Выбрать главу

Кантэн зняў з галавы капялюш, расшпiлiў футра i дастаў насоўку, каб выцерцi пот, якi iмгненна пакрыў яго твар. Ад холаду, якi раптоўна ахапiў яго галаву i цела, яму зрабiлася лепш. Ён сутаргава ўдыхнуў паветра. Галава злёгку кружылася, i Кантэн падумаў, што гэта, мабыць, з голаду. Але пры адной толькi думцы пра ежу, пра рэстарацыю, пра краму яго нудзiла.

Калi ён зноў выйшаў у цэнтр горада, народу там было значна менш. Пасля таго як яму ўдалося стрымаць гэты атрутны смех, у яго было ўражанне, што ўсю яго iстоту напаўняе жоўць. I цяпер узнiкла жаданне плюнуць, каб хутчэй вызвалiцца ад гэтай непрыемнай хваробы, якая засела, вiдаць, значна глыбей, чым у яго горле.

Ён iшоў куды вочы глядзяць i неўзабаве спынiўся перад дзвярыма салона Раберцi. Яго вiтрыны былi асветленыя, усярэдзiне таксама гарэла святло. За перагародкамi з матавага шкла па-ранейшаму рухалiся ценi. Кантэн стаяў перад парогам i глядзеў на пусты ўваход, пакуль з адных дзвярэй не выйшла жанчына. Тады ён, не думаючы, хуценька пайшоў прэч, пакуль не завярнуў за блiжэйшы вугал. Далей ён пайшоў звычайным крокам. Ён усведамляў, што тое, што ён робiць, не мае нiякага сэнсу, аднак ён не быў поўным гаспадаром сваiх дзеянняў. Ён казаў сабе, што гэта ўсё ад горада, у якiм яму было душна, ад гэтай вельмi слiзкай зямлi, на якой ён не адчуваў упэўненасцi ў сваiх нагах.

У яго не было жадання падымацца яшчэ раз на пяты паверх, у пакой Марыi-Луiзы, але ён чамусьцi зноў апынуўся на вулiцы Сухога Дрэва. Калi ён увайшоў у калiдор, то ўжо больш не вагаўся, а хуценька прайшоў мiма пакоя кансьержкi, лёгка ўзбег на лесвiчную пляцоўку трэцяга паверха.

Тут ён вымушаны быў спынiцца. Яму не хапала паветра. Каленi задрыжалi, i ён ухапiўся за парэнчы. Ён намагаўся дыхаць павольна i глыбока, i ў той жа час баяўся, што адны з дзвярэй могуць адчынiцца.

Гэтыя двое дзвярэй былi зроблены са старога дубу, пакрытыя лакам. Ручкi, званкi, замочныя шчылiны i шыльдачкi з медзi былi начышчаныя да бляску. Метал так блiшчаў, што ён спачатку прачытаў на шыльдачцы "Саванэн" замест "Савiнэн", але гэтага было дастаткова, каб Кантэн прыгадаў план па вiнаграду ў сваёй мясцовасцi.

Крыху адпачыўшы, ён падняўся на пяты паверх i пастукаў у дзверы Марыi-Луiзы. Але там зноў нiхто не адказаў.

У суседнiм пакоi гутарылi людзi. Кантэн прыслухаўся. Размаўлялi адны жанчыны, i ў яго на хвiлiну з'явiлася надзея, што там можа быць Марыя-Луiза. Ён чуў, як яны гаварылi:

- Гэта вельмi дорага. Навошта купляць няякасны тавар. I потым, запомнi галоўнае правiла: нiколi не купляй адна.

- Iдзi лепш да Рантанэ цi да Ману, там можна купiць танней.

- Сапраўды, у Ману i яшчэ там прадаюць у крэдыт. Нi адзiн з галасоў трох жанчын, якiя размаўлялi, не быў падобны на голас яго дачкi. Кантэн паслухаў iх гутарку з надзеяй i трывогай яшчэ нейкую хвiлiну. Яму карцела пастукаць у гэтыя дзверы i спытацца, цi ведаюць жанчыны Марыю-Луiзу. Аднак нешта яго стрымлiвала. Ён сам хацеў знайсцi сваю дачку. ён не жадаў больш слухаць нагаворы людзей, якiя зусiм не ведалi яго Марыi-Луiзы.

