Выбрать главу

— Ваша імператарская мосць, — ступіў наперад Рапнін. — Мы адчынім вось гэтыя бакавыя дзверы, і няхай з галерэі паўз доктара паспрабуюць прабіцца жаўнеры ў дзверы насупраць.

— А людзей я падбяру сам! — заявіў Грыгорый Арлоў. — Каб пану ліцвіну яшчэ лепей спіну начысцілі!

Дэкарацыі хуценька арганізавалі. Від на імправізаваную сцэну для ўсіх адкрываўся выдатны, хаця Лёднік папрасіў усіх пасунуцца падалей, каб не здарылася няшчаснага выпадку, калі вылеціць выбітая з рукі шабля.

«Ага, зараз шаблі ў яго дажджом паляцяць», — бурчэў Арлоў. Дамы ў прадчуванні відовішча хутчэй замахалі веерамі, ажно свечкі замігцелі, і жыва абмяркоўвалі дэманічнае аблічча ліцвіна, які, кажуць, з’яўляецца магутным чараўніком. А мужчыны, наколькі мог чуць Пранціш, рабілі стаўкі на доктара, але часцей — супраць яго, а яшчэ на тое, колькі чалавек ён зможа абяззброіць. Усім было весела… Акрамя некаторых дужа зацікаўленых асобаў.

— Ён справіцца? — прашаптала Пранцішу Міхалішыўна, яе абцягнутая белай шаўковай пальчаткай тонкая рука, якая трымала веер з пухнатых страўсавых пер’еў, пазалочаных па краях, бы аблачынкі сонцам, трохі дрыжэла.

— Справіцца, калі не надта пагана пачуваецца… — шапнуў у адказ устрывожаны Пранціш.

Бо што далей — не ведалі нават егіпецкія багі, таму што далей мог быць і змрочны Шлісельбург, і зноў катоўня, і Сібір…

Лёднік рыхтаваўся да вызначальнай бойкі спакойна, як да трэніроўкі з вучнем, але грунтоўна. Зняў камзол, застаўшыся ў белай кашулі і пералівіста-срэбнай камізэльцы, сцягнуў парык, і цёмныя валасы, перавязаныя стужкай, упалі на спіну. Выбраў з прапанаваных дзве шаблі, адыйшоўся, крутануў зброю ў апушчаных руках, рухам адных кісцей — шаблі са свістам выпісалі ў паветры кругі, і той-сёй задумаўся наконт правільнасці ставак. Спыніўся насупраць бакавых дзвярэй, у расслабленай паставе, апусціўшы шаблі. Худы дзюбаносы твар выказваў трохі грэблівы сум…

— Можаце пачынаць.

Дзесьці непадалёк рака моўчкі несла свае цёмныя думкі пад ільдом. Сумленныя мяшчукі пазяхалі, углядаючыся праз маленькія вакенцы туды, дзе над царскім палацам згасалі рознакаляровыя ўспышкі, санліва хрысціліся і клаліся спаць, настолькі далёкія ад панскіх крывавых гульняў, што не прыходзіла ў галаву зайздросціць тым, хто зараз у асветленых тысячамі свечак залах атрымлівае асалоду ад сузірання розных цудаў. Цуд для добрага хрысціяніна — справа небяспечная, бо можа ўвесці ў спакусу.

А ў палацы імператрыца кіўнула, і відовішча пачалося.

Гвардзейцы былі ўсе, як адзін, не ніжэй за Лёдніка, а многія больш плячыстыя, і стараліся, як маглі. Тым болей задача выглядала смешнай: прыбраць з дарогі ўсяго аднаго чалавека. Але той чалавек больш нагадваў пруткую змяю, а ягоныя рухі — злавесна-прыгожы танец, за якім немагчыма было ўсачыць. Вырвіч неаднойчы падобныя выступленні доктара назіраў, у ангельскім байцоўскім клубе той біўся за грошы, якія ім тэрмінова былі патрэбныя, і ўсіх мясцовых чэмпіёнаў перамог. Можа, цяпер, пасля гасцявання ў катаў, Лёдніку было і цяжэй, чым калісьці, але гэтага ніхто не заўважыў. Ён круціўся ваўчком, зразаў вусы і гузікі, выбітыя шаблі са звонам бразгаліся на паркет, а абяззброеныя жаўнеры з выццём хапаліся здаровымі рукамі за выкручаныя.

Людзі ажно крычалі ад азарту, падбадзёрвалі і лаялі вояў, верашчалі ад страху, калі ў іх бок адлятала шабля ці адступалі тыя, хто біўся… А вось і балаганныя трукі ў ход пайшлі, хаця Пранціш і так быў упэўнены, што калі Лёднік хоць трохі ачуняў, не папусціцца прадэманстраваць незвычайныя ўменні: скачок на мармуровую калону, неверагодны пераварот — і шабля бліскае ўжо за спінамі разгубленых ворагаў.

Шаблі ліцвіна са свістам разразалі паветра, а маглі жывую плоць. А кідацца на лязо, каб гераічна стрымаць коштам жыцця ворага, ніхто не збіраўся, таму ўрэшце пад націскам палачаніна ўсе гвардзейцы аказаліся за дзвярыма. На тым бойка па дамоўленасці і была скончаная. На паркеце валяліся шаблі, гузікі, зрэзаныя манжэты і напудраныя пасмы, была і кроў — хтось атрымаў свае баявыя драпіны. Лёднік з той жа нудна-фанабэрыстай фізіяноміяй паклаў шаблі на падлогу перад імператрыцай, пакланіўся і выпрастаўся, як і не вытанцоўваў толькі што тут імклівы танец смерці. Імператрыца папляскала ў ладкі, і зала выбухнула воплескамі і выкрыкамі захаплення. Пранціш перавёў дух і адчуў, што Міхалішыўна лёгка паціснула яго руку.

Але наперад лянівай хадой моцнага драпежніка выходзіў Грыгорый Арлоў.

— Паскакаць перад жаўнерамі — справа няхітрая. А вось са мной разбярыся, цвыркунок!