Выбрать главу

— Супакойся, егіпцянін. Паспеем прыкончыць паскудніка. Лепей раскажы мне яшчэ раз, як пан Лёднік маскалям лазні даў.

Халодная зімовая ноч была непрагляднай, як магіла. Але тут, у ганарыстым горадзе, яе праціналі выстраеныя шыхтамі ліхтары, бы пакорлівыя салдаты, якія нават задумацца не хочуць, што задачу ім паставілі немагчымую, і ўпарта трымаюць абарону. Холадна і няўтульна было так, што нават сабакі не брахалі, толькі павісквалі жалобна. Часовыя насельнікі камяніцы, што прыехалі сюды з далёкай Літвы, гэтай ноччу выспацца не паспелі. Яшчэ не развіднела, у дзверы загрукалі. Потым у доме пачуліся ўстрывожаныя галасы, вось верашчыць Батыста…

Пранціш, спатыкаючыся, апрануў яркія егіпецкія анучы і кінуўся ў вітальню. Граф Міхайла Разанцаў з памятым абліччам, ясна, што ноч была бяссоннай, адрывіста камандваў:

— Аддаю сваю карэту… Толькі хутчэй грузіцеся!

— Што такое? — устрывожыўся Вырвіч.

— А, вось вы дзе, пан Вырвіч… Чорныя валасы вам пасуюць. Ягоная мосць Грыгорый Арлоў пабудзіў ягоную мосць Мікалая Рапніна і запатрабаваў, каб зараз жа, пакуль яе вялікасць не прачнулася, звозілі прэч Лёдніка. Усе правіны яму даруюцца, дый іншым таксама. Акадэмію загадана не чапаць, усім, хто заслужыў, дадуць марцыпанаў… — Разанцаў быў страшэнна стамлёны, але ўстрывожана-шчаслівы. — Галоўнае — каб сёння ж духу ліцвінскага ў горадзе не было. Ягоная мосць Арлоў хоча з царыцай мірыцца, нешта выключна-цікавае для яе падрыхтаваў… Ну а Варфаламей адмовіўся з’язджаць без вас.

Міхалішыўна прабегла міма, апранутая па-дарожнаму, з кучай стракатай вопраткі ў руках.

— Змей не забудзьцеся! — гарлаў у пакоі побач Батыста.

— Дзе Бутрым? — ускінуўся Пранціш.

— Там, у маёй карэцэ, сядзіць… Хутчэй збірайцеся, ваша мосць, і сустрэнецеся!

Вырвіч, блытаючыся ў рукавах, улез у світку, схапіў шапку і кінуўся на вуліцу. Перад брамай стаяла невялікая ладная дарожная карэта з гербам Разанцава. У стайні пад камандай пана Рыся запрагалі коней у Батыставы экіпажы. Воз ужо чакаў на вуліцы, на яго грузілі прыстасаванні для фокусаў. Мільгалі заспаныя фізіяноміі двух віленскіх студыёзусаў, бялявага ды чарнявага — абодва, па сваім статусе насільшчыкаў, асабліва нікуды не траплялі, затое рассмакавалі мясцовую гарэліцу, настоеную на журавінах, і яшчэ нейкі фінскі напой каламутна-белага колеру, і патрабаваць ад абодвух маладзёнаў жвавасці ў такі ранні час было, што гнаць сабаку на дрэва.

Вырвіч ускочыў у разанцаўскую карэту:

— Бутрым!

У водсвеце святла ліхтароў толькі і была бачная цёмная постаць, што бяссіла адкінулася на падушкі. Пранціш абняў доктара:

— Жывы!

— Калі цяпер не задушыш, дык буду жывы…

Голас доктара гучаў стамлёна і хрыплавата… Падобна, што і ён ноччу не спаў. Вырвіч адкінуўся на мяккае сядзенне такі шчаслівы, якім даўно не пачуваўся. Цяпер засталося як найхутчэй уцячы з гэтай Паўночнай Пальміры.

Палазы слізгалі па снезе з бадзёрым пасвістваннем. За вакном святлела, хоць сонца толькі ўгадвалася за шэрым сувоем неба. Вырвіч прадраў блакітныя вочы пасля кароткай драмоты. А Лёднік яшчэ спаў, як чужое вяселле адгуляўшы. Вырвіч угледзеўся ў ягонае худое дзюбаносае аблічча. Вочы выпадкова слізганулі ніжэй, там футра расхінулася, пад ім была бялюткая кашуля, відаць, таксама з Разанцаўскага пляча, і на гэтай кашулі, ніжэй ключыцы, набрыньвала цёмная пляма…

— Бутрым! — Вырвіч у жаху патрос доктара. — Ты паранены? Што гэта ў цябе?

Упарты палачанін цалкам мог не прызнацца да апошняга, нават калі б яго ў дзесяці месцах наскрозь праткнулі. Але доктар лена сунуў руку ў адварот кашулі, правёў па грудзях, дастаў нешта дробнае, страсянуў грэбліва з пальцаў на падлогу.

— Гэта цукерка… Вішнёвая… Ліпучыя, зараза…

Пранціш з непаразуменнем глядзеў на сонную фізіяномію доктара, які нават вачэй не адплюшчыў.

— Нешта не памятаю, каб ты так любіў цукеркі, каб аж качаўся ў іх.

Лёднік трохі памаўчаў і прамармытаў:

— Яе вялікасць захацела праверыць, наколькі спрытна я буду ўварочвацца…

У Вырвіча на нейкі час адняло мову, потым ён яскрава ўявіў, у якіх абставінах такая праверка магла адбывацца… Значыць, нездарма Арлоў гэтак запанікаваў і на золку адправіў дадому дэманічнага доктара з усімі магчымымі выгодамі! Пранціш змог выгукнуць толькі адно:

— Ну, доктар, ну, пройда…

— Памаўчы… — злосна буркатнуў прафесар, закруціўшыся на падушках, і ясна было, што абмяркоўваць нічога не збіраецца.