Выбрать главу

Але усе намаганні Багуслава былі марнымі — чароўная дама заставалася халоднай як лёд, і пускаць залётніка ў сваё сэрца ці хаця б у ложак рашуча адмаўлялася.

— Паміраю, — скардзіўся князь Яну Невяроўскаму — адзінаму, каму адважыўся адкрыць душу, якая патрабавала спачування і хоць нейкага суцяшэння. — Ох, а святары яшчэ палохаюць нас пякельнымі пакутамі… Ды сам чорт не прыдумае горшых пакутаў за любоўныя!

— Можа, ну яе да яснай халеры? — асцярожна прапанаваў Ян. — Колькі прыгажунь вакол!

Суцяшальнік з Невяроўскага быў так сабе, і Радзівіл нахмурыўся.

— Ян, запамятай: мяне не спалохае цэлая варожая армія, і адступаць перад смяшлівым Амурам з яго стрэламі я тым больш не збіраюся…

Напэўна, рымскі бог кахання пакрыўдзіўся на літоўскага прынца за такую дзёрзкасць. Калі аднойчы ўвечары Багуслаў (у які раз!) пераступіў парог Блакітнай гасцёўні, да яго падышоў знаёмы вяртлявы юнак. Гэта быў той самы Талеман дэ Рэо[131], якому неўзабаве ўдалося абессмяроціць сваё імя падслуханымі ў салоне «Арыгінальнымі гісторыямі».

— Мансеньёр, вы ўжо чулі навіну? — перарывістым ад хвалявання голасам загаварыў ён. — Прынцэса Ганна Ганзага ўступіла ў таемны шлюб з Анры Гізам, арцыбіскупам Рэймскім! Іх сёння ўначы абвянчаў адзін рэймскі канонік у капліцы гатэля Нявер.

Ад такой навіны ў Радзівіла мову адняло на імгненне. Але, вырашыўшы, што ён стаў чарговай ахвярай адной з тых містыфікацыі якія так любілі госці мадам дэ Рамбуе, князь усё ж скрывіў вусны ва ўсмешцы.

— А што, Папа ўжо дазволіў каталіцкім святарам жаніцца?

Юнак хрыпла зарагатаў.

— Ды Папа хутчэй уручыць ерэтыкам ключы святога Пятра, чым наважыцца на такое блюзнерства! Але сам герцаг сцвярджае, што не даваў манаскіх абяцанняў і атрымаў з Рыма дазвол на шлюб… Божа, які скандал! А яшчэ не так даўно ўвесь Парыж быў шакаваны сувяззю паміж месье Рэймсам і мадам абатысай Авене — сястрой маркізы Ганзага… Небарака памерла колькі месяцаў таму…

Багуслаў, які таксама чуў гэтыя плёткі, адчуў, што на яго лбе выступіў халодны пот. Ён яшчэ не верыў гаваркому маладзёну, але ўжо пачаў баяцца, што ў яго выдумках больш праўды, чым хлусні. Змрочныя прадчуванні не падманулі — пра нечаканае замужжа Ганны Ганзага пляткарылі на кожным кроку, а яе сястра, якая з’явілася ў салоне Рамбуе ў суправаджэнні маркіза Сэн-Мара, пацвердзіла чуткі словамі, што гэтыя двое кахаюць адно аднаго «як Амур і Псіхея». І хоць Багуславу падалося, што словы старэйшай Ганзага адрасаваліся менавіта яму, цешыцца самападманам прынц не мог.

— Я павінен выкінуць Ганну з галавы, — рашуча заявіў ён Яну Невяроўскаму. — І я гэта зраблю!

— Не сумняюся, — узрадаваўся Ян, які шалёна нудзіўся ў гасцях у мадам Рамбуе. — У рэшце рэшт, мы ў Парыжы, а ў гэтым горадзе ўцех хапае…

— Ты маеш рацыю, дружа, — сказаў князь. — Толькі дзеля вясёлага жыцця я яшчэ неяк патрываю парыжскі смурод!

х х х

Між тым набліжалася вясна, і бруд, які шчыльнай коўдрай укрываў парыжскія вуліцы і канавы, пачаў раставаць. Ад пякельнага сернага паху, што рабіўся ўсё больш невыносным, не ратавалі нават французскія духі. Каб напоўніць лёгкія свежым паветрам, Багуслаў любіў прагуляцца Новым мостам, які злучаў Луўр з рынкам абацтва Сэн-Жэрмен-дэ-Прэ. Тут не было крывых драўляных будыначкаў, якія загрувашчвалі іншыя парыжскія масты, і па вечарах гандляры прыбіралі свой няхітры тавар з перасоўных гандлёвых намётаў, так што можна было бесперашкодна любавацца велічным фасадам каралеўскага палаца, за якім павольна знікала халоднае вясновае сонца. Свежы вецер з Сены звычайна нёс у горад жыватворнае паветра, але цяпер, змяніўшы кірунак, тхнуў гнілізнай з Дуўрскага рова. Радзівіл міжволі паморшчыўся, а яго почат, які сёння складаўся з Невяроўскага, Стаброўскага і Кожкіля, аж перасмыкнула ад агіды.

вернуться

131

Жэдэон Талеман дэ Рэо (1619–1692) — гугенот, французскі літаратар з акружэння мадам дэ Рамбуе. Яго кніга «Арыгінальныя гісторыі» (упершыню апублікавана ў 1834–1835 гадах) з’яўляецца адной з самых папулярных кніг пра французскае свецкае жыццё XVI–XVII стагоддзяў.