Выбрать главу

Спадарожнік дзясяцкага, ад якога распаўсюджваўся рэзкі пах часнака ў спалучэнні з перагарам, насмешна хмыкнуў:

— Та-ак, да цела панны абы-каго не дапусціш… Пабачаць, чаго не трэба. А ягамосць князь Міхал жадае, каб дачка ягоная ў труне прыгожанькая ляжала, цнатлівая… Худзенькая. Каб мнішкі плакалі ад замілавання, ды плёткі спыніліся. А паколькі гэты ж доктар і зрабіў ёй бруха…

Пранціш заўважыў, як Алеся скаланула.

Дзясяцкі Самуль цыкнуў скрозь прарэджаныя ў бойках зубы:

— Заторкніся, Гаўрук. Сам вось не пляткар, а то загоняць словы разам з зубамі ў глотку. Хто каго абрухаціў, не нашая справа. Наша справа — выканаць загад князя: хай забойца, раз ужо ён доктар, і падрыхтуе цела да пахавання. Яму людзей патрашыць, як рэпу сеяць. Галоўнае, каб не здохлым выявіўся…

Каменную накрыўку хуценька адсунулі ў некалькі рук. Пранціш ледзь пазногці не зламаў — штурхаў, не адчуваючы болю… Смурод цвілай вады яшчэ больш нагадаў пра смерць. Кат перагнуўся, пасвяціў уніз ліхтаром. Чырванаваты агеньчык трымцеў, як душа грэшніка. Толькі водбліскі танцавалі на сценах ды дзесь унізе на чорнай, як смала, вадзе…

— Гэй, ты… Доктар… Чуеш?

Маўчанне…

— Зараз вяроўку спусцім, чапляйся!

Здаецца, штось унізе ціха-ціха плесканула? Ці падалося?

Апушчаная ўніз вяроўка з раменнай пятлёй на канцы бяссіла павісла. Калі Пранціш гатовы быў даць нырца, сапраўды пачуўся ціхі плёскат. Вяроўка слаба зварухнулася, яшчэ, яшчэ… Кат кіўнуў фальшывым гіцалям:

— Ну, цягніце!..

А тыя ўжо і без загаду спрабавалі вырваць з бездані жыццё.

Доктар бяссіла ляжаў у лужыне на камянях тварам уніз, як злоўлены вадзянік, і яго дробна трэсла. Валасы — зблытанымі чорнымі водарасцямі, шчокі запалі…

— У яго пераахалоджанне, вашамосці! — адрывіста прамовіў Вырвіч, спрабуючы павярнуць Бутрыма на бок ды спаіць умацавальную настойку жывакораня. Зубы доктара не расціскаліся, адбіваючы джыгу. — І выснажэнне. Яго трэба сагрэць… Накарміць… Даць выспацца.

— Можа, яшчэ марцыпанаў мярзотніку паднесці? — раўнуў дзясяцкі.

Гэх, зараз бы ўсіх пасячы, Бутрыма на плячо — і лататы… Аляксандр вунь тое самае мысліць, па баках гнеўна зыркае… Каб толькі шаблі пры сабе, ды пан Ігнарус з намёкам не ўзважваў у руцэ зараджаны пісталет. Ды каб Бутрым мог хоць як перасоўвацца… Між тым кат задумліва тыцнуў у вязня нагой.

— Праўду кажа мой памочнік, шанове… Толку з доктара зараз ніякага. Самлее ды выпруціцца, калі не палячыць.

Дзясяцкі расчаравана хэкнуў. Са знаўцам межаў чалавечае трываласці спрачацца не наважыўся.

— Ну, добра хоць, жывы… Даложым ягамосці князю — злачынца раніцай справу зробіць.

У цемры нехта завыў — амаль па-ваўчынаму. Можа, той цыган?

Дыханне доктара Лёдніка, частае і слабае, нагадвала павуцінку, што трымціць на ветры і, здаецца, вось-вось абарвецца.

Пан Ігнарус, не выпускаючы з правай рукі пісталет, прысеў на кукішкі і левай рукой спрактыкавана памацаў вязню шыю, пацягнуў за валасы, каб зазірнуць у збялелы твар з заплюшчанымі, запалымі ад выснажэння вачыма. Нос Лёдніка яшчэ больш, чым звычайна, нагадваў пра ўлюбёных птахаў змрочнага скандынаўскага бога Одына — той цягаў крумкачоў на абодвух плячах. Дзюбаты Хугін увасабляў думку, такі ж дзюбаты Мугін — памяць…

Дзюбаносы доктар Лёднік на гэты момант увасабляў сваё ўменне ўвязвацца ў непрыемнасці.

Кат выпрастаўся, выціраючы мокрыя пальцы аб каптан.

— Да вечара гамон быў бы, — з такім задавальненнем пра добры ўмалот гавораць. — Трэба ж, такі fatalitas — пашанцавала вашаму доктару, панове. Нясіце тапельца ў маю майстэрню, там ложак ёсць. Я не такіх з іншасвету вяртаў.

Пан Ігнарус высока падняў ліхтар, і пякельныя цені сутарэнняў зруйнаванага ліцвінскага замка пачціва расступіліся і схіліліся перад сваім уладаром.

— Я, панове, Харон па-ашмянску, — кат у мігатлівым прыцемку, з чалавекам, што бяссіла тросся на каменнай падлозе пад яго нагамі, і праўда здаваўся пракаветным божышчам смерці. — Я з усім майстэрствам сваім даводжу чалавека да другога берага быцця, але магу вярнуць яго назад, нават калі ягоныя вочы ўжо назіраюць пагойдванне райскіх пальмаў альбо алейныя бурбалкі на пякельнай пательні. Я буду даводзіць вязня — і вяртаць назад столькі, колькі спатрэбіцца маім гаспадарам. Пакуль сэрца ягонае не зробіцца мяккім, як воск. Вярну і доктара Лёдніка. Толькі з майго чоўна яму не сысці, панове.

Алесь і Пранціш неслі Бутрыма на плашчы, за імі заставалася дарожка з кропель, быццам пазначаўся непазбежны зваротны шлях.