Выбрать главу

Алена Яўгенаўна. Ды што вы ўсё апраўдваецеся? Выходзьце на кухню, у ванную — калі ласка. Бачыце, якая тут кухня? У футбол можна гуляць.

Васіль Васільевіч (смеючыся; таксама хоча пагаварыць). Можа, нам, Лена, на кухню перайсці жыць, а другі пакой яшчэ каму здаваць? (Вінавата кашляе ад позірку жонкі.)

Рыгор. Доўга мы грэць будзем?

Выпіваюць усе, акрамя Наташы; яна толькі пакручвае ў пальцах чарачку і ставіць яе зноў на стол.

Алена Яўгенаўна (выдыхнуўшы, гонячы далоняй у рот паветра). Каб… ох… усё добра было, каб вам спадабалася тут!

Ган. А мне ўжо спадабалася.

Закусваюць.

Рыгор. Дык ты кажаш, пажыў па кватэрах? Чаму ж нідзе не прыжываўся?

Ган. Ды я ўсяго два разы і жыў на чужых кватэрах. У першай была цудоўная гаспадыня, брала мала, ветлівая такая, добрая, чырванела вечна… Баялася чамусьці мяне… І паважала. Удава. Паводзіла так сябе, быццам не я ў яе, а яна ў мяне ў кватарантках.

Усе смяюцца, Наташа чмыхае. Рыгор зноў налівае.

І што вы думаеце? Аказалася, у яе быў палюбоўнік, яны збіраліся ажаніцца, пачаў ён раўнаваць — маўляў, чаго ён, гэта значыць я, тут жыве… Ну, і давялося сыходзіць.

Рыгор (ужо не смяецца, а рагоча). «Пачаў раўнаваць!» Ну ты кадр, хлопец!

Ган (таксама смяецца). А другі раз, на другой кватэры, дзіця малое было, плакала часта.

Алена Яўгенаўна. У нас ціха!

Васіль Васільевіч. Горш няма для студэнта, як малыя дзеці! Помню, вось нарадзілася (паказвае на Наташу), ну і піскуха была! Як завядзе, проста з рук усё валіцца!

Наташа. Не трэба было нараджаць.

Васіль Васільевіч (расчулены гарэлкаю і ўспамінамі). Мы ў маласямейцы тады жылі. Яна пішчыць, нам барабаняць па батарэях з усіх канцоў, і зверху і знізу! Пекла!.. І ўсё адно — то былі самыя лепшыя, самыя шчаслівыя гады…

Алена Яўгенаўна. Маўчаў бы лепш пра тыя гады… Дзве жонкі, двое дзяцей… (Тлумачыць Гану.) Ён якраз развёўся тады, я ж другая ў яго.

Васіль Васільевіч. Хопіць…

Рыгор (п'янейшы і смялейшы). Саша, — Саша ж цябе завуць?

Ган. Алесь.

Рыгор. Не кіем, дык палкаю. Мы таксама «языкам абучаны», таксама ў «ріднай мове» разбіраемся…

Ган (перабівае, паказвае на партрэт). Ты маляваў, Рыгор? Цудоўна. Выдатна проста! Заўсёды зайздросціў мастакам, музыкантам, пісьменнікам…

Рыгор (задаволены, пазіраючы то на Наташу, то на партрэт). Дзякую. Але — ты, Алесь, вядома, не крыўдуй… Яўгенаўна, не наступайце мне на нагу, я ў адных шкарпэтках, баліць жа!.. Хлопец! За сто пяцьдзесят «баксаў» ты мог бы спакойна наняць асобную кватэру! У любым раёне! Тым больш табе тэлефон не патрэбен!

Алена Яўгенаўна. Чаму ты ўмешваешся?!

Васіль Васільевіч (павышаючы тон). І то праўда. Слухай, Рыгор, ты… Ты ідзі, ідзі памалу дадому!

Рыгор. Як кватарантаў шукаць — бягуць па Рыгора. Рыгор знаходзіць, прыводзіць — усё, гуд-бай, твая місія скончана! Так?

Алена Яўгенаўна. Ты сямейны, жанаты чалавек…

Рыгор. Пры чым тут сям'я?.. Я прывёў вам, можна сказаць, за руку гэтага вось Алеся! І хачу ведаць, каго я прывёў! (Да Гана.) Ты не крыўдуй, вядома…

Ган. Ахвотна адкажу. У інтэрнаце мне перашкаджаюць шум і п'янкі. У асобнай кватэры мне было б няўтульна. Адзінока. Можа, нават страшнавата. Я хадзіў бы з кутка ў куток, сланяўся, нічога не лезла б у галаву… Мне трэба адчуваць жыццё — фізічна: каб галасы прыглушаныя, тэлевізар ціха працуе, посуд бразгае на кухні, вада напускаецца ў ванну… Унітаз, прабачце, час ад часу падае гукі…

Наташа (перабіваючы). Расказвае, як раман піша!

Ган (смяецца). Куды мне! Раманаў я не пішу…

Наташа. Дарэмна. Магло б і атрымацца.

Рыгор. Дайце дагаварыць. Сапраўды, бывае. Утульнасці хочацца, прыляпіцца да жыцця, хоць да чужога… Але, Алесь… Падазрона ўсё! За гэтую ўтульнасць (паказвае на людзей, паводзіць рукою) ты мог бы смела заплаціць у чатыры разы менш!

Алена Яўгенаўна (сыкае). Ты замоўкнеш ці не?!

Наташа. Пачакай, мама. Давай паслухаем.

Ган. Калі мне падабаюцца людзі, дык хочацца рабіць ім прыемнае. Гэта не філантропія, а… звычайны эгаізм, меркантыльнасць, разлік: калі я заплачу людзям у чатыры разы вышэй за намінал, дык і адносіны да мяне стануць лепшыя ў чатыры разы. Логіка простая. Можа, папрашу зварыць кавы, можа, калі забуду паабедаць, дык не пасаромеюся, папрашу…

Алена Яўгенаўна. Які сорам?! Хочаце — кожны дзень ешце з намі; праўда ж, Васіль?

Васіль Васільевіч (цвёрда). Праўда. Рыгор, ты канчай гэта!

Алена Яўгенаўна. Цвярозы прыходзь.

Рыгор. Добра — пайду. Але напаследак яшчэ пытанне: адкуль у цябе, студэнта, такія грошы? Ты раскашуеш, кватэры здымаеш — як шляхта, як арыстакрат дзевятнаццатага стагоддзя!..