Успомнілі і пра Батысту.
На егіпецкага жраца царыца глядзела трохі грэбліва, як на змяюку ў клетцы. Ягоныя дасканала велягурыстыя і прыніжаныя запэўніванні пра вернасць трону, жаданне папярэдзіць пра бунт і непаразуменні наконт месца і часу зборышча выслухала няўважліва.
— Ясна, усе стараліся, усе мне адданыя, і ніхто нічога толкам не ведае, бо не злоўлены — не злодзей. Мы цэнім ваша старанне, граф Батыста, і мне перадалі ад вас незвычайнае паднашэнне. Толькі прыняць яго не магу. У мяне, па волі Божай, свая карона ёсць, і ў чужых патрэбы не маю. Праўда, і ў вашых руках такой рэліквіі не месца. Мы падумаем, што рабіць.
Батыста аж загайдаўся ад такіх слоў. Вось табе і карона святога Альфрэда, «запрашальны ліст да любога каралеўскага двара». У манархаў свой гонар, пан жрэц… Людзі зашапталіся, спрабуючы адгадаць, што паднёс імператрыцы маг, але царыца ўдакладняць не стала, а загаварыла пра самае цікавае.
— Ты, Разанцаў, сцвярджаеш, што не быў у змове са сваім сябрам прафесарам Варфаламеем Лёднікам, і калі прыйшоў на чале войска ў дзвесце жаўнераў арыштоўваць змоўшчыкаў, той проста сілай не даў вам гэта зрабіць, не пусціўшы ў залу.
— Так, ваша вялікасць… На жаль, Варфаламей не паслухаўся голасу розуму, — Разанцаў схіліўся ў нізкім паклоне.
Жанчына на троне перавяла позірк на палачаніна.
— І ты можаш пацвердзіць, Варфаламей Лёднік, што адзін спыніў дзвесце чалавек?
Высокі маладзён ля трону выразна хмыкнуў, абмерваючы пагардлівым позіркам худую постаць злачынцы.
— Я не Галіяф, ваша вялікасць, каб справіцца з двумя сотнямі, — пачціва пакланіўся Лёднік. — Мне проста давялося цягам некалькі хвілінаў абараняць уваход у залу, у дзверы якой адначасова могуць прайсці не больш двух чалавек…
— І на колькі ты іх затрымаў? — з паблажлівай зацікаўленасцю спытала імператрыца.
— Думаю, хвіліны на дзве, ваша вялікасць.
— Разанцаў, тваё слова?
Пан Міхайла цвёрда адказаў:
— Не менш пяці хвілін пратрымаўся, ваша імператарская вялікасць.
У зале зашапталіся, заварушыліся, як госці на вяселлі, на якое спазняецца жаніх. Пранціш ад хвалявання пераступіў з нагі на нагу, праклятая рэптылія зноў варухнулася ў клетцы, на гэты раз не захутанай, таму на егіпцяніна з ягонай пачварай увесь час раздражнёна касавурыліся.
— Матухна, царыца, ды яны хлусяць табе! — выступіў наперад Арлоў, які адзіны мог дазволіць тут сабе дзёрзкасць умешвацца ў размову ўладаркі. — Ды паглядзі на гэтага чарнявага палячышку, я ж яго адной рукой размажу! Трубка клісцірная, а не ваяр! Падзялілі золата ад бунтаўніка Радзівіла, і табе, матухна, вочы зацярушваюць…
— Я не паляк, ваша светласць, я ліцвін, — дазволіў сабе нечуваную дзёрзкасць і Лёднік, насмеліўшыся запярэчыць. — І даю слова, што граф Міхайла Разанцаў, хоць і аднакурснік мой па Лейпцыгскім універсітэце, у змову са мной не ўступаў, сумленна выконваў свой доўг перад вашай імператарскай вялікасцю і ніякай паблажлівасці да мяне не праяўляў. Следства было самым суровым, доказы чаму ёсць на маёй спіне.
Загаварыў рашуча і Міхайла Разанцаў:
— А я мушу засведчыць, што доктар Баўтрамей Лёднік адразу заявіў, што не хоча нікога забіваць, толькі абараніць сваіх студэнтаў, і ніхто ад ягонай шаблі не загінуў і не быў паранены. Ён здаўся сам. І падчас допытаў прызнання віны ад доктара атрымаць не ўдалося.
Арлоў ганарыста пасміхнуўся:
— Вось бачыш, матухна, як яны адзін аднаго абяляюць… Дазволь, пасля таго, як іх абаіх адправіш у таемную канцылярыю, я вазьму пару палкоў ды тое бунтоўнае кубло ў Вільні з зямлі прыбяру.
Відаць, Мікалай Рапнін вырашыў, што час пераводзіць размову на іншае:
— Няхай ваша імператарская міласць дазволіць мне выказаць сваё нявартае меркаванне, але, думаю, мы зможам лёгка даведацца, хто гаворыць праўду. Паколькі ў нас ёсць галоўны герой, — Рапнін паказаў на Лёдніка, — дык няхай ён і прадэманструе нам, як змог затрымаць адзін узвод жаўнераў.
Ясна было, што менавіта на гэтую пастаноўку і разлічвалі. Царыца павесялела:
— Што ж, гэта будзе цікавы працяг карнавалу!
Звярнулася да Лёдніка:
— Ты гатовы да выпрабавання?
Доктар паціснуў плячыма.
— Баюся, што я не ў лепшым стане зараз і магу расчараваць вас… — азірнуўся на збялелага Рапніна і не менш збялелага Разанцава. — Але пакажу, што змагу.
— Вось і выдатна! — кіўнула царыца. — Тут справа не ў закалоце студэнтаў, а ў тым, што пастаўлена пад сумніў вернасць маіх людзей. Так што пастарайцеся, пан Лёднік. Забіваць забараняю, а лёгкія раны будуць на сумленні тых, хто схібіў і прапусціў удар.