— Перастань! Кажу ж, гэты мілы прынц табе не спатрэбіцца… У яго нават пашпарта няма, каб трапіць у Брусэль і перадаць твой ліст Карлу Латарынгскаму[142]. Сам паскардзіўся, што з-за гэтага прыйшлося дабірацца ў Галандыю морам…
Герцагіня гучным уздыхам прызнала паразу, хоць і працягвала глядзець на Багуслава, як кот на мыш.
А праз некалькі дзён у Лондан прыбыў кароль разам з кавалерамі, якія суправаджалі яго падчас шатландскай кампаніі. Лондан сустракаў яго вялікасць святочнай ілюмінацыяй, якая ўслаўляла перамогу шатландцаў і сімвалізавала пачатак гібелі англійскай манархіі.
Карл І аказаўся невысокім прывабным мужчынам з гордым тварам і дзіўнай сарамлівай усмешкай, якая больш пасавала б яго прыдворным, чым магутнаму ўладару Англіі, Шатландыі і Ірландыі. Ён вінавата паглядзеў на каханую жонку, па якой вельмі сумаваў, і з палёгкай уздыхнуў, заўважыўшы ледзь прыкметную ўсмешку на яе вуснах. Яна, праўда, скора згасла. Напружаную сустрэчу трохі змякчыла непасрэднасць прынцэсы Марыі, што вырвалася з няньчыных рук і кінулася бацьку на шыю, парушыўшы прыдворны цырыманіял.
Багуслаў жа нечакана для сябе ўбачыў у каралеўскай свіце Карла Людвіга Пфальцскага, з якім расчаўся яшчэ перад паездкай у Утрэхт. Асцярожна прапіхнуўшыся праз натоўп прыдворных, Радзівіл дружалюбным штурхалём паведаміў прыяцелю пра сябе. Курфюрст, які тут, у Англіі, лічыўся членам каралеўскай сям’і, суправаджаў венцаноснага дзядзьку ў гэтым злашчасным паходзе. Карл Людвіг азірнуўся, і, убачыўшы князя, якога ніяк не чакаў тут сустрэць, з радасным крыкам «Радзівіл, ты, чорт пабірай?!» згроб таго ў абдымкі.
Пасля халоднай заўвагі цырымоніймайстра, які заклікаў маладых людзей трымацца этыкету, юнакі ўзялі сябе ў рукі і павялі размову шэптам.
— А я, збіраючыся ў Галандыю, спадзяваўся, што мы разам будзем штурмаваць Антверпен або адваюем твае ўладанні ў імперцаў, — расчаравана прашаптаў Багуслаў на вуха прыяцелю.
— Давядзецца табе спадзявацца на сябе, — таксама ўздыхнуў Карл Людвіг. — Я даў маці слова, што не буду раздражняць імператара, пакуль брат Руперт у яго руках. Таму і прыбыў у Англію, каб шпага да ножан не прырасла. Але, здаецца, пралічыўся, бо паміж мяцежнікамі і каралём цяпер мір.
— Ненадоўга, — умяшаўся ў іх размову нейкі прыдворны кавалер. — У каралевы ў вачах д’ябал гуляе, а мяцежнікі, хоць і падпісалі мір, ды зброі не здалі…
Нібы рэхам гэтых слоў з-за зачыненых дзвярэй, за якімі толькі што знікла каралеўская пара, пачуўся гнеўны крык каралевы: «Шарль! Як ты мог распусціць войска?»
Усе дружна засмяяліся. Гаманкі кавалер аказаўся Генры Рынам, графам Голандам, які адразу ж прадставіў князю сваіх уплывовых сяброў — графа Натумберленда, прынца Якава Сцюарта, лорда Мантэгю і іншых. І пакуль усе вырашалі, як бы весялей адсвяткаваць знаёмства, да іх нечакана далучыўся сам кароль, які вельмі хутка пакінуў пакоі каралевы.
— Мантэгю[143], — сказаў ён, кусаючы вусны. — Я вырашыў паслаць у Ірландыю па лорда Вентворта[144]. Кажу вам гэта, каб вы растлумачылі каралеве мэтазгоднасць такога кроку.
Прыдворныя абмяняліся спалоханымі поглядамі: пра нелюбоў яе вялікасці да Томаса Вентворта ўсім было добра вядома. Мантэгю, які карыстаўся поўным даверам Генрыеты, за што і атрымаў гэтае далікатнае даручэнне, пакланіўся каралю і пайшоў выконваць загад.
Калі Карл, панурыўшыся, пайшоў у свае пакоі, нямая цішыня ўзарвалася гучнымі пратэстамі. Грубага, жорсткага і рашучага каралеўскага ўлюбёнца ўвесь двор ціха ненавідзеў услед за каралевай.
— Ну, што я казаў? — Голанд пераможна паглядзеў на Карла Людвіга. — Вайна! Вентворт ужо заліў крывёю Ірландыю, і з шатландцамі таксама цырымоніцца не будзе…
Радзівіл не ведаў англійскай і не разбіраўся ў прыдворных інтрыгах двара, але калі курфюрст патлумачыў яму, што адбываецца, князь з цяжкасцю стрымаў усмешку. Яшчэ да свайго ад’езду з Літвы ён па падказцы дзядзькі выдаў загад, дазволіўшы шатландскім эмігрантам бесперашкодна сяліцца ў сваіх уладаннях. Мяркуючы па пачутым, колькасць яго падданых-замежнікаў хутка павінна значна ўзрасці.
У той жа вечар Багуслаў атрымаў аўдыенцыю ў караля. Хоць Карлу зараз было не да гасцей, Радзівіла ён вітаў як свайго добрага знаёмага і загадаў лонданскаму мэру рыхтаваць у гонар князя баль з танцамі і музыкай.
З гэтага часу знаходжанне ў Англіі ператварылася для Багуслава ў суцэльнае свята. Паляваў з каралём, танцаваў з каралевай, ездзіў з імі ў ваенны лагер, глядзеў велізарную каралеўскую калекцыю кніг, карцін і рымскай скульптуры — адну з найлепшых у Еўропе. Па загадзе яго вялікасці князя прынялі ў ганаровыя члены прэстыжнага таварыства англійскіх юрыстаў. Праўда, Багуслаў спачатку здзівіўся такому сумніўнаму, на яго погляд, гонару і пагадзіўся толькі пасля таго, як яму патлумачылі, што ў Англіі ўсе вартыя мужы лічаць за гонар апекавацца адукацыйнымі ўстановамі або ўзначальваць навуковыя таварыствы. Дый уступіў Багуслаў толькі каб парадаваць свой почат, які, па волі Радзівіла, таксама меў уступіць туды разам з ім.
142
Карл IV (1604–1675) — герцаг Латарынгіі з 1625 года (фактычна — ў 1624–1634, 1641 і 1659–1670 гадах). Яго інтрыгі супраць Францыі і кардынала Рышэлье прывялі да акупацыі Латарынгіі французскімі войскамі і, урэшце, да яе далучэння да французскай кароны ў 1662 годзе.
144
Томас Вентворт, першы граф Страфард (1593–1641) — англійскі дзяржаўны дзеяч, адзін з бліжэйшых дарадцаў караля Карла І.