Кантэн павольна падымаўся. Потым ён спынiўся на лесвiчнай пляцоўцы i, затаiўшы дыханне, прыслухоўваўся да гукаў у доме. Здалёк цiха даносiлiся галасы жанчын. Iншыя гукi, на якiя ён не звярнуў увагi, калi падымаўся ўгору, нараджалiся ў пакоях, што выходзiлi ў калiдор, на нiжнiх паверхах або нават на вулiцы. Часам яны былi вельмi выразныя, а часам ператваралiся ў неразборлiвы гоман. Кантэн не ведаў, iснаваў гэты гоман у сапраўднасцi цi гэта шумела ў яго галаве, якая гарэла, бы ў лiхаманцы.

Такога з iм нi разу не было. Ён нiколi не стаяў вось так на лесвiчнай пляцоўцы. Вакол яго iшло жыццё гэтага дома, жыццё ўсяго горада. Нахiлiўшыся, ён некалькi хвiлiн глядзеў унiз, куды, быццам у калодзеж, спускалiся парэнчы. Кантэн хацеў зразумець, што ў iм робiцца. Яму здавалася, што ён знаходзiцца ў самым цэнтры горада, якi жыве iнтэнсiўным жыццём вакол яго, а ён застаецца адзiн. Нiводзiн чалавек не адчувае тут сябе такiм адзiнокiм. Вось гэтыя жанчыны, што размаўляюць там у пакоi, цi адчуваюць яны сябе адзiнокiмi? Або той Савiнэн, адзiн ён цi з жонкай i дзецьмi? А можа, i сам Кантэн адчуваў сябе адзiнокiм нават дома, калi сядзеў за сталом насупраць жонкi i Дэнiзы?

Кантэн успомнiў пра пачуццё, якое часта перажываў, калi думаў аб той дыстанцыi, якая аддзяляла яго ад жанчын, што сядзелi разам з iм за адным сталом. Тады ён часта думаў пра Марыю-Луiзу. Ён адчуваў яе побач з сабою, хоць яго старэйшая дачка была ад яго далёка i ён нiчога не ведаў аб тых мясцiнах, дзе яна жыла. Цяпер усё пераблыталася. Кантэн не ведаў, дзе ён адчуваў сябе больш адзiнокiм, дома цi тут. Яна ж тут, побач! Дастаткова высадзiць гэтыя дзверы плячом, i ён апынецца ў пакоi, дзе ўсе рэчы носяць адбiтак яе прысутнасцi.

Зноў закалола ў грудзях. Кантэн спрабаваў уявiць, як ён сядзiць у яе пакоi i тут вяртаецца Марыя-Луiза. Вяртаецца не адна. З ёй прыходзiць мужчына, яго двайнiк. Такi ж немалады, апрануты ў чорны капялюш i ў нямоднае палiто. Кантэн бачыў гэткага толькi што ў вiтрыне крамы.

Каб пазбавiцца ад гэтай думкi, Кантэн пачаў спускацца ўнiз. Праходзячы ля кватэры Савiнэнаў, ён раптам падумаў, што можна пазванiць i зайсцi да iх. У сельскай мясцовасцi, калi незнаёмы чалавек заходзiць вечарам у хату, яго накормяць i пусцяць пераначаваць. Ва ўсякiм разе, ён не застанецца адзiн, як тут, у горадзе. Калi ён пажадае расказаць пра сябе, яго будуць слухаць, калi будзе маўчаць, яго не стануць распытваць. Аднак ён не будзе адчуваць сябе адзiнокiм.

Але ж цi пусцяць яны яго ў кватэру, цi зразумеюць, што ў вялiкiм горадзе чалавек можа згубiцца, як пасярод незнаёмага лесу? У вёсцы заўсёды можна знайсцi гумно, канюшню, на горшы выпадак, стог у полi, у якiм можна зрабiць нару i скруцiцца там, як лiсiца. На дварэ зiма, холад, а ў стозе ўтульна i цёпла!

Тут жа была калючая ноч, i яркiя лямпы зусiм не грэлi. Тут усё нагадвала пустэчу.

У пакоi кансьержкi глядзелi тэлевiзар. Сiнiя водблiскi скакалi па фiранцы. Пакуль Кантэн выходзiў на вулiцу, услед яму неслiся галасы i музыка.

На вулiцы падмарозiла. Людзей стала менш. Над Сонай падымаўся густы туман. Ён нагадваў Кантэну дым сырога асенняга цяпельца. У гэтым тумане злiвалiся ў адно каляровыя надпiсы на вiтрынах.

12

Кантэну зрабiлася холадна. Ён наставiў каўнер свайго палiто i схаваў галаву ў плечы. Холад крочыў з iм у нагу, i стары не ведаў, як ад яго пазбыцца. Ён вырашыў зайсцi ў кафэ, але падумаў, што холад увойдзе туды разам з iм.