— Нарэшце даслаў разумнага чалавека, — усё ж усміхнуўся Рышэлье.
Багуслаў схіліў галаву ў знак падзякі, але вырашыў давяраць не кампліментам, а дзеям яго правялебнасці, і той гэта адчуў.
— На жаль, вы, мансеньёр, хоць і абараняеце інтарэсы каралевіча, не з’яўляецеся паўнамоцным польскім пасланнікам і не можаце выступаць ад імя караля і сойма, — у голасе кардынала ўжо адчуваліся сталёвыя ноткі. — Вы не можаце абяцаць нам мір ці вайну, як і не можаце даць гарантый, што Польшча не будзе помсціць за арышт свайго прынца.
Людовік пацвердзіў словы свайго міністра аўтарытэтным кіўком. Радзівіл з прыкрасцю прыкусіў губу — кардынал намацаў самае слабае месца ў яго абароне і цяпер граміў бастыёны па ўсіх правілах дыпламатыі.
— Я асабіста лічу, што мы маем справу з вялікім і трагічным непаразуменнем, — працягваў Рышэлье, крывадушна заломваючы ўпрыгожаныя каштоўнымі пярсцёнкамі пальцы. — Камендант Марсэля выявіў празмерную пільнасць, калі загадаў арыштаваць падазронага замежніка, які без пашпарта сышоў на бераг, а камандзір гарнізона ў Салоні, які трымаў Яна Казіміра ў каменным мяшку…
— …без дроў і добрай ежы, — уставіў Багуслаў.
— …выявіў не найлепшыя чалавечыя якасці…
— …якія кідаюць ганебную цень на Францыю і непазбежна паменшаць колькасць прыхільнікаў польска-французскага сяброўства ў маёй краіне, — рашуча скончыў князь. — Палітыка палітыкай, але ваша вялікасць (ён яшчэ раз пакланіўся Людовіку) можа праявіць хрысціянскую міласэрнасць, якая так да твару царкоўным служкам (паклон у бок кардынала), і забяспечыць вязню калі не свабоду, дык хоць вартыя яго высокага паходжання ўмовы жыцця. І не ў богам забытым Сістэроне, а тут, у Парыжы, дзе вам будзе лягчэй трымаць яго на вачах, а майму дзядзьку — пераконваць паноў сенатараў, што адбылося непаразуменне і французскія абдымкі ўсё яшчэ адкрытыя для Польшчы!
— Гарантыі… — пачаў кардынал, але Радзівіл цвёрда вырашыў заблакаваць праціўніка на яго пазіцыях, не даючы найменшай магчымасці кінуцца ў атаку.
— А гарантыі, пра якія кажа ваша правялебнасць, дасць польскі пасол, што, як мне вядома, ужо едзе сюды, — абвясціў ён з шырокай усмешкай, якая служыла выбачэннем за няветлівасць.
Багуслаў чакаў новага выпаду, але так і не дачакаўся. Кароль стомлена пазяхнуў. Кардынал моўчкі выцер спацелы лоб.
— Герцаг, няўжо мы не можам неяк палегчыць долю прынца Яна Казіміра? — падаў голас Людовік, якога стаміла гэтая размова.
Рышэлье маўчаў, а яго патаемных думак не разгадала б і сама Кумская сівіла[136]. Багуслаў не вытрымаў.
— У імя Госпада, ваша правялебнасць! Аўстрыйскі імператар і той міласцівей абыйшоўся з прынцам Рупертам, які ваяваў супраць яго, — сказаў юнак, прыціснуўшы руку да грудзей, і з палёгкай уздыхнуў, бо на тонкіх вуснах міністра нарэшце зайграла ўсмешка.
— Не хвалюйцеся, мансеньёр, — сказаў кардынал. — Ян Казімір — госць Францыі, а не вязень. Думаю, хутка мы будзем мець шчасце вітаць яго ў Парыжы… Спадзяюся і на тое, што вы, прынц, яшчэ ўшануеце нас сваім таварыствам.
Пасля гэтых слоў князь развітаўся і з лёгкім сэрцам пакінуў каралеўскія пакоі.
— Разумны хлопец гэты прынц Радзівіл, — падаў голас кароль, правёўшы князя позіркам.
— Вельмі разумны, — сказаў Рышэлье і летуценна дадаў, круцячы ў руках карункавую хусціну. — Добра было б, каб гэты прынц калісьці апынуўся на французскай службе…
Нягледзячы на падкрэсленую ветлівасць кардынала, Багуслаў і не думаў карыстацца яго запрашэннем: парыжскі брук, па якім часам хадзіў чаравічак Ганны Ганзага, апякаў яму пяткі, а першае, да таго ж няшчаснае каханне туманіла галаву і сушыла сэрца. Як толькі вясновае сонца трохі падсушыла бруд на французскіх дарогах, князь адправіўся ў падарожжа па краіне ў спадзяванні, што дарога развее яго смутак. У паездцы Радзівіла суправаджалі Клод Рывэ, Марцін Аборскі, пан Пуцята і Ян Цадроўскі — адзіны з радзівілаўскай моладзі, каму рыцарскія навукі ўжо стаялі папярок горла. Астатнія засталіся ў Парыжы пад наглядам пана Рэйнольда, каб скончыць навуку ў акадэміі.
136
Кумская сівіла — у грэчаскай міфалогіі легендарная варажбітка, што жыла ў мястэчку Кумы паблізу Неапаля ў 500-х гадах да н. э.