Выбрать главу

Пранціш разумеў, што асушэнне Капаніцкіх балотаў абыдзецца ў капейчыну, бо сялянам давядзецца добра заплаціць, каб самі прыйшлі наймацца. А яшчэ і выдаткавацца на добрыя ўмовы працы. Іначай гэны... інжынер Калістрат Роўба такі шум падыме...

— А можна я пану Роўбу дапамагу план састаўляць? Ці хоць пагляджу?

Паўлючок пазіраў умольна i шчыра... Ну трэба ж, уявіць немагчыма, каб Паўлюк Вырвіч у ягоным узросце гэтак жадаў не пракудаў, а планы асушэння балота крэсліць...

— Я не буду перашкаджаць, шляхецкае слова...

Калі пушчанскі дзікун прыхапіў з сабою радаснага Паўлюка Вырвічава і сышоў, узняўся і Давыд:

— Ну, як кажуць, госцейкі мае, назола мая, ці не паедзеце ўжо самі са двара? Час і мне, пан Вырвіч, па справах выбірацца. Гешэфт сам сябе не гешэфтуе, расхадухі не трэба, страмянной не пацягну, а на штэмпель лепей не чарку, а добрыя пажаданні... А калі ж можна будзе раман васпана пачытаць? Дужа ж мне цікава...

Вырвіч пачухаў у патыліцы:

— Нат не ведаю, Давыдзе... Як бы і напісаў, але нідзе яго не надрукуюць...

Дамініка спачувальна пагладзіла мужа па руцэ:

— Для палякаў ён занадта... усходні, для расейцаў — заходні... Якраз ліцвінскі, беларускі, i героі па-тутэйшаму гавораць... Я ўвогуле баюся, каб Франця яго каму паказваў, на людзі выносіў.

А гэта ўжо было крыўднавата...

— Думаю, аддрукую за свой кошт асобнікаў з дзясятак... Для блізкіх сяброў. Тады і пачытаеш.

А потым яны з Дамінікаю засталіся адны ў пакоі... Сядзелі плячо да пляча на казетцы і глядзелі на карціну, на якой яшчэ не высахла фарба: з высокай вежы змрочнага замка злятала фігура на шаўковых крылах... Мо Ікар старажытнагрэцкага міфа, а мо беларус, які вырашыў уцячы з няволі...

— Што ж нас чакае, Пранціш? — ціха папыталася Дамініка. — Зноў жа будуць тузаць у розныя бакі, зноў крывавая каруселя, у якой адзін на аднаго беларусы пойдуць... Чаму дзяцей вучыць, за што трымацца?

Пранціш трохі памаўчаў. У цішы тахкаў гадзіннік, пазвоньвалі арбіты планетаў, дыхалі туманамі курганы адзінай і безназоўнай зямлі...

— Не мной сказана, і не я апошні гэта прамоўлю, але ў сучасным свеце яшчэ ёсць дабро i за яго варта змагацца. I пакуль тое веданне не страціцца, будзе жыць гэтая зямля.

2022 г.