Пранціш, напляваўшы на куртуазныя манеры, кіраваўся да ложка з худымі падушкамі, як злодзей да набітага сыгнетамі куфэрка. Жанчына пакорліва чакала працягу размовы. От каб яна ў віленскім доме на Дамініканскай такой пакорлівай была.
— Напачатку, прызнацца, як паведамілі, што ты пасынка амаль забіла — сам гатовы быў цябе прыкончыць... — Пранціш цяжка ўсеўся на ложак, накрыты панылай шэрай коўдрай. — Але цяпер адно пра вас скажу: абое рабое. А Бутрыму расплочвацца.
Жанчына цяжка ўздыхнула:
— Павер, Вырвіч, мне лягчэй было б сябе даць забіць, чым Бутрыма зламаць. I я тысячу разоў ужо пракляла сваё майстэрства ваярскае. Калі на мяне пруць з аголенай шабляй — цела само ведае, што рабіць.
Вырвіч махнуў рукой — колькі ўжо чуў гэтыя апраўданні.
Што зробіш — Аляксандр Лёднік, сын слыннага доктара Баўтрамея Лёдніка, прафесара Віленскай акадэміі, удаўся ў татачку — і ўпартасцю, і здольнасцю да навукаў, як разумовых, так і ваярскіх. А з бацькам апошнія гады адносіны былі як у воцату з содай... Мала таго што закахаўся быў у бацькаву асістэнтку, якая абагаўляла змрочнага доктара, дык яшчэ і на навуковым полі з татачкам бадаўся. Усё здавалася яму, што ў цені геніяльнага доктара Лёдніка нічога не даб’ецца. Апошнія свае артыкулы ў навуковых часопісах падпісваў, даруй госпадзе, Ignifer, то-бок «Вогненны».
Вось ужо на злосць бацьку прозвішча перакруціў...
I выправіўся ж быў у Амерыку па прыкладзе Тадзіка Касцюшкі, з якім, яшчэ ў Францыі жывучы, схаўрусаваўся ды па намове паноў Агалінскіх, што там атабарыліся, ваяваць з ангельцамі ўвязаўся... Ну вось і ваюй за нечую там свабоду, калі для сваёй зямлі яе не здабыў. Але нейкі добразычліўца — у Лёдніка-старэйшага такіх было як журавін на пінскіх балотах — паведаміў шаноўнаму Аляксандру Лёдніку, грамадзяніну толькі што створанай канфедэрацыі Злучаных Штатаў Амерыкі, што ягоны бацька трапіў у бяду: акруціла даверлівага эскулапа непачцівая кабета з дужа цёмным мінулым, апаганіла памяць першай жонкі пана доктара, прыўкраснай Саламеі... I Алесеву сястрыцу малодшую, Сафійку, падступная мачаха са свету зжыць хоча, лёс ёй зламаць. I яшчэ цэбар падобнага лайна, аж пад накрыўку не лезе.
Пранціш пасля чытаў той скамечаны гнеўнай рукой ліст. Калі ўжо ўсё было скончана.
Пакуль весткі дайшлі ў Капанічы, маёнтак Вырвіча, пакуль Пранціш, абраны маршалкам Менскага павета, дадому вярнуўся, ад сумленных бясед шляхецкіх ачуняў ды пасланца з Вільні выслухаў — недапітае віно скісла. Прыскакаў у Вільню да Лёднікаў — застаў толькі апусцелы, як вымерзлая борць, дом, пакінуты на няшчаснага старэчу Хвэльку. З усхліпванняў таго і ўдалося сёе-тое з падзеяў аднавіць... Лёднік-малодшы, і двух гадоў у Новым Свеце не прабыўшы, заявіўся з-за акіяна разбірацца з нечаканай мачыхай ды бацькавымі выбрыкамі.
Пранціш дасюль даўмецца не мог, як можна было вось так кінуць усё ды прыцягнуцца з-за свету роднага бацьку розуму вучыць! Ён не раз паўтараў, што Бутрым надта вольна сваіх дзяцей трымае, на шыю яму ўселіся ды ножкамі боўтаюць. Ого, паспрабаваў бы Пранціш Вырвіч у свой час бацьку хоць якую заўвагу зрабіць — пасля сесці месяц не змог бы... Хоць бацька той і п’янтос быў, i буяш на ўвесь павет, і ў шляхецкім спаборніцтве з суседзямі, хто больш зухаваты, болей сваёй маёмасці панішчыць, выйграў i да галечы сям’ю давёў, а матка Пранцішава дык увогуле ў магілу сышла... I ўсё адно паводле святога сармацкага закону пан бацька — уладар над дзецьмі, якому трэба ручкі-ножкі цалаваць ды за бізуны дзякаваць. А тут «вогненны» пан Аляксандр са сваімі абвінавачваннямі на адрас Баўтрамея, які дзеля дзетачак усё жыццё сабою ахвяраваў...
Праўда, было чаго маладзёну наконт новай бацькавай пасіі непакоіцца... Toe, што яна Гальшка Маеўская, банда Чорнага Доктара даведалася далёка не адразу. Напачатку яны пазнаёміліся з белавалосай ды белавокай забойцай-наймічкай па мянушцы Чорная Меланхолія, якая маскіравала ваўкалацкія свае вочы каляровым венецыянскім шклом i зацята спрабавала выканаць замову аднаго з кліентаў, падскарбія Антонія Тызенгаўза, на забойства доктара Баўтрамея Лёдніка. Але ахвяра аказалася надта жывучай ды спрытнай... Паляванне зацягнулася... I хто мог падумаць, што чорнае сэрца Чорнай Меланхоліі так зачэпіць высакародны, але змрочны полацкі Фаўст? Прайдзісветка то ратавала Бутрыма, то прадавала, то зноў ратавала. Урэшце, каб са свайго злачыннага цэха выйсці, як Баўтрамей загадаў, руку сабе па звычаі скалечыла.
Ды майстэрства не адсячэш, як палец. Таму, калі абураная Меланхолія — а язык у яе быў гостры, як ейныя ж кінжалы, — пачала заступацца перад раз’юшаным Алесем за доктара, а Алесь выхапіў шаблю...