Выбрать главу

Страшэнны грукат, звон пабітага шкла, спалоханыя выкрыкі прыслугі і адчайны вэрхал курэй, гусей, сабак ды дамавікоў змусілі ўсіх кінуцца на двор. Паненка Рэгінка, захутаная ў белае заечае футрачка, трымала ў руках арбалет, з якога толькі што трапна пацэліла. Гаспадары гэтага дома паддаліся агульнай модзе і прыбудавалі невялічкае крыло для вырошчвання ўсялякай экзотыкі. І зараз дзякучы арандатарам гэтая экзотыка махала зялёным голлем на марозе і развітвалася з аранжарэйным кароткім шчасцем.

У вачах амерыканачкі блішчэлі непралітыя слёзы, а вусны былі злосна падціснутыя.

— Ого, які паляўнічы расце! — грымнуў пан Агалінскі, падцягваючы пас. — На мядзведзяў са мной хутка пойдзеш, вавёрачка!

— Алесь, знікаў бы ты адсюль з сужонкай, — ціха шапнуў Пранцысь на вуха хлапцу. — А то яшчэ атрымаеш стралой паміж вачэй ад няздзейсненай нявесты.

— Ты толькі руку прамей трымай, калі мецішся, вавёрачка, вось так. — чуўся за спінай аптымістычны голас Амерыканца, і зараз жа зноў пачуўся гук пабітага шкла.

Не лёс расці ў Менску лімонам, панове.

І зноў кружлялі над пляцам Волі белыя і чорныя, вароны і галубы. І зноў гарлала п’яная шляхта, і незразумела было, хто на чыім баку, таму што тыя, каму не паспелі заплаціць, жадалі падтрымаць пераможцу, а для гэтага трэба было загадзя вылічыць сыход справы. Два блізнюкі, Адам і Міхал, мераліся ненавіснымі позіркамі, а прыдворныя аднаго і другога задзіраліся і прызначалі двубоі.

Князь Багінскі, вядома ж, не прыехаў — як ён мог пакінуць свой цудоўны тэатр і арфу з удасканаленай педаллю! Яго інтарэсы прадстаўляў пан Міхал. І даволі няўдала. Бо законнік Лапацінскі нават слухаць не захацеў, як гэта пры жывым бацьку можна супраць ягонай волі прызначыць дзіцяці іншага бацьку. Здрада сармацкім ідэалам!

Расейскія афіцэры перашэптваліся, і, несумненна, вельмі хутка пасол Штакельберг даведаецца пра фіяска з заручынамі.

Пан Агалінскі ззяў. Рэгінка кранула паноў суддзяў расповедамі пра свае няшчасці. Пан Антоній Тызенгаўз сядзеў з фізіяноміяй задаволенай, як кот, што задраў тлустую птушку.

Толькі Баўтрамей Лёднік быў сумны. Дый Пранціш, нягледзячы на красамоўны выступ у якасці сведкі, не адчуваў аніякай радасці.

Да таго ж на выхадзе з судовага дома падбег Давыд і прашаптаў, што меў размову з катам Ігнарусам. Нейкую дзіўную ды плыткую, усю на філасофскіх алюзіях. Усё пра той жа Харонаў човен, з якога па сваёй волі не сыходзяць.

На пляцы, дзе стаялі ганебныя слупы, груганнём збіраўся народ. Кагосьці зараз будуць лупцаваць.

Тэрмінова ў Капанічы!

Праксэда спакавала рэчы і сядзела на куфры, сціснуўшы тонкія рукі. Алесь нервова хадзіў па здымным пакоі, паглядаючы на сваю чароўную даму пяшчотна і сумна.

А тая так і не змагла схаваць непатрэбнага позірку, якім сустрэла доктара.

Гэтак калісьці і на Вырвіча глядзелі. Светла-зялёныя вочы ягонай нявесты Раіны Міхалішыўны. З бязмежнай адданасцю і гэткай жа бязмежнай безнадзейнасцю.

Неба над Траецкім прадмесцем зрабілася шэрым, як брудная ануча. Відаць, вечарам паваліць снег. Прыслуга загружала куфры ў карэту.

Стралялі крокаў за дзвесце, з руінаў замка на тым беразе ракі. Стралкі ўмелыя, і зброя ў іх была самая лепшая, дарагая, прыстрэленая. Падобна, наразныя карабіны, замежная навінка.

А банда Чорнага Доктара на заснежаным двары — як чарніцы ў парцалянавай місе.

Пранціш, быццам у страшным сне, бачыў, як павольна Бутрым падае, як адпаўзае за карэту, і за ім цягнецца крывавы след. Кулі ўспорвалі белыя апранахі зямлі. Аднаго каня паранілі, ён пачаў уздымацца на дыбкі, разам з напарнікам туды-сюды са страшным іржаннем валакаў карэту. Пранціш кінуўся да доктара, каб адцягнуць у бяспечнае месца. Апякло плячо. Навалачы! Вырвіч кінуўся за дрывотню і бездапаможна агледзеў наваколле. Адзін гайдук ляжаў ніцма, галавой на ганку, і ягоныя вочы ўжо ашклянелі. Гэта ж Грыцько, якога пані Тэрка ледзь не прадала ў рэкруты! Нядоўгай была ягоная воля.

Двое другіх гайдукоў прыхаваліся за рагом дома і пулялі ў белы свет, непрыцэльна, так, ад злосці і безнадзейнасці. Чарнявы Сцяцко дык увогуле выў, як дзікі звер, і каб бачыў перад сабой забойцу свайго брата — мусіць, зубамі парваў бы.

Бутрым, здаецца, спрабуе адпаўзці. Пранціш кінуўся да яго і ўсё-ткі адцягнуў за дровы. Чорны Доктар заціскаў рукою рану ў левым баку.

— Алесю дапамажы. Праксэда.