцяну з плямай ад пудры «сцяной смеласці» і бегалі даткнуцца да яе перад важнай справай.
Але сёння Паніна не было. Магчыма, і праўда прыхварэў, а можа, хвароба была «дыпламатычнай», каб у выпадку няўдалага вырашэння «віленскай справы» канцлер мог сцвярджаць аб сваёй непасвечанасці.
Калі ў залу ўвайшлі граф Міхайла Разанцаў і доктар Баўтрамей Лёднік, Пранціш ледзь не парушыў ролю слугі, бо падаўся наперад, каб лепей усё бачыць і чуць, ледзь сваю змяюку не выраніў.
Разанцаў і Лёднік выглядалі самым важным і гжэчным чынам. На Лёдніку быў акуратны парык, сіні камзол, расшыты срэбрам, белыя панчохі, чаравікі… Напудраная фізіяномія фанабэрыста-засяроджаная, быццам на вучонай радзе. Толькі тое, што быў без зброі, сведчыла пра статус арыштаванага злачынцы, ды рэзкія цені ад вечаровага асвятлення рабілі аблічча трохі злавесным.
Абодва расшаркаліся і раскланяліся, як мае быць. Імператрыца прыняла з рук важнага пана з выцягнутым тварам паперу, перачытала… І, цэдзячы словы, звярнулася да доктара з рэзкім дакорам, маўляў, вучоны чалавек, прафесар, яна, царыца, ягоныя артыкулы ў Лейпцыгскім навуковым часопісе чытала, і ўвязаўся ў змову, падбухторваў сваіх студэнтаў са зброяй у руках выганяць з Вільні рускіх і звяргаць законнага караля.
— У вас не ўніверсітэт, а пітомнік для дзяржаўных злачынцаў!
Пранціш не мог бачыць аблічча Лёдніка, але голас таго гучаў спакойна і ветліва. Лёднік патлумачыў на расейскай, праўда, з акцэнтам — але ж і сама імператрыца размаўляла з заўважным акцэнтам — што яе вялікасць падманулі, дакладней, мае месца некаторае непаразуменне.
— Студэнты, вядома, сваволілі… Але на тое яны і студэнты, такія ж, як па ўсім свеце, ваша вялікасць — пасля імшы замкнуліся ў зале, дасталі карты, віно… Вядома, гэта падлягае пакаранню, і я сам перасаджаў бы блазнюкоў у карцэр. Але калі наляцелі жаўнеры, якія гатовы былі страляць, гэта ўжо занадта… Я — прафесар, я адказваю за сваіх вучняў. Я павінен быў іх абараніць. Мне нічога не вядома пра іх палітычныя сімпатыі, але губіць з-за аднаго падазрэння маладых людзей, з якіх могуць вырасці карысныя для Айчыны людзі, нельга.
І пачалося. Разанцаў сцвярджаў, што ў Акадэміі антырасейскія настроі, што многія сімпатызуюць адпраўленаму ў выгнанне князю Радзівілу, таму звесткі пра закалот выглядалі вельмі верагодна. Князь Мікалай Рапнін пацвердзіў пра няправільныя настроі віленскай моладзі, але пэўна сказаць, ці ўдзельнічаў прафесар у закалоце, не мог, бо доказаў не знайшлі. Кіраўніцтва Акадэміі, як будысцкія малпачкі, сцвярджалі ў лістах, што нічога не ведалі, не бачылі, не чулі і занятыя выключна асветніцтвам, а што там доктар Лёднік вытварыў, чаму счапіўся з жаўнерамі — гэта ягоная асабістая справа.