Выбрать главу

Вырвіч пачаў прыпамінаць усё, што ведаў пра падскарбія літоўскага: здаецца, жанаты з Багінскай, ваевадзянкай Трокскай, і дачка ёсць, Барбара… Адкуль узялася яшчэ адна дачка?

Далей яшчэ дзіўней.

Аказваецца, паненка з дому ўцякла два гады таму, і сляды зацярушыліся. Паколькі вызначалася дзяўчына сціпласцю і пабожнасцю (на гэтым дакладчык асабліва настойваў, лісліва паглядаючы на насупленага пана), падазравалі чарадзейства альбо прымус.

І не памыліліся.

Падскарбічанку падманам звезлі і зрабілі прыслугай. Ганьба якая! Змусілі даглядаць хворых у шпіталі, шалупонь усялякую, ды рыхтаваць лекі, да такога рамяства іначай як пад ачмурэннем высакародная паненка не сышла б… А калі дзяўчына паспрабавала ўцячы, чарнакніжнік, на якога няшчасная працавала, яе дагнаў і акрутна забіў.

А вось і злачынец…

Цяжкія дубовыя дзверы расчыніліся з несамавітым грукатам. Пранцішу здалося, што ён патрапіў ці ў начны блёкат, ці ў кепскі тэатр. Да месца падсуднага валаклі Лёдніка.

Калі б Вырвіч не ведаў таго так добра, дык убачыў бы змрочнага фанабэрыстага тыпуса, з якога нат штуршкі вартавых не могуць гонар збіць. Але Пранціш ясна заўважаў, што доктар разгублены.

Страшэнна, як ніколі, разгублены, хоць і захоўвае ганарыстую міну.

Здаецца, Бутрыма пакуль не збівалі. Толькі на бялюткім манжэце, што выглядаў з-пад рукава чорнага сурдута, нейкі цёмны пісяг.

Застаецца спадзявацца, што не кроў.

Кепска, што Бутрым у нямецкім строі. Цяпер гэта расцэняць як пагарду да шляхецкіх звычаяў. Сёння нат тыя, хто нядаўна заказваў з Парыжа пудраныя парыкі, паўздзявалі бацькавы кунтушы ды жупаны. І чым больш паношаны жупан, тым зараз ганаровей: памяць продкаў беражэцца! Патрыёты праз дзедавы боты…

Праўда, Брастоўскі — прыхільнік Фаміліі, барскіх канфедэратаў знішчаў з усёй жорсткасцю… Юнацтва правёў у каралеўскім нямецкім палку, і сармацкія традыцыі парушаў лёгка, бо, відаць, уважаў за дзікунства. Тое, што ён сёння ў сармацкім строі, таксама дэманстрацыя: нобіль прыехаў спаганяць з бязроднага крыўдзіцеля!

Лёднік сустрэўся поглядам з суддзёй і нават не вельмі здзівіўся, што судзіць яго пакліканы былы вучань. Толькі губу прыкусіў.

Далейшае нагадвала добра разыграны спектакль. Сведкі адзін за адным, хто баязліва, хто лісліва паглядаючы на змрочнага вялікага канюшага, распавядалі, як злачынны доктар віхрам уварваўся на кані ў Менск, вядома, даганяючы ахвяру. Як ля месца забойства бачылі падазроную постаць: высокі, у цёмным… Самае галоўнае — у валізцы Чорнага Доктара знайшлі скрываўлены срэбны медальён, які належаў паненцы Брастоўскай.

Зачыталі і ліст з Гародні ад нейкага пісарчука, які сведчыў пра ганебную прымусовую працу паненкі на карысць злачынцы і яе няздольнасць уцячы, бо знаходзілася пад чарамі.

Для чаго доктару спатрэбілася скрадаць настолькі высакародную асобу, каб змусіць прымаць роды ў мяшчанак, нікога не цікавіла.

Не атрымаў уцямнага адказу і Пранціш. Ён выдатна памятаў панну Праксэду, якая і праўда дапамагала пані Саламеі і Лёдніку ў справах медычных і нат жыла ў іх гарадзенскім доме, з ласкі каралеўскае вылучаным, і не як прыслуга, а хутчэй як прыёмная дачка. Дырба такая, вышэй за Пранціша да крыўднага, хаця тварык нічога. Вырвіч яе пабойваўся: гаворыць мала, але позірк шэрых вачэй пранізлівы, не раўнуючы як у Лёдніка. Той усё бедаваў, што разумніца Праксэда жаночага полу, ва ўніверсітэты не пашлеш. А такі дыстынгнаваны навуковец атрымаўся б! Не, ніяк не падобная была панна да спешчанай магнацкай дачкі, і тым болей да нявольніцы.

Найбольш палохалі не крыкі ахвочых прытаптаць Чорнага Доктара ў зямельку, а маўчанне Брастоўскага. Той не варушыўся і не адводзіў вачэй ад забойцы. Нат на расповед таго пра акалічнасці з’яўлення панны Праксэды ў доме Лёднікаў — хворай, зняможанай, без граша ў кішэні — ніяк не адгукнуўся.

Баўтрамей прысягаў, што нічога не ведаў пра паходжанне паненкі. Што гвалтам яе не трымалі. Жыццё адратавалі. Што не мае дачынення да яе смерці… Ды хто яго слухаў? Дый пана суддзю таксама. Гарлалі, як на элекцыйным сойме. Падкінуты ў валізу доктара медальён забітай дэманстравалі на вялікім блюдзе з такім задавальненнем, як, прабач, Госпадзе, запэцканую прасціну пасля першай шлюбнай ночы. Дзякуй богу, што пра пані Саламею не згадвалі!

— Смерць! Асудзіць на горла!

Пан суддзя, як мог, перакрыкваў натоўп, нагадваючы пра нестыкоўкі ў справе і нат відавочныя дурноты, пра тое, што падсудны віны не прызнаў.

Як супраць ветру плявацца.

— Дык пан суддзя адмаўляецца выносіць справядлівы прысуд акрутнаму забойцу і чарадзею?