Выбрать главу

— Час брацца за публічныя справы, ваша княжацкая міласць, — павучальна сказаў ён. — Айчыне і нашай царкве, што ўмываецца крывавымі слязьмі ад нападаў папістаў, вы вельмі патрэбныя…

Ужо дабраўшыся да Парыжа і разабраўшы пошту, якую пераправіў яму з Амстэрдама Лукас Ворстарман, Багуслаў пабачыў, што менавіта пра гэта яго просяць і дзядзька Крыштаф з братам Янушам.

— Згаварыліся яны ўсе ці што? — здзіўляўся князь, падазраючы, што тут не абышлося без умяшальніцтва маршалка. — Я яшчэ нават пораху толкам не нюхаў…

Былі і іншыя навіны. Нягледзячы на ўсе абяцанні Рышэлье, Ян Казімір усё яшчэ сядзеў у Сістэроне, але зараз яго трымалі там ужо інтрыгі Марыі Луізы Ганзага, якой удалося падкінуць кардыналу думку аб сваім замужжы з братам польскага караля, каб заняць пасад пасля смерці Уладзіслава. Слабае здароўе польскага караля дазваляла спадзявацца, што доўга чакаць гэтай падзеі не давядзецца. Пра гэта паведаміў князю Бутлер, які працягваў выконваць абавязкі пасярэдніка паміж прынцам і французскім каралеўскім дваром.

Прыйшлося Багуславу яшчэ раз наведаць кардынала Рышэлье, які даў яму аўдыенцыю ў сваім раскошным Пале-Кардынале. Міністр усклаў усю віну за непаразуменне на польскага караля, які яшчэ не даслаў у Францыю абяцанае пасольства. І ўсё ж пасля яго хадайніцтва Рышэлье аддаў загад перавезці зняволенага каралевіча ў Парыж. Багуслаў гэтым і задаволіўся, пераканаўшыся, што большага зрабіць усё адно не зможа.

Цяпер князя ў Францыі ўжо нішто не трымала. Ладна выдаткаваўшы на куплю кніг і карцін і наняўшы для кузэна Януша шаўца і краўца, якія ўмелі шыць адзежу па французскіх узорах, Радзівіл загадаў слугам рыхтавацца да ад’езду. А сам не ўтрымаўся і наведаў рэзідэнцыю Нявер, дзе яго прынялі абедзве прынцэсы Ганзага. Марыя Луіза выглядала шчаслівай і задаволенай. Багуслаў трохі здзівіўся, пачуўшы, што яе так узрадавала навіна аб хуткім прыездзе Яна Казіміра, для якога ўжо пачалі рыхтаваць Венсенскі замак. Замак служыў турмой для мяцежных арыстакратаў, і дзесяць гадоў таму там пажыла і сама мантуанская герцагіня, якой тады захацелася выйсці замуж за Гастона Арлеанскага супраць волі кардынала і каралевы-маці. Гледзячы, як гэтая амбітная жанчына старанна перабірае ўзоры тканін, прынесеныя яе аканомам, Багуслаў зразумеў, што яна не губляе надзеі ажаніць з сабою каралевіча.

Але займацца асабістым шчасцем Яна Казіміра князь не збіраўся: уся яго ўвага належала прынцэсе Ганне. У адрозненні ад сястры, яна выглядала засмучанай, бо яе каханы чалавек так афіцыйна і не пацвердзіў іх шлюб. Затое пасварыўся з Рышэлье, які не жадаў, каб гэты прынц пакінуў духоўную кар’еру.

— Я, зрэшты, не разумею, як арцыбіскуп Рэймскі можа быць вашым мужам, — Багуслаў не ўтрымаўся ад кпінаў. — Гэта дзіўная шлюбная цырымонія нагадала мне жамчужныя каралі, якія былі на мадам Фабер падчас яе апошняга наведвання маркізы Рамбуе: прыгожыя, але фальшывыя…

Бледныя шчокі прынцэсы запалалі злосным румянцам. Сябры ўжо спрабавалі раскрыць ёй вочы на тое, што яе шлюб — поўная фікцыя. Але закаханая жанчына не магла паверыць у падступнасць каханага нават пасля таго, як звярнулася па падтрымку да таго ж рэймскага каноніка, які вянчаў яе з арцыбіскупам.

— Отча, гэта ж праўда, што герцаг Гіз мой муж? — спытала яна ў яго.

Святар задуменна пачухаў танзуру.

— Не ведаю, мадам, — шчыра сказаў ён. — Але абставіны выглядаюць так, што быццам ён сапраўды ваш муж…

Не маючы магчымасці пакараць паскуднага каноніка, Ганна Ганзага выліла свой гнеў на князя.

— Я… я не хачу больш ні бачыць вас, прынц, ні чуць вашага імя! — усклікнула яна і знікла з пакоя, але, на жаль, не з закаханага юнацкага сэрца.

— Нічога, мая непараўнальная прыгажуня, — сумна ўсміхнуўся ёй услед Радзівіл. — Ты пачуеш пра мяне, маё імя, авеянае ваеннай славай, загучыць на ўсю Еўропу!

Раздзел 10

КАРЛ І СЦЮАРТ

Дуўр — Лондан

(жнівень — кастрычнік 1639 года)

У французскі порт Кале Радзівіл і яго почат адправіліся паштовымі карэтамі, бо эканомны пан Пуцята з выгадай прадаў у Парыжы ўсіх коней, мяркуючы, што марыць няшчасных жывёл доўгай дарогай немэтазгодна.

— Ды і небяспечна, — растлумачыў ён князю свой учынак. — Яшчэ невядома, як мы праслізнем праз той пракляты Дзюнкерк[139], каля якога мясцовыя піраты нас ледзь не патапілі па дарозе сюды. І ў Пікардыі таксама неспакойна!

На шчасце, сутыкненні паміж французскімі і габсбургскімі войскамі ў Пікардыі і Артуа на час падарожжа Багуслава спыніліся. Паназіраўшы, як французская армія трыумфальна ўваходзіць у здабыты ёю Эсдэн, князь без усялякіх прыгод працягнуў падарожжа. Падняўшыся ў Кале разам з шумным початам на борт нанятай галандскай шхуны, Багуслаў упэўнена падумаў, што за нейкі тыдзень ужо сыдзе на галандскі бераг. Але добры спадарожны вецер ператварыўся ў шторм. Некалькі дзён князю і яго людзям давялося качацца на хвалях у прасякнутай рыбным пахам каюце на жорсткіх, набітых багавіннем матрацах, стрымліваючы млоснасць, што падступала да горла. Калі шторм пачаў сціхаць, Багуслаў ледзь выпаўз на палубу хапянуць свежага паветра і з найвялікшым здзіўленнем убачыў перад сабой зямлю.

вернуться

139

Дзюнкерк — порт на беразе Ла-Манша, у XVII стагоддзі быў прадметам спрэчкі паміж французамі, англічанамі, іспанцамі і галандцамі, якія імкнуліся ім завалодаць. У часы, апісаныя ў рамане, належаў Іспаніі, якая ператварыла горад у ваенную базу ў вайне супраць Аб’яднаных Правінцый. Тут базаваўся шматлікі пірацкі флот, які меў задачу нападаць на судны варожых Іспаніі краін. Яго падтрымліваў прызначаны ў Мадрыдзе губернатар.