— Клянуся, гэта вельмі весела! Я пачастую вас вячэрай, прынц, і мы забудзем пра гэта здарэнне, як пра страшны сон?
— Іншым разам, — не надта ласкава адмовіўся князь, таму што спрабаваў адчысціць бруд са сваіх штаноў і сердаваў, што толькі размазаў яго яшчэ больш. — У такім выглядзе нас у любой карчме палічаць рабаўнікамі, а начаваць у Шатле[135] мне зусім не хочацца нават у вашым шаноўным таварыстве.
Ён іранічна пакланіўся прынцу.
— Затое нам удасца захаваць інкогніта, — сказаў Гастон, які, відавочна, знаходзіўся ў, на дзіва, добрым настроі. — Д’Эпінэ, сябар мой, — звярнуўся ён да аднаго з спадарожнікаў, — бяжы ў «Сасновую шышку» і скажы тоўстаму П’еру, хай прыгатуе для нас вячэру, годную высакародных прынцаў! І падасць нам тое ж бургундскае, якое мы пілі ў яго ў мінулы раз…
Д’Эпінэ, прыгожы малады чалавек, які, відавочна, быў у фаворы ў герцага Арлеанскага, адсалютаваў шпагай свайму патрону, Радзівілу і пабег выконваць загад.
Пасля пасядзелак з вясёлым братам французскага караля Радзівіл і яго людзі вярнуліся дадому толькі пад раніцу. Усё таварыства ледзь трымалася на нагах — тройчы клятае бургундскае добра туманіла галаву. Багуслаў чакаў нараканняў ад пана Пуцяты, але маршалак ужо прывык да начных уцех выхаванца, і толькі цяжка ўздыхнуў, прымаючы ў князя адваяваны з такой цяжкасцю плашч.
— Вашу княжацкую міласць тут чакаюць, — пазяхнуў ён, даючы па карку Стаброўскаму, што патаптаўся яму па нагах.
— Хто? — здзівіўся Багуслаў, адштурхоўваючы Самуля, які пакрыўджана размахваў кулакамі, жадаючы даць здачы.
— Бутлер, пісар каралевіча Яна Казіміра, — сказаў Пуцята, паказаўшы вачыма на дзверы, за якімі быў нечаканы госць. — У яго ліст для вашай міласці. І Ферх таксама з ім прыехаў…
Немец Бутлер быў адным з тых нешматлікіх слуг, якія, нягледзячы на сваю грубасць і адсутнасць выхавання (а, можа, і дзякуючы гэтым якасцям) прымудраліся знаходзіць з прынцам-вязнем супольную мову і карысталіся яго поўным даверам. Менавіта праз Бутлера Ян Казімір вёў з французскім урадам перамовы аб вызваленні. Зважаючы на знешнасць і паводзіны гэтага слугі, завяршыцца поспехам яны ніяк не маглі. Бутлер мірна даглядаў дзясяты сон у ложку Невяроўскага, калі пан Пуцята расштурхаў яго і паведаміў аб прыходзе князя. З цяжкасцю ўстаўшы з ложка, куды тут жа ўклаўся Ян, пан пісар адвесіў Радзівілу сонны паклон і працягнуў ліст. Багуслаў узяў яго, распячатаў і паспрабаваў чытаць, але літары, напісаныя не надта каліграфічным почыркам каралевіча, напаўзалі адна на адну і скакалі перад вачыма, ніяк не жадаючы складвацца ў словы. Зразумеўшы, што пасланне ўтрымлівае толькі рэкамендацыі яго прад’яўніка, а гутарка з бесталковым слугой можа зацягнуцца надоўга, Радзівіл вырашыў адкласці размову да раніцы.
— Пазней, пане Бутлер, — рашуча сказаў ён. — У рэшце рэшт, бедны каралевіч ужо і так доўга прабыў у турме, так што некалькі гадзін нашага спакойнага сну яму не пашкодзяць, а-а-а-а (ён пазяхнуў), то і на карысць пойдуць, калі я лепш цяміць змагу! Добрай ночы… то бок добрай раніцы, панове…
Сказаўшы так, Багуслаў зваліўся на ложак і заснуў як забіты.
Раздзел 9
ДЫПЛАМАТЫЯ РЫШЭЛЬЕ
Сэн-Жэрмен — Парыж — Пікардзія — Кале — Дуўр
(сакавік — ліпень 1639 года)
6 сакавіка 1639 года апоўдні Багуслаў Радзівіл з Невяроўскім, Цадроўскім, Ферхам і Кажэўскім хутка ўздымаліся па Вялікай лесвіцы Сэн-Жэрменскага палаца ў каралеўскія пакоі. Гэтым разам іх суправаджаў лейтэнант каралеўскіх гвардзейцаў, якому Радзівіл прад’явіў запрашэнне на каралеўскую аўдыенцыю. На сходах дзяжурылі тыя ж мушкецёры, што і падчас мінулага тайнага візіту князя, і ветлівы ваяка, які тады так паслужыў Багуславу, пазнаўшы яго, прысвіснуў.
— Хто гэта, Каменж? — спытаў ён лейтэнанта, праводзячы ўзрушаным поглядам апранутага па апошняй парыжскай модзе князя і яго пышны почат.
— Польскі прынц, — напаўголасу паведаміў лейтэнант. — Да караля.
— Я ж казаў, што ён прынц, — задаволена паведаміў мушкецёр свайму таварышу, і Багуслаў, пачуўшы гэта, не стрымаў усмешкі.
Але яна імгненна згасла, бо па сходах спускалася Ганна Ганзага ў суправаджэнні герцага Гіза, чый упрыгожаны жоўтымі стужкамі цёмна-зялёны аксамітны камзол зусім не быў падобны на адзенне духоўнай асобы.
Пакланіўшыся прынцэсе, якая прывітала яго гарачым румянцам, і зрабіўшы выгляд, што не заўважае саперніка, Радзівіл прымусіў сябе выкінуць абаіх з галавы і паспяшаўся далей. Краем вуха ён пачуў, як герцаг шэптам цікавіцца ў жонкі яго іменем. Тым часам Каменж, які адолеў лесвіцу раней за Багуслава, ужо рэкамендаваў яго каралеўскаму камердынеру Ла Шанэ: