Выбрать главу

Гэтага моманту Багуславу хапіла, каб завалодаць зброяй. Кінуўшы Яну шаблю свайго выхавацеля (той ужо голымі рукамі змагаўся з рабаўніком, учапіўшыся за яго алебарду), князь скрыжаваў сваю рапіру са шпагай іншага нападніка. Кароткі бой — і той ужо забіўся на зямлі ў жудасных пакутах, назіраючы скрозь крывавую заслону, як яго прыяцелі з усіх сіл бягуць куды вочы глядзяць. Пан Пуцята, які забраў алебарду ў свайго праціўніка, дзелавіта падышоў да параненага і абарваў яго пакуты добрым ударам.

— Паехалі, паехалі! — прыспешыў ён князя, які пачаў выціраць жмутком травы запырсканыя крывёю батфорты. — Раптам таварышы гэтых уцекачоў яшчэ вернуцца па нашы галовы з усім сваім разбойніцкім кодлам.

Ускочыўшы на коней, Багуслаў са сваімі людзьмі паімчаў прэч, дарогаю падабраўшы астатнюю кампанію. Калі негасціннае месца засталося далёка ззаду і падарожныя, не баючыся пагоні, пусцілі коней вольным крокам, Радзівіл пад’ехаў да Цадроўскага і паляпаў яго па плячы.

— Малайчына, Ян! — пахваліў ён. — Дзе навучыўся так упраўляцца з нажом?

— Пан Саковіч калісьці паказаў, — сумеўся шляхціц. — Сказаў, што добрага фехтавальшчыка з мяне не будзе, таму павінен заўсёды трымаць нож пры сабе ў патаемным месцы. У дарозе любая бяда здарыцца можа…

— Саковіч? Я і не ведаў, што ты з ім сябруеш!

Багуслаў здзіўлена глядзеў на маладога шляхціца. Той, ведаючы пра сварку патрона з былым прыяцелем, разгублена маўчаў.

— Не звяртай увагі, — нарэшце сказаў князь. — Я прывык, што ўсе мае слугі кідаюцца ад пана Адама, як ад пракажонага… Штосьці ведаеш пра яго?

— Ды адкуль? — Ян вінавата заміргаў вачыма. — Апошні раз лісты з дома я ад пана Аборскага атрымаў, і пра пана падваяводу там не было ні слова…

Радзівіл мімаволі паглядзеў на пана Марціна, і той, ці то пачуўшы пытанне, ці то адчуўшы яго погляд, павярнуўся.

— Саковіч? Ды што з ім зробіцца, — буркнуў ён, таму што таксама не любіў нахабнага любімца князя Крыштафа, да якога, па праўдзе кажучы, цяжка было ставіцца прыязна. — Быў жывы-здаровы, калі я апошні раз з ім бачыўся.

— А мне нічога не перадаваў? — не ўтрымаўся князь, хоць увесь час пераконваў сябе, што дагэтуль злуецца на Адама, і прыняў рашэнне ніколі пра яго не распытваць.

— Загадваў кланяцца вашай княжацкай міласці… Хацеў яшчэ ліст напісаць, але я не меў часу чакаць.

Радзівіл закусіў губу ад прыкрасці.

— Затое ты, пан Аборскі, чакаў цэлых паўгода, каб той паклон мне перадаць, — з’едліва заўважыў ён і, сцебануўшы каня, вырваўся наперад…

х х х

Падарожжа працягвалася. Наведванне Ла-Рашэлі, сталіцы французскага кальвінізму, напоўніла сэрца князя сумам — горад так і не аднавіўся пасля чатырнаццацімесячнай аблогі французскімі каралеўскімі войскамі[137], пасля якой выжыла толькі чвэрць яго жыхароў. Атрымаўшы перамогу, Рышэлье пакінуў гугенотам права вольнага веравызнання, але ўсе грандыёзныя ўмацаванні горада былі знішчаны, пратэстанцкае самакіраванне ліквідавана, а ўлада перайшла да прызначаных каралём чыноўнікаў.

У горадзе Багуслаў нечакана сустрэў Карнэліуса Гларжэ, разам з якім вучыўся ў Утрэхце. Вядома, у часе непрацяглага навучання сяброўства паміж сынам багатага камерсанта і князем Свяшчэннай Рымскай імперыі быць не магло, але тут, у Францыі, князю было прыемна сустрэць знаёмага і пачуць ад яго за сяброўскім абедам свежыя галандскія навіны.

Даведаўшыся, што прынц Аранскі збіраецца зноў пачаць ваенную кампанію супраць Іспанскіх Нідэрландаў, Радзівіл падскочыў ад радасці, але адразу стрымаў сябе, перахапіўшы пільны погляд пана Пуцяты. У думках князь вырашыў вярнуцца ў Галандыю і абавязкова ўзяць удзел у будучай аблозе Антверпена, але збіраўся хаваць гэта ад свайго ўразлівага выхавацеля так доўга, як зможа. Каб пан Самуэль не заўважыў радаснага бляску ў яго вачах, Багуслаў падсунуў да сябе сяброўскі альбом Гларжэ, які той наважыўся даць яму на подпіс, і, памачыўшы пяро, каліграфічна вывеў чарнілам: «Lingva in consilio, valet in certamine dextra»[138].

Стары Гамер, пішучы несмяротную «Іліяду», не ведаў, што яго радкі стануць дэвізам Радзівіла. Гэтаму жыццёваму крэда слаўны духоўны нашчадак хітрамудрага Адысея і адважнага Ахілеса застанецца верным да канца жыцця. Але паколькі гучныя лозунгі трэба пацвярджаць гучнымі справамі, князь скора пачаў настойваць на вяртанні ў Парыж, адкуль планаваў адправіцца ў Галандыю. Пан Пуцята здзівіўся такой спешцы, але спрачацца не стаў, маючы надзею, што адтуль юны князь ужо напэўна адправіцца дадому.

вернуться

137

Гаворка ідзе пра вядомую аблогу Ла-Рашэлі ў 1627–1628 гадах.

вернуться

138

«На нарадзе мае сілу язык, а ў бітве — правая рука». (лац.)