Выбрать главу

— А чыё ж цела знойдзена тады на Плябанскіх млынах, і чаму няшчасная была апранутая ў вопратку панны Брастоўскай?

Суддзя Лапацінскі задаў менавіта тое пытанне, на якім маглі паслізнуцца ўсе ўдзельнікі гульні. Але пані Тэрэза Радзівіл падаць не збіралася. А збіралася стаць каралевай. А можа ўладарыняй марскою. Але не менш.

— Калі я забрала сваю хросніцу, каб падарыць ёй новае, шчаснае жыццё, я прапанавала ёй новую вопратку, а ўсё старое, нават упрыгожванні, загадала аддаць жабракам. Вось на бяду сваю і скарысталася нейкая кабета.

І вось ці паверыш, што гэтая ўсмешлівая пані ў саетах яшчэ нядаўна пасадзіла Чорнага Доктара ў клетку і тыцкала ў яго распаленым прутом?

А позіркам свідруе, свідруе свайго нядаўняга вязня.

Між тым вырашылася самае відавочнае — з Лёдніка знялі абвінавачванне ў забойстве. А як не зняць, калі ахвяра жывая? І сведкі зніклі, якія сцвярджалі, што бачылі доктара на Плябанскіх Млынах.

І па справядлівасці — трэба было б змусіць адказаць сапраўдную забойцу, акрутную пані Тэрку. Але супраць ветру не плюнеш. Як і што дакажаш? Дзе наймітаў шукаць, якія няшчасную прыслугу задушылі?

Мелі рацыю антычныя мудрацы, калі казалі, што закон — павуціна, у якой заблытваецца муха і якую разрывае пчала.

Пан староста менскі сумна ківаў галавою і паўтараў: «Нешчасліва зоркі сышліся».

І касавурыўся на несапраўднага брата, які ахвотна прадаваў лыбы і відавочна не мог нарадавацца свайму княскаму становішчу. Дзівіўся на сыкгнеты, асцярожна пагладжваў тонкімі бледнымі пальцамі каштоўнае сабалінае футра… Можа, у якой глухой вёсцы мурзатага дурнячка падабралі.

Пан Міхал Брастоўскі падмены заўважыць не мог — сапраўднага калеку Якуба некалькі чалавек толькі і бачылі. Затое пан выдатна зразумеў, што хаўрусніца нахабна яго падманула.

Галоўнае — Праксэду абараніць.

— Вашыя мосці, дазвольце нам з панам Міхалам Брастоўскім абгаварыць сам-насам складаную сітуацыю, якая тычыцца нашых дзяцей. Магчыма, мы знойдзем палюбоўнае рашэнне.

Брастоўскі вылупіўся на Чорнага Доктара, як гандлярка Ніжняга Рынку на дзіўнага гарбатага звера вяльблуда, прыведзенага цыганамі на пляц.

Для сакрэтных перагавораў і куртуазных спатканняў заўсёднымі месцамі былі карэты. Світу пана Брастоўскага складаў ягоны канфідэнт, падобны да пацука, і, як ні дзіўна, ашмянскі кат, які хоць у карэту не палез, стаяў пачціва пад акном, але, здавалася, ягоны цень навісаў над перагаворшчыкамі.

— Не супакоюся, пакуль ты, доктар, не вернешся ва ўладанні майго Ігнаруса.

Брастоўскага калаціла ад гневу.

— Ну навошта вы так, вашамосць? — усміхнуўся як мага шчырэй Вырвіч. — Столькі несправядлівых абвінавачванняў. Вы б яшчэ прыдумалі нам удзел у выкраданні вашай пляменніцы панны Рэгіны!

Пранціш ступіў на вельмі тонкі лядок. Застаецца спадзявацца, што разлічыў крокі. Бо Брастоўскі збляднеў.

— Недарэчная выдумка. Мая пляменніца шчасліва гадуецца пад прыглядам сваёй цёткі ў маёнтку ў Ліфлянтах, яе старанна выхоўваюць, каб стала годнай жонкай графа Штакельберга.

Як па напісаным. Зразумела, калі Штакельбергі пранюхаюць, што нявесты няма — не відаць Брастоўскаму мільённага крэдыту! Хутчэй за ўсё, і ад Багінскага прапажу прыёмнай дачкі схаваў, іначай войскі гетмана пад кожны куст зазіралі б. Бедны пан Міхал. Мала таго, што дачка такую свінню медычную падклала, і пляменніца туды ж.

— Не абражаем словы вашамосці недаверам, — блакітныя вочы Вырвіча былі сумленныя, як у палескага злодзея. — Але, магчыма, больш дакладнае месцазнаходжанне панны павінен ведаць яе родны бацька, пан Гервасій Агалінскі.

Брастоўскі ажно пачаў намацваць шаблю, ледзь стрымаўся.

— Ах вы, прайдзісветы. Былі ў мяне падазрэнні. Відаць, і без браткі Адама ўсё-ткі не абышлося, хоць мае людзі запэўнівалі, што панны ў яго ўладаннях няма. Добра, узамен за маўчанне пра ўцёкі паскудніцы Рэгіны я не буду прыцягваць да суда вас, Лёднікі. А мог бы. Не забыліся, што грошы ўзялі, а даручэнне ў Венецыі не выканалі? Самавольная жаніцьба — як ні глядзі, злачынства. Да таго ж Праксэду, як я разумею, у схізму абярнулі. Хоць яна і так схізматычка была. «З’яднанне закаханых». Я тут за вярсту адчуваю круцельства.

— Вашамосць, той срэбны пярсцёнак, з надпісам «ад Лёдніка» — гэта я панне падарыў!

Цёмныя вочы Алеся ўсё-ткі былі на праменьчык святлей ад бацькавых.

— Даруйце, што адразу не прызнаўся. Грэх на мне.

Брастоўскі пагардліва акінуў паглядам худую постаць юнака.

— «Зяцёк», лярва падкалодная. Смаркач. Зарана кукарэцыямі заняўся. У суд, як абяцаў, не пацягну — але шлюбу гэтаму не быць. Згоды не дам ніколі. Каб маё імя згадвалі побач з вашым быдлячым імем…