Выбрать главу

Кат спрытна прыбіў муху на сваёй галаве. Слізкая кроў і чорная плоць агіднай жамяры змяшаліся з яго плоццю.

— Каменны калодзеж у сутарэннях. Калі стаць на дне, вады — па грудзі. Вада кепская, застаялая, так што не сцюдзёная…

— Колькі там ужо Бутрым? — перабіў Пранціш, адчуваючы ў горле горкі ком.

— Пяць дзён будзе. Князь не загадваў даставаць.

Пранціш палез па кішэнях і высыпаў на стол усе манеты…

— Адвядзіце нас да Баўтрамея як хутчэй!

Як кажуць, не нукай, не запрэгшы…

Допытных спраў майстар дужа крыва пасміхнуўся.

— Я трохі чуў пра Чорнага Доктара… На якія штукарствы ён ды ягоная банда здатныя… Здаецца, са Слуцкага замка калісьці збягалі, дык ледзь па каменьчыках усё не рассыпалі?

Давялося даць шляхецкае слова — толькі спатканне… Толькі размова. Пакуль хаця б гэта…

Запэўніванні ў невіноўнасці Бутрыма ашмянскаму кату былі абыякавыя. Мяжу між вінаватымі і бязвіннымі ён таксама лічыў плыткай.

Паляванне на ведзьмаў — вясёлы занятак. Мерзлы бруд б’е фантанамі з-пад капытоў. Нарадзіўся на свет — дык ужо вінаваты. Вінаваты стакроць, што ў загон не пайшоў.

Між тым на вуліцы пачынаўся нейкі гармідар. Крыкі, жаночы віскат… А вось і зброя, здаецца, заляскала…

— Куд-ды панства нясе!

Давыд ледзь утрымаў Вырвіча і Алеся, якія вокамгненна ўскочылі — мова зброі ўцямная і любая шляхецкаму сэрцу.

— Гэта не наша бойка! Жаўнеры Штакельберга ды ашмянская шляхта счапіліся. Хай ягамосці Брастоўскаму гузакі чэшуцца.

Пранціш ледзь змусіў сябе выпусціць дзяржальна Гіпацэнтаўра і вярнуцца да размовы.

— Пан Ігнарус казаў пра ліст, які даслалі падскарбію…

Кат нават брывом не зварухнуў — так не заўважае хваляў тапелец.

— Даслалі… Што знайшлася мёртвай збеглая дачка князя. Яе спакусіў і звёз палюбоўнік, чорны маг Лёднік. І яны жылі ўвесь гэты час у граху. Пакуль чорны маг яе не забіў. І калі князь не хоча ганьбы на ўвесь свет, мусіць неадкладна забраць труп і пакараць злачынцу.

У дактаровіча запалалі шчокі, быццам ад поўхі… Але штось загрукатала ў канцы калідора. На хвілю ў памяшканне ўварваліся гукі бойкі, потым сціхлі. Пачуліся крокі і злы голас, які адчытваў кагосьці, быццам бервяно пілаваў. Крокі набліжаліся. Першым паказаўся грувасткі афіцэр у мундзіры войска Багінскіх, з аголенай шабляй і збітай на бок шапкай, дужа злосны. За вайскоўцам, цвёрда пастукваючы абцасамі, рушыла кашчавая, бы штыкеціна, дама ў напудраным парыку — гэта яна бесперапынна лаялася… Прыхадні на пана Ігнаруса і ягоных суразмоўцаў увагі не звярнулі — можа, проста не заўважылі, бо кампанія сядзела ў прыцемку.

— Яснавяльможная паненка не мусіць паводзіць сябе гэтак непачціва! Паненкам нельга здымаць пальчаткі! Разразаць стылетам шнуроўку гарсэту! Штурхаць яснавяльможных панічаў! І запомніце, што вы цяпер не Агалінская, а Багінская, і ваш бацька — ягамосць Міхал Казімір Багінскі!

А вось і тая, на каго гэтае буркатанне накіраванае. За злоснай штыкецінай важна тупала маленькая нявеста. Троху кірпаты носік ганарыста задраны, вусны намаляваныя сардэчкам, ясныя блакітныя вочы не выказваюць ні крыўды, ні гневу.

Раптам паненка хуценька падабрала падол сукенкі, падскочыла і трапна дала выспятка сваёй выхавацельцы. З усяе моцы. І зноў ідзе, як лялька, ручкі склаўшы.

Штыкеціна ледзь не павалілася, праляцела колькі крокаў наперад, выставіўшы рукі, быццам хацела абняць прывід.

— Што… што гэта было?

Княжна толькі броўку прыўзняла ў адказ:

— Не разумею, пра што кажа вашамосць.

І ўчапілася б кашчавая рука кабеціны ў худзенькае плечыка нявесты, і невядома, якой экзекуцыяй скончылася б… Каб не Ланцэлот, ён жа Аляксандр Лёднік. Яшчэ б ён дазволіў прыўкрасную панну ў сваёй прысутнасці крыўдзіць!

— Што тут за заступнік аб’явіўся ў нашай князёўны Рэгінкі?

Бамбіза з аголенай шабляй, што суправаджаў нявесту і яе апякунку, пагрозна навіс над недавучаным студыёзусам.

Спатрэбілася ўся дыпламатыя Давыда і напорыстасць Вырвіча, каб разысціся мірна. Праўда, і сам бамбіза з выхавацелькай спяшаліся: за дзвярыма яшчэ чулася бойка.

А вось нявеста нікуды не спяшалася. Цяпер, прыгледзеўшыся, можна было прыкмеціць і след ад слязы на пудры, і занадта моцна сціснутыя пальчыкі, абцягнутыя шоўкам, а той агонь, што ўспыхваў у блакітных вачах… Ого, як Пранціш Вырвіч калісьці запаліўся ад такога агню! Рэгіна Агалінская-Багінская ўспадчынніла ад сваёй маці характар амазонкі.