Выбрать главу

— Жаніха і нявесту вязуць! Віват!

Да касцёла набліжаўся дзіўны экіпаж, нібыта з’ехаў са старонак кнігі пра фею Мелюзіну. Шэсць белых коней з лазуркавымі плюмажамі ступалі нага ў нагу, дзвюма правымі, дзвюма левымі адначасова, як мядзведзі толькі са звяроў ходзяць ды спецыяльна навучаныя коні. Велізарная пазалочаная карэта з дахам-купалам, аздобленая бела-ружова-лазуркавымі эмалевымі накладкамі ў выглядзе дзівосных раслін, адкрытая з абодвух бакоў. Тыя, хто ехаў на высокіх, абцягнутых белым аксамітам лаўках, былі відочныя натоўпу, як каштоўныя камяні, выкладзеныя для прынады пакупнікоў у вітрыне злотнікаўскай крамы. Двое з натоўпу, ладны светлачубы шляхцюк з блакітнымі вачыма і даўгалыгі сур’ёзны юнак з бледным тварам і цёмным паглядам аказаліся прыціснутымі да Святога Баўтрамея, што нёс варту злева ад касцельнай брамы. Драўляныя вочы святога задуменна і трохі збянтэжана паглядалі ў неба, ледзь прыкрытае парванымі карункамі аблокаў.

— Дык яны ж зусім малыя, вашамосць! — вырвалася ў цёмнавокага юнака.

Сапраўды, нявеста ў пышнай бела-ружовай сукенцы, падобнай да пірожнага, у напудраным парычку з кветкамі мела не больш гадоў за дзесяць. Хаця спіну, зацягнутую гарсэтам, трымала раўнюсенька, а набелены мілы тварык з троху прыўзнятым носікам і вялізнымі блакітнымі вачыма быў адсланёна-важны. Жаніх, што сядзеў насупраць, тварам да нявесты, выглядаў яшчэ маладзейшым, гадкоў шасці. Хутка Пранцішаў Яначка такім самым будзе. Шчуплы хлапчыска ў блакітным аксамітным касцюмчыку, расшытым срэбрам. Таксама парычок і важна-адсланёны выраз твару, як у парцалянавага балванчыка. Абое дзіцёнкі сядзелі нерухома, быццам лялькі ў музычным куфэрку, спружыну якога яшчэ не завялі. Карэта спынілася перад самым уваходам у касцёл. Забегалі лёкаі, рассцілаючы дываны, грувасцячы лесвічкі і падушкі да ног важных персон… А Вырвіч не мог адвесці вачэй ад тварыку, які ён ужо не спадзяваўся ніколі ўбачыць. Такія самыя блакітныя вочы, толькі з дарослага аблічча, пазіралі на яго калісьці то пагардліва, то гарэзна, капрызлівыя вусны ўсміхаліся, і абрыньвалася сэрца ў бездані, дзе віхурыліся надзея і адчай, і было гэта першае каханне… Князёўна Паланэя Багінская, якую звёз у далёкую Амерыку руды прайдзісвет, пан Гервасій Агалінскі…

Між тым выйсце важных персонаў адкладалася, бо перад імі з’явіліся два Амурчыкі і Псіхея з драцянымі крылцамі, абцягнутымі бялюткім вэлюмам, і дрыжачымі ад хвалявання галасочкамі заспявалі штось пастаральнае… Пранціш, не вельмі кемячы, што робіць, пачаў праштурхоўвацца бліжэй да карэты, не зважаючы на незадаволеныя пагляды і ўскрыкі…

— Пан Вырвіч!

Нечая рука кранула за плячо. Пранціш скінуў ачмурэнне і азірнуўся.

— Давыд!

Полацкі аптэкар, спадчыннік Бутрымава настаўніка, дзядзькі Лейбы, паказваў бялюткія зубы, вочы весела паблісквалі з-пад моднага чорнага капелюша. А што ж, Давыд Ляйбовіч падчас свайго французскага студэнцтва, а павучыцца паспрыяў Лёднік, засвоіў не толькі веды ў фармацыі, але й у фацэтным апрананні. Полацкія дзеўкі ў аптэку Ляйбовіча да абурэння старэйшых гужом бегалі, на вышываныя камізэлькі ды каптанчыкі з карункамі-блондамі падзівіцца.

— Што ты тут робіш?

Пранціш змусіў сябе адагнаць прывіды мінулага. Ляйбовіч паправіў паласатую жоўта-сінюю хустку, што ўпрыгожвала ягоную худую шыю.

— Я ж асабісты лекар Брастоўскіх! Дакладней, пані падскарбіевай…

Нішто сабе… Давыд паціснуў плячыма.

— Усё ў свеце вырашаецца выпадковымі імгненнямі. Чалавек спатыкнуўся аб камень, не на тым скрыжаванні павярнуў, сустрэўся позіркам з незнаёмай дзяўчынай… У маім выпадку быў укус блыхі. Яемосць Казіміра Брастоўская з Багінскіх праязджала праз Полацк ды заўважыла, што нос распух, як сліва — а вечарам на балі трэба красавацца… Мая аптэка падвярнулася. За гадзіну нос княскі пабялеў, пухліна спала, адмысловыя пудры давершылі пераўтварэнне… Так што вось як год пакінуў аптэку на памочніка, цягаюся за пані з перасоўнай лабараторыяй. Часам для падскарбія пудры ды персідскі парашок рыхтую… Хутка яшчэ адзін дом у Полацку прыкуплю. О, пан Алесь, і вы тут? А што васпанства сюды прывяло?

Нат з кароткіх фразаў старых знаёмцаў Давыд з’ясаваў, наколькі ўсё кепска з ягоным дабрадзеем і настаўнікам Бутрымам.

— Каб вас густа сеяла ды рэдка ўсходзілі… — разгублена вылаяўся Давыд невядома на каго. — Да іх мосцяў Брастоўскіх сёння не падбярэшся, хіба ўвечары. Заручыны гэтыя недарэчныя, каб бойка яшчэ не ўчынілася…

І праўда, за карэтай прыехала ладная дэлегацыя расейцаў у белых мундзірах. Мусіць, пасол прыслаў за сынам прыгледзець… Але думкі ўсё адно саслізгвалі ў мінулае.