Выбрать главу

— А прынц Аранскі? — спытаў Радзівіл, чый далёкі ад сантыментаў розум ужо шукаў выйсця з бяды. — Што ён кажа?

— Адмовіўся ўмешвацца ў гэтую справу, абвясціўшы, што сам ён мяне на службу не клікаў. І нават аўдыенцыі не даў…

Багуслаў закусіў губу, таму што бачыў, што ва ўсім вінаваты выбуховы нораў Арцышэўскага, якому той павінен дзякаваць за сваё нешчаслівае, хоць і гераічнае жыццё.

— Аўдыенцыі я магу дабіцца, але штатгальтар табе не дапаможа, — сказаў ён. — Яго апошняя кампанія супраць іспанцаў пацярпела няўдачу, а на новую трэба грошы ў купцоў прасіць. Ты б князю Крыштафу пра сваё няшчасце напісаў і вяртаўся б у Літву. Толькі, напрамілы бог, ні слова яму пра мяне!

Арцышэўскі глыбока ўздыхнуў, успомніўшы ліст, які перад другой бразільскай кампаніяй даслаў польскаму каралю. Там, не саромеючыся ў выразах, ён лаяў манарха за пераслед пратэстантаў.

— Дома мяне ніхто не чакае, і вяртацца туды я не магу, бо задумаў апублікаваць тут свае ўспаміны пра Бразілію, — сказаў ён нарэшце. — А князю-гетману ўжо напісаў… Папрасіў заступіцца перад Генеральнымі Штатамі. Бо тутэйшыя купцы ў Рэчы Паспалітай маюць добрыя інтарэсы, з Гданьска і Караляўца ў Галандыю збожжа вязуць… Апошняя мая надзея на міласцівага князя… Да яго, а не да бога, я малітвы скіроўваю. А калі не апраўдаюцца мае чаканні, я гэтаму праклятаму Насаўчыку пры першай сустрэчы кулю ў лоб пушчу!

Забягаючы наперад, варта сказаць, што разлік экс-віцэ-губернатара быў слушны. Князь Крыштаф не адступіўся ад былога слугі: даслаў галандцам ліст з патрабаваннем расследаваць тую справу і задаволіць інтарэсы Арцышэўскага, калі яны былі парушаныя. Такі ж ліст даслаў Генеральным Штатам па просьбе Радзівіла і каронны гетман Канецпольскі. Справядлівыя патрабаванні такіх уплывовых асоб купцы ігнараваць не маглі: Крыштафа Арцышэўскага аднавілі ва ўсіх воінскіх званнях і выдалі адпаведную плату за службу, з якой ён адразу ж горда звольніўся па ўласным жаданні…[149]

Але ўсё гэта будзе пазней. А пакуль, развітваючыся з Багуславам, засмучаны воін марыў толькі пра жаніцьбу з якой-небудзь паважанай удавой, пра ціхую старасць ва ўтульным галандскім дамку і пра надрукаваную працу ўсяго свайго жыцця. І дзіва: але амаль усім гэтым марам такі наканавана было спраўдзіцца!

Багуслаў вярнуўся ў Гаагу, дзе слугі ўжо збіліся з ног, шукаючы яго. Убачыўшы князя жывым і здаровым, пан Аборскі, які, у адрозненне ад Пуцяты, быў моцнага характару, нечакана заліўся слязьмі, да якіх хутка далучыліся і жальбы Невяроўскага ды Ворстармана.

— Ну што вы плачаце, як па нябожчыку, — прымірэнча сказаў Радзівіл, таму што ўсё ж адчуваў сваю віну. — Былі ў мяне некаторыя справы ў Амстэрдаме…

х х х

Вясёлае жыццё Багуслава на гэтым не спынілася, хоць цяпер князь амаль увесь вольны час прысвячаў рыцарскім забавам: прынц Аранскі з надыходам цяпла збіраўся зноў у паход. Аднойчы Радзівіл вярнуўся дадому ў цудоўным настроі і адразу ж патлумачыў Невяроўскаму прычыну:

— Штатгальтар прапануе мне ачоліць рэйтарскі полк, які застаўся без камандзіра пасля смерці дзю Мэя!

— Мае віншаванні, мансеньёр палкоўнік, — выцягнуўся юнак. — Ці знойдзецца ў палку вашай светласці пасада ротмістра?

— Вольна, пане ротмістр, — засмяяўся князь. — Зберажыце свае добрыя манеры для парадаў… Ці нехта забіраў сёння пошту?

— Зараз даведаюся…

Ян пайшоў распытваць пана Аборскага, а Багуслаў расшпіліў залаты шэраг гузікаў на камзоле, расслабіў завязкі на кашулі і, загадаўшы слугу накрываць на стол, у чаканні абеду праглядаў запісы ў падліковай кнізе, выведзеныя рукой пана Марціна. Заміргаў, убачыўшы, што яго пазыкі перасягнулі мяжу ў дзесяць тысяч гульдэнаў (гэтую лічбу пан Аборскі змясціў у падвойную жалобную рамку) і, злосна закрыўшы кнігу, павярнуўся да Невяроўскага, які прынёс ліст і працягнуў яго князю.

— Ад Яна Казіміра? — перапытаў Радзівіл, пазнаўшы пячатку. — І зноў з Венсана! А я спадзяваўся, што небараку ўжо вызвалілі.

Пачаў чытаць ліст, а скончыўшы, вылаяўся ад прыкрасці:

— Чорт ведае што! Здаецца, само неба вырашыла перашкодзіць маёй вайсковай кар’еры! Польскі пасол Гасеўскі нарэшце прыбыў у Парыж, і каралевіч зноў моліць мяне як мага хутчэй ехаць у Францыю і дапамагаць пану Крыштафу выцягваць яго з французскай турмы!

Дзякуючы намаганням пана Аборскага, які змог выпрасіць крэдыт у амстэрдамскіх банкіраў і пагасіць частку тэрміновых даўгоў, праз тыдзень змаглі адправіцца ў дарогу. Як паведамілі Багуславу галандскія сябры, у Ратэрдаме, чакаючы спадарожнага ветру, стаяла невялікая французская гандлёвая флатылія. Калі Радзівіл прыбыў у порт, сем цяжкіх флейтаў[150], чатыры пінасы[151], лёгкія міжземнаморскія фелукі[152] і ваенны фрэгат «Буравеснік» ужо былі гатовыя сарвацца з якараў. Але карабельныя трумы былі дашчэнту набітыя збожжам, таму падарожнікам не было чаго і думаць пра тое, каб размясціцца на адным судне. У рэшце рэшт, Багуслаў з Янам Невяроўскім узышлі на борт «Буравесніка», а пан Аборскі з Варстэрманам, рэчамі і астатнім лопатам паплылі на лёгкай фелуцы «Сярэбраная страла».

вернуться

149

Прынц Морыц Насаў-Зіген (1604–1679) таксама доўга не пратрымаўся ва ўладзе — ужо ў красавіку 1642 года пасля шэрагу ваенных няўдач яго адклікалі ў Галандыю, а ў 1662 годзе пасля доўгай і знясільваючай барацьбы з партугальцамі Галандыя канчаткова страціла Бразілію.

вернуться

150

Галандскі флейт — марское паруснае транспартнае судна Нідэрландаў XVI–XVIII стагоддзяў.

вернуться

151

Пінас — паруснае трохмачтавае, пераважна гандлёвае судна (XVI–XVIII стагоддзі).

вернуться

152

Фелука — невялікае судна пад касымі ветразямі, самай вялікай перавагай якога была хуткаходнасць і манеўранасць.