Выбрать главу

Пранціш агледзеўся: яму здавалася, што маладыя ў больш бяспечным месцы, чым Бутрым.

Дактаровіч моўчкі стаяў на каленях і прыціскаў да сябе захутаную ў серабрыстае футра жонку, кранаючыся вуснамі русявых валасоў. Яна ляжала ў яго абдоймах вельмі ціха, схаваўшы твар на грудзях. Адна яе рука звесілася. І Вырвіч з жахам усвядоміў, што вельмі неяк нязручна павернутая гэтая тонкая даланя.

Стрэлы між тым сціхлі. Цёмныя руіны замка здзекліва паглядалі чорнымі прагаламі на месцах вокнаў.

І больш не засталося нічога светлага пад гэтым шэрым небам, акрамя мёртвага снегу.

Раздзел пятнаццаты

ЗАЛАТЫЯ ПАЎЛІНЫ ВАЯВОДЫ

Паміж падстрыжаных у форме шароў і сэрцаў кустоў праносілася сюды-туды нешта бліскучае. Быццам звар’яцелая камета не магла зразумець, дзе тут неба.

— Прабацька Абрам, ніяк не прывыкну. — сплюнуў чарнявы фацэт у наймодным французскім строі — смешны каптан з кароткімі крысамі спераду і даўжэзнымі ззаду, белыя штаны, чырвоныя вузкія боты — амаль сабе бусел. — То малпа на капялюш абрынецца, то мядзведзь дзверы ў флігель адчыніць. Вось — паўлінаў пазалацілі!

— Добра, што не прыслугу, — меланхалічна азваўся дзюбаносы высокі змрочны тыпус у чорным простым каптане. — Нядаўна ледзь адратаваў такога… херувімчыка. У Гарадзенскім тэатры ўздумалі ў спектаклі жывых дзетак пазалочанымі на сцэну пускаць. У выніку — гіпатэрмія, атручванне арганізму. Добра, паспелі мне прывезці няшчаснае дзіця. А другое дзіця, дзяўчынка, памерла — ніхто ўвагі не звяртаў за кулісамі, як яна мучылася.

— Спадзяюся, нашаму князю такое не прыйдзе ў галаву, — перасмыкнуў плячыма фацэт. — Пакуль што ў нас усяго толькі Гібралтар.

Спадарожнікі фацэта, згаданы змрочны тыпус і ладны блакітнавокі шляхцюк, — утаропіліся ў яго з непаразуменнем.

— Ну, баталія марская рыхтуецца на Нясвіжскіх каналах, — цярпліва патлумачыў фацэт. — Ягамосць за мэту ўзяў — давесці кожнаму, асабліва каралю, што ён тут самы багаты і магутны, вось і выдумляе розныя фінфы.

— А ты, Давыдзе, як у Нясвіж трапіў? — русачубы блакітнавокі шляхцюк упэўнена крочыў па сцежцы, пасыпанай белым, як цукар, пяском.

— Ну, з Брастоўскімі давялося развітацца, добра, не прыбілі, — уздыхнуў Давыд. — А мая парфума — адметная на ўсё княства і каралеўства! Я магу намяшаць для пана ваяводы хоць пах эдэмскай слівы, хоць слязу русалкі. Ягамосць дужа мае сродкі любіць. Было каму рэкамендаваць, дзякуй пану Рысю.

Між тым параўняліся з афіцэрамі залатой харугвы, ваяводскай гвардыі. Дужыя шляхцюкі ў белых жупанах з залатымі гузікамі праводзілі гасцей падазронымі позіркамі.

— Ты не ведаеш, Давыд, што ад нас ягамосці трэба? — парушыў маўчанне малады шляхціц.

— Ніхто таго ведаць не можа, шаноўны пан Вырвіч, — запэўніў Давыд. — Бо з раніцы ў галаву нясвіжскаму ардынату прыходзіць адно, у абед — іншае, а вечарам ён ужо гарлае: «Трубы і літаўры!» і патрабуе трэцяга.

Між тым дайшлі да ўвахода ў палац, і герб на фасадзе на ўсе бакі свету трубіў пра веліч уладара.

— Ягамосці пан Баўтрамей Лёднік, чалец Адукацыйнай камісіі, і пан Пранціш Вырвіч з Капаніч, да ягонай яснавяльможнай мосці!

Пранціш сумна ўсміхнуўся: вось і дажыў, што імя ягонага былога слугі абвяшчаюць перад ягоным імем, нашчадка Палямона!

— Галоўнае, не спрачайцеся з ваяводай і не смейцеся, калі пачне казкі баяць. — ціха шапнуў Давыд і з пачцівай усмешкай паспяшаўся да купкі расфуфыраных панечак, як ёсць — аматарак выбітной парфумы.

Гаспадыні ў палацы не было — ваявода развёўся з пані Тэрэзай са Ржавускіх, і даволі гучна. Але дамы фраўцымеру прысутнічалі, як жа без кабетаў пры двары. Дый шаноўная сястра ваяводы, пані Тэафіля Мараўская, нярэдка тут гасцявала. Кажуць, магла і братку свайго перамагчы ў Бахусавым спаборніцтве.

— А, вось і мой доктар.

Пане Каханку, самы багаты чалавек у краіне, што амаль памерла, раскінуўся ў фатэлі ў самым заквэцаным белым жупане, які каля жывата нагадваў расфарбаваны глобус. Ля ног пана ляжаў сетэр, ягоны ўлюбёнец, па левую руку пагойдваўся незразумелы тыпус, лысы, бязвусы, худы, як пуга. Як толькі зрэнкі тыпуса, што мітусіліся, быццам шарык рулеткі, спыніліся на доктары, тыпус перамяніўся. Ягоны твар яшчэ больш выцягнуўся, вусны набылі пагардлівую складку, нос нібыта загнуўся ўніз. Двое палацавых лізунчыкаў, што шыліся ля ардыната, выбухнулі ліслівым рогатам. Ваявода перавёў позірк на лысага дзівака, на доктара, і таксама зарагатаў: крыўляка вельмі дакладна пераняў знешнасць Лёдніка.

— Не крыўдуйце на майго блазна, вашымосці, ён нямы, але на штукарствы ўсялякія здатны. Цішэй, цішэй, Пшчольчык, а то гэты пагрозны доктар табе клісцір паставіць. Ён ведаеш, як спрытна ставіць клісціры?