— І як небаракі парыжане трываюць тут летам, хацеў бы я ведаць, — выдыхнуў Невяроўскі, заціснуўшы нос рукой.
— А я вось не хачу, — адрэзаў Радзівіл. — Таму ўлетку нас тут і не будзе… Лепш памерці рыцарскай смерцю на полі бою, чым паволі задыхнуцца ў гэтым каменным мяшку… І хто, чорт забірай, назваў Парыж вясёлым горадам? Тут жа сумна, як у магіле!
Ён з прыкрасцю падбіў наском батфорта камень, што трапіўся на шляху. Ян дыпламатычна прамаўчаў: Багуслаў быў не ў гуморы яшчэ з раніцы, калі ўбачыў у акне гатэля Нявер Ганну Ганзага і Анры Гіза. Іх абдымкі і гарачыя пацалункі сведчылі, што гэтую пару аб’ядноўвае шчырая любоў. Ад спадзяванняў Радзівіла заваяваць сэрца прыгажуні засталіся адны шматкі: жанчына амаль заўсёды здрадзіць каханку, які ёй надакучыў, але каханню не здрадзіць ніколі…
— Ох, хоць бы прынц Аранскі нарэшце адважыўся атакаваць Антверпен, — услых падумаў князь.
Стаброўскі з Кожкілем пераглянуліся і гучна ўздыхнулі — перад невясёлай перспектывай апынуцца ў ваенным лагеры французская сталіца здавалася ім найлепшым горадам на зямлі…
Змяркалася. На сярэднявечных вежах Палаца правасуддзя вартаўнікі засвяцілі ліхтары, а хімеры на версе сабора Нотр-Дам ужо схаваліся ў густым змроку.
— Трэба вяртацца, — сказаў Радзівіл. — Ян, ты не здагадаўся прыхапіць з сабой ліхтар?
Вінаватае мармытанне Невяроўскага пацвердзіла, што ліхтара няма, таму ўсе дружна павярнуліся і пакрочылі ў кірунку Луўра. Невяроўскі і Кожкіль ішлі наперадзе, Радзівіл са Стаброўскім трохі адсталі. Нягледзячы на позні час, на мосце было амаль пуста, толькі каля бронзавай статуі Генрыха IV цямнелі нейкія цені. Параўняўшыся з помнікам, Самуль жартам перагнуўся цераз парэнчы моста, жадаючы нешта разглядзець у чорнай вадзе, і калі князь павярнуўся, каб перасцерагчы, адчуў, як нехта моцна рвануў з яго плячэй плашч. Ад нечаканасці Багуслаў сеў на зямлю. Пачуўся тупат ног рабаўніка, які з усіх сіл бег прэч са скрадзеным плашчом.
— Стой! — раўнуў Багуслаў. — Да мяне! Да мяне!
Ускочыўшы на ногі і выхапіўшы шпагу, князь кінуўся ў пагоню. Яго почат, апамятаўшыся, таксама пабег следам у кірунку плошчы Дафіна, куды імчаліся разбойнікі (да Багуславава рабаўніка дарогай далучылася яшчэ трое). Вядома, яны збіраліся распусціцца ў сетцы заблытаных вузкіх завулкаў і, напэўна, дасягнулі б мэты, калі б разбойнік, які размахваў крадзеным плашчом, не спатыкнуўся і не пляснуўся жыватом на брудны брук.
— Drole! Je vais te couper les oreilles![132] — крыкнуў, падбягаючы, Багуслаў, i, схапіўшы нягодніка за вопратку, сілай паставіў на ногі.
Развярнуўшы зладзюгу да сябе, князь ледзь не пракалоў яго шпагай наскрозь, але той паспеў ухіліцца і, адляцеўшы на некалькі крокаў, трапіў у рукі Невяроўскаму і Кожкілю.
— Oh! Моп Dieu! — крыкнуў разбойнік, спалохана гледзячы на аголеную шпагу і раз’юшаны твар Радзівіла. — Grace, Monsieur, pitie![133]
Багуслаў здзіўлена заўважыў, што рабаўнік быў апрануты як знатны шляхціч і меў на баку шпагу, якой не паспеў скарыстацца. Яго твар быў закрыты аксамітнай маскай, з-пад якой вызіралі спалоханыя вочы. Ён вінавата пасміхаўся. Тут бы яму і прыйшоў канец, калі б яго людзі не ўбачылі, што здарылася бяда, і не павярнулі назад.
— Arretez! Arretez! — яшчэ здалёк крыкнуў адзін з іх. — Prenez garde a ce que vous allez faire, messieurs! Cest le duc d’Orleans![134]
Князь так здзівіўся, што ледзь не выпусціў зброю. Невяроўскі і Кожкіль, якія трымалі герцага, разам адпусцілі яго, і той, не ўтрымаўшыся на нагах, упаў проста ў лужыну.
— Якога чорта? — Радзівіл працягнуў руку першаму прынцу Францыі і дапамог яму ўстаць на ногі. — Што за дурныя жарты?
Гастон глыбока ўздыхнуў. Яго прыгожы арыстакратычны твар апух ад доўгага п’янства і гарэў нездаровым румянцам.
— Сумна, — прамармытаў ён. — Вось я са сваімі сябрамі і забаўляюся, як магу… Прыдворныя нават празвалі мяне «рабаўніком з Новага моста»…
— Нічога сабе! — не ўтрымаўся Стаброўскі. — Гэта… нядрэнная краіна, мансеньёр, калі тут нават прынцы крыві на вуліцах рабункам займаюцца!
— Закрый рот, Самуль, — параіў яму Багуслаў, а герцаг Арлеанскі, успомніўшы аб сваёй годнасці, паблажліва ўсміхнуўся князю.
— Бачу, вы, месір, жартаваць не любіце, калі загадалі слугам сябе мансеньёрам зваць?
— Я Багуслаў Радзівіл, прынц Свяшчэннай Рымскай імперыі, — змрочна прадставіўся Багуслаў, хаваючы шпагу ў похвы. — Мае шанаванні, ваша высокасць!
Імгненне Гастон здзіўлена глядзеў на яго, а потым выбухнуў смехам, да якога далучыліся і яго людзі.
134
Пачакайце, пачакайце! Падумайце, што вы збіраецеся рабіць, панове! Гэта герцаг Арлеанскі! (