Выбрать главу

— Натрэніраваў на сваю галаву… Пашанцавала прафесарам філалагічным, што ад такога вучня ў час пазбавіліся! — з’едліва выказаўся Лёднік. — Я дык і цярпеў бы яго па звычцы — але пра медыцыну ягамосць Вырвіч і слухаць не хоча. Затое ў бойкі лезе, як машката ў свежую смаліцу. Пляменніка ліёнскага біскупа праткнуў так, што я ледзь зацыраваў!

— Я найменшага ўрону гонару не пацярплю, — цвёрда прамовіў Вырвіч. — Я — апошні з роду, з Вырвічаў герба Гіпацэнтаўр. На мне доўг перад продкамі і вернасць сармацкім звычаям, твае павучэнні недарэчы, Лёднік!

— Правільна, пан Вырвіч! — радасна азваўся натхнёны паніч Аляксандр. — Я таксама — за свой гонар… Любога… Шабляй!

— Твой дзед, Алесь, скуры ў полацкай гарбарні вырабляў, — строга прамовіў сыну Лёднік. — Я гэтага не саромлюся — і ты не павінен. Я шляхецтва на полі бойкі заслужыў. Але ты ўжо досыць вялікі, каб усведамляць, што наша галоўная годнасць — веды і духоўныя цноты! Сам Госпад у зямным жыцці быў сынам цеслі…

— У хлапцу цячэ і шляхецкая кроў, Лёднік, не забывайся! — сурова абарваў былога слугу Пранціш Вырвіч.

Доктар стрымаў крыўдлівыя словы, што ўжо рваліся з вуснаў, і неяк сумеўся. Саламея збянтэжана пераводзіла позірк з аднаго суразмоўцы на другога — раней спрэчак наконт паходжання малодшага Лёдніка між імі не вялося… А як жа сам малы? Няўжо ведае пра свой складаны радавод? Яны ж дамаўляліся — захаваць таямніцу! Але пра гэта варта падумаць пасля. Гэта занадта… дзіўна і страшна. Што здарылася з дарагімі ёй людзьмі за гэтыя паўтара года ў вінаградна-сырным, сонечна-марскім Лангедоку?

— А вершы пішуцца, пан Вырвіч?

Пранціш крыху сумеўся, правёў пальцам па светлых вусіках, што нарэшце самавіта прыкрасілі ягоную верхнюю губу.

— Віюцца, як слепні, спакою не даюць… Але каму мне іх…

І Саламея зразумела, што сардэчныя раны пана Вырвіча смыляць і крывавяць, і ў чарговы раз успомнілася з дакорам адна егіпецкая прынцэса Серафіна, яна ж — слуцкая прыгонная актрыса Раіна Міхалішыўна, што збегла ад свайго нарачонага, зухаватага драгуна Вырвіча, з самых лепшых меркаванняў — каб не псаваць радавод пана, не замінаць ягонай бліскучай кар’еры.

То ж ён спраўдзіў гэтую кар’еру, падрабляючы настаўнікам фехтавання ў французскіх недаросткаў…

Самыя страшныя справы чалавецтва ўтвараліся з самых лепшых меркаванняў.

— Піць хацу! — заявіла маленькая ліцвінка Сафійка, і Атлант асцярожна паставіў край нябеснага купала на траву, тры чарапахі прымарудзілі і без таго марудлівы свой ход у сусвеце, па якім яны валаклі пляскатую, як жорнаў, цвердзь зямную, а Чорны Доктар, растраціўшы рэшткі фанабэрыі, пачаў устрывожана раіцца з рамізнікам, дзе найлепш спыніцца, каб найхутчэй набраць самай празрыстай і свежай вады…

Хаця самая смачная, празрыстая і свежая была далёка — у крыніцах радзімы.

Раздзел першы

ЯК ЧОРНЫ ДОКТАР ПРАГРЭСІЎНЫХ МЕДЫКУСАЎ АБЕДАМ КАРМІЎ

Аднойчы Мішэль Настрадамус, студэнт універсітэта Манпелье і аматар адурманьвальных травак, прадказаў лёс двум ліёнскім парсючкам, чорнаму ды беламу. Белага, маўляў, воўк задзярэ, а чорнага на стол пададуць.

Гаспадар вырашыў правучыць самазванага прарока ды й загадаў кухару прыгатаваць белага свінскага сына… А таго ўжо сапраўды воўк панёс, каб яго самога крумкачы па кавалачку неслі! Кухар цішком і выкарыстаў замест белага парсючка ягонага чарнявага субрата… Тым самым засведчыўшы прароцкі статус месье Мішэля, а таксама што супраць лёсу не папрэш.

Невядома, хто прадказваў лёс парсючку, што прыкрашаў стол у гасцёўні запрошанага прафесара Ліёнскай медычнай школы Баўтрамея Лёдніка, ды і ці трэба лічыцца прарокам, каб прадказаць, чым скончыць свойская свіння. Вось каб было гэта ў далёкай Літве, на магнацкім застоллі, дык парсючка таго ніколі б у такім пазнавальным выглядзе на стол не падалі: няварта гэта магнацкай кухні! Ці крылы прышылі б яму ад няшчаснага лебедзя, замест лычыка б нешта змайстрачылі, ці прырабілі заднюю палову ад зайца… Хто зведае фантазіі панскіх кухараў Рэчы Паспалітай?