Пфальцман пастараўся не скрывіцца і зрабіць усё згодна палітэсу.
— Ваша мосць пан Тызенгаўз, дазвольце прадставіць, гэта доктар Баўтрамей Лёднік, прафесар Віленскай акадэміі, мой былы аднакурснік, і ягоны сябар пан Пранціш Вырвіч…
— Харужы каралеўскай харугвы, ваша мосць, — удакладніў Вырвіч, спрытна адвесіўшы паклон.
Але позірк ягонай мосці Тызенгаўза засяродзіўся на прафесары, і неяк падазрона загарэўся.
— О, пан Лёднік! Прыемна пазнаёміцца з вашай мосцю… Чуў, што вы нядаўна былі ў Санкт-Пецярбурзе… Мелі аўдыенцыю ў яе вялікасці імператрыцы…
Усмешка прафесара была ветлівай, але Вырвіч мог прысягнуць, што за ёй хаваецца скрыгат зубоўны. Працуе «сарафанная пошта» ад палаца да палаца, сарокі ў кармазынавых жупанах стракочуць заўзята…
— Так, вашамосць, мне выпаў такі гонар.
Твар Лёдніка зрабіўся яшчэ больш фанабэрыстым. Тызенгаўз абмерыў вачыма постаць доктара, падобна, ацэньваў ягоныя Геркулесавы вартасці.
— Імператрыца чароўная жанчына, ці не так, ваша мосць?
Гэта была ўжо наўпростая правакацыя, і звычайны часовы фаварыт зараз жа пачаў бы хваліцца атрыманымі рэспектамі ды намякаць на сваю значнасць… Але прафесар толькі ветліва схіліў галаву.
— Яе імператарская мосць — уладарка вялікай краіны.
Антоній Тызенгаўз нейкі час вывучаў засяроджанае аблічча суразмоўцы, потым усміхнуўся нейкім сваім думкам, падхапіў Лёдніка, чыя стрыманасць яму, падобна, спадабалася, пад руку.
— Думаю, вы — менавіта той чалавек, які мне патрэбны, ваша мосць. Напэўна, да вас даходзілі чуткі, што я не чытаю кніг, таму што не хачу быць залежным ад чужой думкі. Але змест газет і часопісаў мне пераказвае сакратар. Мяне вельмі ўразілі вашы артыкулы пра неабходнасць медычнай адукацыі ў нашай краіне. Маю тут вельмі цікавыя планы… Пойдзем у маю ложу разам з вашым маладым сябрам, я тое-сёе з вамі неадкладна абмяркую.
Пфальцман застаўся стаяць у праходзе між крэслаў, злюшчы і натапыраны, як вожык, у якога варона здзяўбла з калючак спакусны яблык.
Так Вырвіч і Лёднік апынуліся ў ложы ўсемагутнага міністра фінансаў — а менавіта гэта і азначала пасада каралеўскага падскарбія. Варта было Тызенгаўзу заняць сваё месца, тут жа пачалося прадстаўленне.
Прыгасілі частку свечак, запалалі на сцэне паходні… Зноў было эфектнае з’яўленне егіпецкай прынцэсы з люстэрка, ад чаго ў аднаго маладога драгуна ледзь сэрца не выскачыла ад узрушэння. Пераліваўся вялізны крышталёвы шар, паказваючы карціны светлай будучыні Гарадзенскага краю і ўсяе Рэчы Паспалітай пад моцнаю рукою пана Антонія Тызенгаўза, каралеўскага падскарбія. Графіня Батыста расхаджвала па сцэне, упрыгожаная жывой змяюкай… А потым былі танцы на гарачых вуголлях, праўда, на гэты раз прынцэсу не змусілі дэманстраваць усім свае аголеныя ножкі, седзячы на крэсле, і прапаноўваць іх пакратаць — мусіць, у зале знаходзіліся пільнавальнікі сармацкіх нораваў, і Батыста вырашыў не рызыкаваць абвінавачваннямі ў распусце. Увогуле італьянец пазбягаў трукаў, якія нагадвалі вядзьмарства, думак не чытаў, таямнічых памаванняў рукамі пад злавесныя формулы не рабіў… Ды яшчэ час ад часу заклікаў на дапамогу святых Хрыстафора ды Антонія Падуанскага. Пра сваю кар’еру ў якасці егіпецкага жраца Тот-Амона таксама асабліва не распаўсюджваўся. Гэткі свецкі варыянт «прыстойнай» магіі, якая больш забаўляе, чым страшыць.
Скрыня для вуголляў была новая, на гэты раз круглай формы, і егіпецкая прынцэса слізгала па коле, гнуткая, прыўкрасная, як Мятлушка, а Пранціш Вырвіч з абміраннем сэрца сачыў за яе рухамі. Таму што ўжо ведаў, што хаця Міхалішыўна ўмее пазбягаць апёкаў, часам выстрэльвае які-небудзь вугалёк, і тады ўтвараюцца раны, а паказваць, што балюча, нельга. І драгуну здавалася, што вось да ножкі танцоркі прыпаў у згубным пацалунку агеньчык… І страшэнна злавала тая прага, з якой гледачы назіралі за відовішчам, асабліва позіркі мужчын, ад якіх на скуры артысткі быццам заставаліся сляды, як ад выпацканых у тлушчы пальцаў. А яшчэ Вырвіч ніяк не мог зразумець, заўважыла яго Міхалішыўна ў зале ці не, і кожны раз, калі яна паварочвалася ў ягоны бок, сэрца драгуна абрывалася. Каб не Лёднік, які час ад часу сярдзіта касавурыўся на падапечнага, дык Пранціш не вытрымаў бы ды пачаў як-небудзь падаваць актрысе знакі…
А прафесар між тым перагаворваўся з панам Антоніем Тызенгаўзам, і тое, што далятала да Пранціша, сведчыла: мара Лёдніка пра медычную акадэмію на можа здзейсніцца!
Пан Антоній быў імклівы, амбіцыйны і ўсемагутны, яго не спынялі ніякія мяркуемыя цяжкасці. Тое, што вытваралі на сцэне маг з асістэнткай, пакідала яго абыякавым: вось каб там дэманстравалі дзеянне новага станка, больш уважлівага гледача не знайшлося б.