Выбрать главу

Невядома, ці па ўсіх правілах быў пабудаваны дом з зялёнымі аканіцамі, у якім жыла сям’я віленскага прафесара Лёдніка, ці прыбеглі б да мёду мурашы — цяжка знайсці на гэтай зямлі месца, дзе б не пралілася кроў, не ступала нага ворага. Але цяпер гэты дом больш не звязваўся з паняццем бяспекі і абароны… Баўтрамей Лёднік і Пранціш Вырвіч моўчкі стаялі і глядзелі на будынак з выбітымі шыбамі, з паламанымі бярозкамі пад вокнамі. Колькі разоў Вырвіч глядзеў на гэтыя бярозкі, то прыбраныя ў магнацкія залатыя саеты, то ў дыяменты, то ў зялёныя рызманы, і складаў вершы… Падобна, гаспадар дома проста баіцца зайсці далей брамы — твар доктара быў бялей снега, вусны дрыжэлі…

Але вось пачуўся вясёлы брэх Піфагора, а з дзвярэй выбеглі пані Саламея і паніч Алесь, паказаўся ўсхваляваны Хвэлька, і пацалункі і абдоймы на нейкі час адагналі трывогу.

Але ў доме — такім знаёмым, з партрэтам Арыстоцеля і сіня-белым гадзіннікам-вазай на каміне — першае пытанне ўсё-ткі было, «Што тут здарылася?».

Пані Саламея апусціла вочы.

— Ведаеш, Пане Каханку адмяніў стварэнне кадэцкага корпусу ў Італіі… І чуткі пайшлі, што гэта Бутрым вінаваты.

— Што? — не вытрымаў Пранціш. — Ды ён за выратаванне будучых кадэтаў такое прайшоў!

— А што вы хацелі? — усміхнулася збялелымі вуснамі Саламея. — Гэта, панове, Літва. Тут першае памкненне — паспець абліць гразёю першым, знайсці ворага сярод сваіх. Кажуць, Бутрым паехаў у Санкт-Пецярбург, каб усіх змоўшчыкаў здаць, а ўзамен атрымаў ад царыцы пост рэктара, месца пры расейскім двары, ну тут ужо ў каго як фантазія працуе…

Пранціш не мог паверыць у такую подласць… Ён жа шчыра верыў, што зараз іх з Лёднікам сустрэнуць, як герояў! Пан Рысь вунь сына ў гонар Бутрыма назваў!

— Гэта ж Пане Каханку хоча з царыцай дамовіцца! Ці лянота яму стала пачынаць клопатную справу… Як маглі на Бутрыма ўсё навесіць! Чаму яны вокны не б’юць самім расейцам, ці тым, хто ім адкрыта служыць?

— Таму, што сваіх біць лягчэй, — уздыхнула Саламея. — Праваслаўныя нашы, з прыходу, таксама са мной перасталі вітацца… Гавораць, Бутрым езуітам прадаўся, у змовах іхніх удзел бярэ… Шпіталь улады зачынілі, маўляў, зараза там разводзіцца, на ўвесь горад пошасць можа пачацца. І зноў для ўсіх — доктар вінаваты…

Лёднік на імгненне прыкрыў вочы, як ад болю, але амаль не здзівіўся.

— Пазнаю цябе, Айчына… Што ж, нармальная сітуацыя, — прафесар пагладзіў жонку па галаве, дакрануўся вуснамі да цёмных бліскучых косаў. — Паколькі я праваслаўны, выходзіць, вораг тым, хто абараняе незалежнасць Рэчы Паспалітай ад Расіі і пры гэтым пазбаўляе праваслаўных усіх правоў… А паколькі лічу сябе не рускім, а ліцвінам і не хачу ісці на службу расейцам, значыць, вораг Генеральнай канфедэрацыі і Расіі. — Прафесар падхапіў на рукі сына, сумна ўсміхнуўся. — Зерне паміж жорнамі… Мне не падабаецца, што канцылярыі і навучальныя ўстановы перайшлі на польскую мову — але не хачу, каб яе замяніла расейская, бо ўсё роўна не дадуць гучаць мове Статутаў, мове Скарыны… А значыць, мне будуць біць вокны і калом гнаць у тую ці іншую партыю.

— А што ж рабіць? — разгубіўся Пранціш, і Арыстоцель з партрэту сумна паглядзеў на запхнутыя анучамі вокны.

— Пакуль што мы будзем адпачываць, ад’ядацца і лячыцца! — рашуча скамандвала Саламея, і Алесік, забыўшыся, што ён ужо вялікі, і такому шляхціцу не пасуе сядзець на руках, яшчэ мацней абняў за шыю татку.

Асобнай размовы заслугоўвала пераўтварэнне пана Вырвіча з русявага ліцвіна ў егіпецкага брунета, якое выявілася, калі Пранціш неахвотна сцягнуў з сябе шапку. Алесік доўга скакаў вакол, паказваючы пальцам на «падмененага» дзядзьку і рагочучы, пані Саламея запэўніла, што Пранціш выглядае найлепшым чынам… А Вырвіч з тугой усведамляў, што давядзецца альбо пагаліць галаву па старажытным сармацкім звычаі — некаторыя яшчэ і сёння так учынялі, праўда, пакідаючы доўгі чуб, альбо не здымаць шапку ці хадзіць увесь час у парыку… А што рабіць у шапцы ў храме, ці пры сустрэчы з шаноўным чалавекам? І ў парыку, у нямецкім строі не ў кожную ліцвінскую кампанію сунешся, калі ты не замежнік. Шляхціц павінен шанаваць сармацкія звычаі, бо калі ўвесь час будзе хадзіць у нямецкім строі, за фармазона палічаць, высмейваць пачнуць. Гэта доктар можа сабе дазволіць у замежнае апранацца. А Вырвіч — драгун каралеўскай харугвы, у яго форма…

— Калі давядзецца ісці куды без парыка, забінтуеш мне галаву… — змрочна сказаў ён Лёдніку, які не бачыў нічога асаблівага ў часовай чарнавалосасці Вырвіча. — Пакуль валасы не адрастуць, буду казаць, што паранілі мяне ў Масковіі!