Выбрать главу

— Грыша! — угневана сказала імператрыца ў спіну фаварыту. — Суніміся.

— Матухна, дазволь, я пакажу яму, што такое бойка! — прамовіў Арлоў і пагрозна насунуўся на Лёдніка, які нават не зварухнуўся. — Бяры шаблю, палячышка!

Арлоў выхапіў зброю, лязо небяспечна дрыжэла ля горла ворага, прагнучы напіцца крыві. Лёднік застыў на месцы:

— Я не паляк, а ліцвін, ваша мосць, — упарта паўтарыў ён. — І тут павінны выконвацца толькі загады яе вялікасці.

Фаварыт павярнуўся да царыцы:

— Хрыстом-Богам малю, матухна, дай з ім пабіцца! Слова даю, забіваць не стану, але не вытрымаю, калі фанабэрыю з яго не саб’ю!

Царыца зрабіла выгляд, што ўгневаная, хаця Вырвіч здагадваўся, што ёй самой хочацца працягу відовішча.

— Толькі, калі што, вінаватых не шукай, Грыша! — сурова папярэдзіла яна.

Па фізіяноміях Разанцава і Рапніна Вырвіч зразумеў, што лепей бы Лёдніку не біцца з фаварытам. Прыніжэння на вачах імператрыцы той ніколі не даруе, а калі, не дай Бог, Баўтрамей суперніка параніць — тут ужо царыца раз’юшыцца.

І Пранціш ведаў, што выйсця няма, бо Лёднік сваім гонарам таксама ніколі не паступіцца, хоць з гарматы па ім страляй, і не падумае паддацца ці паддобрыцца. Вось, гуляе з супернікам, як з мышкай… Вельмі вялікай, прызнаемся, і дужа злоснай мышкай… Мядзведзем, сказаць праўдзіва. Хаця б для прыліку даў усемагутнаму пану пакрасавацца! Не, з той жа зануднай фізіяноміяй змусіў выпусціць шаблю, арудуючы сваёй так імкліва, што вока не паспявала сачыць. І другі раз. І трэці. А на чацвёрты Арлоў ужо не стаў падымаць здрадлівую зброю, а кінуўся на суперніка з кулакамі. Кулакі пудовыя, морда перакрыўленая, вочы белыя ад шаленства… Усё, гамон…

Толькі выкрыкі імператрыцы, на гэты раз з непадробным гневам, змусілі фаварыта спыніцца.

— Ды я яго на пыл… — сычэў Арлоў.

— Можа, і на пыл, дружа мой, але зараз астынь, з’ездзі ў Царскае Сяло, праветрыся, прывязі мне новыя клавікорды, што на днях з Нямечыны прыслалі.

У голасе імператрыцы цяпер гучала сталь, гэта быў голас улады, якой немагчыма аслухацца, бо значыць кінуць выклік яе моцы… Тут ніякая сардэчная схільнасць не ўратуе. Арлоў пакланіўся і толькі ўдакладніў праз зубы:

— Клавікорды? З Царскага? Цяпер?

— Менавіта цяпер, — імператрыца глядзела светлымі невыразнымі вачыма. — Думаю, як раз раніцай вернешся. А доктар Лёднік пакуль пабудзе маім госцем.

Фаварыт яшчэ раз пакланіўся, развярнуўся і сышоў размашыстымі крокамі, але позірк, які ён кінуў на доктара, быў як смяротны прысуд.

У залу зноў вярнулася весялосць. Але наступная частка вечарыны была ўжо не для ўсіх. На сёння карнавал заканчваўся. Царыца загадала накрыць стол у малой зялёнай зале, але патрапіць за яго маглі толькі выбраныя. Стамлёныя і поўныя ўражанняў госці паціху раскланьваліся, разыходзіліся, каб разнесці плёткі па ўсёй сталіцы, як мухі разносяць на лапках прыліплы бруд… Злосны і расчараваны Батыста, атрымаўшы ад імператрыцы халодную ўсмешку, сыйшоў адным з першых. Пранціш, які мусіў сысці следам, паспеў толькі пабачыць, як у куце залы, ля трону, Разанцаў і Рапнін размаўляюць з Лёднікам, які паспеў апрануць камзол і парык, і відавочна нікуды не спяшаюцца.

У камяніцы, знятай у самым цэнтры горада за шалёныя грошы, Батыста нарэшце даў выхад разражненню.

— Усё, праз пару дзён з’язджаем… Заўтра яшчэ выступім у княгіні Дашкавай, пакуль ад нас усе не адвярнуліся, пастрыжэм авечак. Зарабілі дастаткова, паездка акупілася. Царыца падарунак не вярнула, прыслала ўзамен куфэрак залатых. Ды ў ангельскага караля я б за такую рэліквію добрае месца пры двары выкупіў! На ўсё жыццё сябе забяспечыў! А тут… Не любіць, ці ж бачыце, імператрыца чарнакніжнікаў… — Батыста злосна хмыкнуў. — Тады, спадзяюся, вашага доктара яна спаліць на вогнішчы.

Вырвіч абурыўся:

— Мы нікуды не з’едзем, пакуль не даведаемся пра лёс Бутрыма і не паспрабуем яго вызваліць!

Пан Рысь, які ўсё яшчэ быў узрушаны расповедам пра тое, што адбылося ў палацы, Пранціша горача падтрымаў… Але Батыста стамлёна махнуў рукой.

— Самі пабачыце, праз два дні нам тут не будзе чаго рабіць, нас перастануць пускаць у дамы, а затрымаемся — вышлюць. Вялікі свет — гэта калі хутка ўспыхвае захапленне, і яшчэ хутчэй гасне, змяняецца расчараваннем, а потым жаданнем пазбавіцца ад таго, на каго патраціў захапленне. Думаю, ваш доктар адчуе ў хуткім часе гэта на сабе. Усё, пайшлі спаць… Заўтра нешта вырашыцца.

Абняў уладна Міхалішыўну за тонкі стан і павёў у спачывальню. Здаецца, апошнім часам ён наложніцу не б’е…. У Вырвіча раптам узнікла проста дзікае жаданне ўсадзіць нягодніку шаблю між лапатак. Відаць, гэтае жаданне адлюстравалася ў Пранціша на твары, таму што пан Рысь паклаў яму руку на плячо: